17 студзеня 2025 года ў гарадскім доме культуры адбылася цырымонія ўручэння раённай маладзёжнай прэміі "Прызнанне". Сёлета важная падзея прайшла ў рамках патрыятычнага марафону "Час тваіх магчымасцей", які аб'яднаў актыўную і таленавітую моладзь з усёй Віцебскай вобласці.
Прыемна ўсведамляць, што на думку моладзі нашага раёна, лепшым маладзёжным праектам стала "Ноч музеяў - 2024". Гэтае мерапрыемства настолькі запомнілася і спадабалася яго ўдзельнікам, што ў намінацыі “Маладзёжны праект года” было аб'яўлена лепшым.
18 мая ўсе музеі свету (і наш музей не выключэнне) імкнуцца максімальна прыцягнуць да сябе ўвагу. У гэты дзень яны прыдумляюць і праводзяць разнапланавыя мерапрыемствы. Прычым не толькі ў працоўны для ўстановы час, але і значна пазней. Для нас стала ўжо добрай традыцыяй правядзенне музейнай ночы, падчас якой наведвальнікі ўдзельнічаюць у розных конкурсах, віктарынах і квэстах, па-новаму знаёмяцца з пастаяннай экспазіцыяй, атрымліваюць асалоду ад непаўторнага смаку народных страў і разнастайных напояў, ці, проста, спрабуюць разгадаць яшчэ адну музейную таямніцу. Прыемна, што гэты музейны праект прыцягвае да сябе і моладзь Глыбоччыны, якая з вялікім энтузіязмам прымае ўдзел у мерапрыемстве. Ну а тое, што яно па-сапраўднаму падабаецца юнакам і дзяўчатам, можна ўбачыць на шчаслівых тварах яго ўдзельнікаў.
(17 студзеня 2025 года)
Кожную трэцюю сераду студзеня музеі ўсяго свету праводзяць Міжнародны дзень музейнага сэлфі. Лічыцца, што акцыю некалькі гадоў таму запусціла жыхарка Вялікабрытаніі Мар Дыксан, якая вядзе папулярны сайт пра музеі і мастацтва. У 2014 годзе яна разам з дачкой здзейсніла марафонскі забег па музеях і выклала ўсе месцы наведвання ў сетку. З таго часу праект набыў міжнародны маштаб, і да акцыі далучаецца ўсё больш удзельнікаў з усяго свету. Ідэя простая - мінімальнымі намаганнямі папулярызаваць музеі і гістарычную спадчыну.
У 2025 годзе акцыя прыпадае на 15 студзеня. У гэты дзень кожны жадаючы можа наведаць музей і зрабіць сэлфі з любімым экспанатам ці на фоне цікавай экспазіцыі. Запрашаем Вас далучыцца да флэшмобу і прыйсці ў гэты дзень у наш музей! А, пакідаючы яго, не забудзьцеся пакінуць вашы крэатыўныя фота. Бо ўжо вечарам гэтага дня лепшыя сэлфі будуць апублікаваны ў музейных сацсетках.
(15 студзеня 2025 года)
Мабыць, за тое, што навагодняя пара акружае нас масай станоўчых эмоцый, дорыць адчуванне цуду, аб'ядноўвае сем'і за святочным сталом, а таксама падносіць нам падарункі.
На працягу двух апошніх тыдняў наш музей шчодра дорыць наведвальнікам станоўчыя эмоцыі і магчымасць дакрануцца да маленькага цуду дзякуючы таленту і майстэрству заслужанага артыста Мікалая Чалнакова. Яго навагодні музычны спектакль «ЧудЁлка» ужо паспеў пакарыць многіх юных (і не толькі) жыхароў нашага горада. А невялікі салодкі падарунак у канцы кожнага выступлення дазваляе яшчэ больш адчуць навагоднюю атмасферу свята.
Не забыўся вясёлы клоун Нікаля і пра навагодні падарунак для ўсіх жыхароў Глыбоччыны. Вярнуўшыся ў чарговы раз з Масквы, ён прывёз для нашага музея кнігу «Ёжик в тумане» з даравальным надпісам савецкага рэжысёра і мастака-мультыплікатара Юрыя Нарштэйна - стваральніка знакамітага аднайменнага мультфільма. Успомніць гэты шэдэўр савецкай мультыплікацыі мы прапануем і вам. Лёс гэтага мультфільма склаўся вельмі шчасліва. Напэўна, у свеце больш няма мультыплікацыйнай стужкі, якая была б адзначана такой колькасцю прэстыжных міжнародных узнагарод. І нават мэтр японскай мультыплікацыі Хаяо Міядзякі прызнаваўся, што «Ёжик в тумане» з'яўляецца яго самым любімым мультфільмам, а Юры Нарштэйн — выдатны мастак.
Мы дзякуем Юрыю Барысавічу за гэты цудоўны падарунак, які папоўніць фонды нашага музея, і жадаем яму яшчэ многіх гадоў плённай працы.
(31 снежня 2024 года)
19 снежня 2024 года на базе Бягомльскага музея народнай славы адбыліся IV партызанскія чытанні, прысвечаныя 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У чытаннях прынялі ўдзел школьнікі з Докшыцкага, Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў. Былі раскрыты тэмы станаўлення і развіцця партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, гаварылі аб генацыдзе беларускага народа. Прэзентацыйныя матэрыялы ўдзельнікаў чытання адрозніваліся максімальнай інфармацыйнай насычанасцю і эмацыянальнасцю. У рамках чытанняў адбыўся абмен думкамі, дыялог пакаленняў і намечаны далейшыя перспектывы ўзаемадзеяння ўстаноў культуры, адукацыі і навукова-даследчых арганізацый.
Навуковы супрацоўнік нашага музея Уладзімір Анатольевіч Мірончык прэзентаваў прысутным навукова-даследчую працу "Шарагі: вёска з лёсам Шунеўкі" аб знішчэнні нацыстамі мірных жыхароў Глыбоцкага раёна вясной 1944 года.
Удзельнікі чытанняў былі адзначаны падзячнымі пісьмамі і памятнымі падарункамі.
(20 снежня 2024 года)



