Музейшчыкі не маглі абысці ўвагай такое значнае для многіх грамадзян нашай краіны свята як Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Да гэтай памятнай даты супрацоўнікі музея падрыхтавалі выставу макетаў стралковай зброі "Батальёны просяць агню", з якой ужо пачалі работу ў гарадскіх і сельскіх школах нашага раёна.
Выстава знаёміць дзяцей з легендарнай зброяй ХХ стагоддзя. Вінтоўка Мосіна, рэвальвер Нагана, пісталет ТТ, пісталет-кулямёт Шпагіна (ППШ) і многія іншыя шэдэўры ваеннай інжынерна-канструктарскай думкі прадстаўлены на гэтай выставе. Прычым, дзеці не толькі знаёмяцца з экспанатамі выставы, але і слухаюць аповед пра тое, як гэтай зброяй абаранялі сваю краіну іх дзяды і прадзеды.
(23 лютага 2024 года)
29 студзеня 2024 года адбылася міжнародная відэаканферэнцыя, прысвечаная Дню памяці ахвяр Халакосту. У канферэнцыі прынялі ўдзел супрацоўнікі нашага музея і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. Успамінамі пра падзеі часоў Другой сусветнай вайны, па сродках відэасувязі, падзяліўся ўдзельнік тых падзей. Затым адбылася адкрытая дыскусія па тэме прадухілення генацыду і ксенафобіі, захавання гістарычнай памяці.
(29 студзеня 2024 года)
Гліняны посуд, аплецены бяростай, стаў 24-м элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці, уключаным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Аплецены посуд знаходзілі вучаныя падчас правядзення археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Захаваліся шматлікія пісьмовыя крыніцы аб выкарыстанні тэхналогіі апляцення бяростай ганчарнага посуду. Вядомы беларускі этнограф Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя апісваў традыцыі апляцення глінянага посуду, якія бытавалі на нашых землях з даўніх часоў. У фондах многіх музеяў Віцебшчыны захоўваюцца керамічныя вырабы з берасцяной аплёткай, якія адлюстроўваюць даўнія рэгіянальныя традыцыі выключна ўтылітарнага характару.
Сёння старажытныя традыцыі гэтай тэхналогіі адраджаюць майстры сямі раёнаў вобласці: Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага. Носьбітам і даследчыкам дадзенай тэхналогіі ў нашым рэгіёне з'яўляецца ганчар Арцём Фамін.
(20 студзеня 2024 года)

Снежань 1942-га - асаблівая дата ў гісторыі Бягомля. Тады партызаны выбілі фашыстаў з пасёлка і ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі. Партызанская зона ў тыле ворага дзейнічала аж да вызвалення Беларусі войскамі Чырвонай арміі - гэты ўнікальны факт апісаны ў многіх гістарычных публікацыях. У архіўных і музейных фондах захаваліся шматлікія дакументы, фатаграфіі, кадры ваеннай кінахронікі, якія расказваюць пра падзеі тых далёкіх гадоў, пра герояў партызанскага руху.
20 снежня 2023 года нашчадкі вялікага подзвігу адважных партызан сабраліся ў Бягомльскім музеі народнай славы на чарговыя - Трэція дзіцячыя партызанскія чытанні, каб яшчэ раз успомніць аб гераічных падзеях мінулых гадоў. Навучэнцамі і настаўнікамі школ Докшыцкага і Ушацкага раёнаў былі падрыхтаваны і агучаны даклады, прысвечаныя падзеям партызанскага руху, ушанаванню памяці партызан-герояў. Актыўны ўдзел у чытаннях прынялі і супрацоўнікі нашага музея. У ходзе работы і абмеркавання выступленняў юных краязнаўцаў, музейшчыкі з Глыбокага пазналі шмат новага ў арганізацыі і правядзенні падобных мерапрыемстваў, абмяняліся сваімі напрацоўкамі ў вывучэнні тэмы Вялікай Айчыннай вайны.
Трэба адзначыць, што правядзенне такіх мерапрыемстваў максімальна садзейнічае справе вывучэння і захавання гістарычнага мінулага нашай краіны, ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і фарміраванню дастойнага грамадзяніна сваёй дзяржавы.
(20 снежня 2023 года)




Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў ХХI Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу "Пазнай Беларусь", арганізаванага кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага агенцтва па турызме, адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 15 снежня 2023 года. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса, устаноў культуры, адукацыі і навукі, СМІ і грамадскіх арганізацый. У гэтым годзе пераможцаў вызначылі ў 13 намінацыях, сярод якіх "Экскурсавод года", "Турыстычная кампанія года", "Санаторый года", "Аграэкасядзіба года" і інш.
Прыемна адзначыць, што супрацоўнік нашага музея Ігар Фёдараў узнагароджаны граматай удзельніка конкурсу ў намінацыі "Экскурсавод года".
(15 снежня 2023 года)