13 снежня 2024 года ў музеі прайшла дыялогавая пляцоўка "Без права на забыццё", прысвечаная Міжнароднаму дню памяці ахвяр злачынства генацыду.
У працы дыялогавай пляцоўкі, мадэратарам якой выступіла дырэктар музея Алена Мікалаеўна Мядзелец, прынялі ўдзел пракурор Глыбоцкага раёна Валерый Міхайлавіч Дайлідзёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Фёдараўна Карніловіч, музейныя і архіўныя работнікі, моладзь Глыбоччыны, прадстаўнікі працоўных калектываў устаноў і прадпрыемстваў горада.
Падчас дыялогу абмяркоўваліся актуальныя пытанні захавання гістарычнай праўды аб гераізме нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечванні памяці ахвяр нацызму, агучваліся вынікі расследавання крымінальнай справы па факту генацыду беларускага народа, навуковымі супрацоўнікамі Уладзімірам Мірончыкам і Аляксандрам Хайноўскім прадстаўлены гістарычныя даклады .
Працягам работы дыялогавай пляцоўкі стала ўрачыстае адкрыццё помніка і ўстаноўка "Лічбавай зоркі" на месцы пахавання савецкіх салдат, якія загінулі летам 1941 года ў вёсцы Забор'е.
(13 снежня 2024 года)



У старажытным Полацку 8 лістапада прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2024". Лепшых хлебаробаў вобласці ўшаноўвалі за поспехі ва ўборачнай кампаніі гэтага года.
Супрацоўнікі нашага музея прынялі актыўны ўдзел у афармленні выставачнага павільёна Глыбоцкага раёна, выставіўшы на агляд гасцей свята арыгінальныя музейныя прадметы стагадовай даўніны. Прадметы, якія выкарыстоўвалі нашы продкі падчас вясновай сяўбы, збору ўраджаю і яго малацьбы, захоўвання збожжа і яго памолу, і, вядома ж, у замешванні цеста і выпяканні ХЛЕБА. Таго жытняга хлеба, тэхналогію выпечкі якога вось ужо больш за дзвесце гадоў беражліва захоўваюць глыбачане і перадаюць з пакалення ў пакаленне.
Наведвальнікі тэматычнай пляцоўкі нашага раёна змаглі ў гэты дзень не толькі даведацца пра старажытны рэцэпт выпякання жытняга хлеба, але і ацаніць яго смакавыя якасці. Асабліва спадабаўся гасцям свята забыты ласунак дзетвары часоў СССР - хлеб з маслам, пасыпаныя цукрам. Тым больш, што на стале глыбоцкага падворка побач з хлебам знаходзіўся не проста кавалак масла, а цэлы масляны баран.
Менавіта жытні хлеб і масляны баран, традыцыйныя тэхналогіі прыгатавання якіх з'яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай нашай дзяржавы, беражліва захоўваюцца на Глыбоччыне.
(9 лістапада 2024 года)



Філатэлістычная калекцыя музея папоўнілася днямі новымі прадметамі. Наш даўні сябар Віталь Воранаў даслаў унікальную калекцыю паштовых марак, якія дэманструюць старажытны беларускі музыкальны інструмент – дуду. Надрукаваныя за межамі Беларусі, яны прэзентуюць нашу краіну, нашу самабытнасць і культуру. Магчымасць іх неабмежаванага выкарыстання для любога віду паштовых адпраўленняў – гэта своеасаблівая візітная картка нашай краіны, а значыць, і Глыбоцкага краю.
Падрабязней пазнаёміцца з гісторыяй дадзенага музычнага інструмента вы можаце тут.
28 верасня 2024 года ў г.п. Бешанковічы адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі - 2024".
Сярод шматлікіх святочных мерапрыемстваў і тэматычных лакацый сваю пляцоўку прэзентаваў і наш музей. Увазе гасцей і жыхароў пасёлка была прадстаўлена этнаграфічная выстава-віктарына "Сакрэты старога куфра", на якой любы жадаючы мог убачыць унікальныя прадметы сялянскага побыту стогадовай даўніны з фондаў нашага музея. Знаёмства з музейнымі прадметамі праходзіла ў займальна-гульнявой форме, што і прыцягвала мясцовых жыхароў і гасцей свята да выставачнай пляцоўкі нашага музея.
Акрамя знаёмства з выставай, удзельнікі свята змаглі здзейсніць віртуальнае падарожжа па вішнёвай сталіцы Беларусі, праверыць сваю назіральнасць у забаўляльнай гульні "Мемо", згуляць у бяспройгрышную латарэю і пачуць мелодыі старажытнага грамафона.
Па выніках удзелу ў абласным фестывалі, за высокі прафесіяналізм, вялізны талент, энтузіязм і адданасць сваёй справе наш музей адзначаны Падзякай старшыні Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта.
(29 верасня 2024 года)



У Дзень народнага адзінства на плошчы 17 верасня ў горадзе Глыбокае прайшла патрыятычная акцыя "Будзем жыць у адзінстве дружным!". Падчас урачыстага мерапрыемства была створана і перададзена на пастаяннае захоўванне ў наш музей маляванка народнага майстра Беларусі Святланы Скавырка. Маляваныя дываны на тканіне з'яўляюцца яркім прыкладам самабытнай беларускай народнай творчасці, а традыцыйнае мастацтва іх стварэння на Віцебшчыне ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Створаная ў атмасферы свята маляванка з'яўляецца яркім прыкладам яднання народа Беларусі ў імкненні да міру і незалежнасці. Яна ў поўнай меры перадае дух сучаснага свята, захоўваючы пры гэтым глыбокія культурныя карані нашага народа. У бліжэйшай час гэты прадмет папоўніць экспазіцыю музея, прысвечаную сучаснай гісторыі нашай краіны.
(18 верасня 2024 года)

На днях у музей звярнулася жыхарка горада Нара-Фамінска Маскоўскай вобласці Людміла Іванаўна Байкова. Яна прапанавала музею асабістыя рэчы сваіх сваякоў, якія доўгі час жылі і працавалі на Глыбоччыне. Як высветлілася пасля - гэта рэчы, што належалі сям'і Клімянок, якая нямала зрабіла для нашага рэгіёну. Ніна Мікалаеўна працавала дырэктарам Глыбоцкага хлебазавода, а яе муж Пётр Паўлавіч узначальваў планава-фінансавы аддзел упраўлення сельскай гаспадаркі Глыбоцкага райвыканкама.
Акрамя асабістых фатаграфій і ўзнагарод заслужаных людзей, фонды музея папоўніліся рарытэтнымі прадметамі побыту савецкай эпохі: фарфоравыя статуэткі, механічная брытва са спружынным заводам, старадаўні барометр, цэлая калекцыя патэфонных пласцінак, тэатральны бінокль, стэрэаскоп (продак сучасных VR-акуляраў) і многае іншае.
Мы шчыра дзякуем Людміле Іванаўне за такі каштоўны падарунак!
(13 жніўня 2024 года)





