14 снежня 2023 года ў актавай зале раённай бібліятэкі адбыўся круглы стол “Гістарычны шлях Савецкай Беларусі”, прысвечаны 105 гадавіне з дня ўтварэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і гісторыка-этнаграфічны музей.
Праграма круглага стала была надзвычай насычаная! Удзельнікі абмеркавалі ролю ССРБ у гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці, паглядзелі фрагмент дакументальнага фільма, які расказвае пра Глыбоцкі МКК, пазнаёміліся з экспанатамі музея Паўла Сухога і кніжнай выставай аб савецкім мінулым Беларусі, праслухалі шэраг дакладаў па гісторыі, сыгралі ў інтэрактыўную гульню «Больш? Менш? Роўна?».
Вынікам мерапрыемства стала разуменне перадумоў стварэння сучаснай незалежнай Рэспублікі Беларусь, важнасці пераемнасці пакаленняў для захавання гістарычнай памяці народа.
(14 снежня 2023 года)



Кожны год 9 снежня адзначаецца прыняцце Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго - найважнейшага міжнароднага дакумента, прынятага пры стварэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і які непасрэдна папярэднічаў прыняццю Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі A/RES/69/323 ад 29 верасня 2015 года гэты дзень стаў таксама Міжнародным днём памяці ахвяраў злачынства генацыду, ушаноўвання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.
У 75-ю гадавіну прыняцця Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду адбылося выязное пасяджэнне Маладзёжнай палаты Глыбоцкага раёна на базе Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. З прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Міхайлаўна Цяліца, якая падкрэсліла важнасць захавання гістарычнай памяці ў нашай краіне і недапушчальнасці паўтарэння страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі пасяджэння агледзелі экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа, праслухалі відэалекторый "Напісана вайной!", падрыхтаваны супрацоўнікамі музея, абмяняліся ўражаннямі.
(9 снежня 2023 года)



Тэматычная гасцёўня «Архіважна: гісторыя Глыбоччыны ў асобах» прайшла 27 лістапада 2023 года ў Дзяржаўным занальным архіве г. Глыбокае. У мерапрыемстве, падчас якога прагучалі выступленні аб выдатных асобах Глыбоцкага краю, прыняў удзел і навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. Ён расказаў прысутным аб унікальным культурным аб'екце горада Глыбокае - скверы знакамітых землякоў, закрануўшы неардынарныя факты з біяграфій выдатных асоб, ураджэнцаў Глыбоччыны.
(27 лістапада 2023 года)
Наш музей прыняў актыўны ўдзел у рэалізацыі ініцыятывы “Свет з цікавасцю адкрываецца…” валанцёрскай групы “Дабрыня” Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. 3 лістапада 2023 года навуковы супрацоўнік музея разам з валанцёрамі адправіліся да інваліда-калясачніка з мэтай арганізаваць і правесці экскурсію, паказаць гістарычныя і культурныя славутасці нашага горада. А дапамагчы здзейсніць такое займальнае падарожжа чалавеку з парушэннем апорна-рухальнага апарата дапамаглі сучасныя тэхналогіі - акуляры віртуальнай рэальнасці. Падчас віртуальнага падарожжа жанчына дзялілася з гасцямі сваімі ўспамінамі аб родным горадзе, расказвала пра сябе і сваю працоўную дзейнасць. Прыемна адзначыць, што такія сустрэчы даюць магчымасць людзям з абмежаванымі магчымасцямі не заставацца са сваімі праблемамі сам-насам, знаходзячыся ў ізаляванай прасторы, а дазваляюць ім адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі.
(4 лістапада 2023 года)



Святочнае мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю УЛКСМ, прайшло ў гарадскім Доме культуры. Актыўны ўдзел у святкаванні прыняў і наш музей. Спецыяльна да гэтага дня супрацоўнікі музея падрыхтавалі тэматычную выставу "Камсамол: летапіс мужнасці і славы", размясціўшы яе ў фае Дома культуры. Музейныя прадметы нагадалі ветэранам камсамольскага руху пра тую, савецкую, эпоху, напоўніўшы іх сэрцы прыемнымі ўспамінамі пра сумесныя мерапрыемствы, сяброўства і ўзаемавыручку, светлае і бесклапотнае юнацтва, пра вялікія і малыя справы і падзеі, многія з якіх сталі здабыткам гісторыі. І гэта не проста ўспаміны, не проста настальгія па былой маладосці. Гэта вельмі важныя старонкі гісторыі камсамольскага братэрства, якія дапамагаюць узнавіць тое, чым жыла моладзь некалькі дзесяцігоддзяў таму, тое, што натхняе нас і надае нам сілы сёння.
З вялікай цікавасцю знаёміліся з выставай і прадстаўнікі сучаснай моладзі. Яны не проста разглядалі рарытэтныя прадметы, але і слухалі расказ пра тую легендарную эпоху.
(29 кастрычніка 2023 года)























