Ноч музеяў 2026 (пралог)
Незвычайным пралогам пачалася "Ноч музеяў 2026" у Глыбокім. У гэты пагодлівы майскі вечар запрошаныя госці традыцыйнага мерапрыемства, прымеркаванага да Міжнароднага дня музеяў, выступілі ў якасці прысяжных засядацеляў на «Судзе гісторыі». Да адказу перад судом гісторыі былі запрошаны вядомыя глыбачанам персанажы - Ігнат Буйніцкі, брат Дзмітрый з ордэна кармелітаў босых, барон Мюнхгаўзен. Іх ролі ў гэты вечар выканалі навуковыя супрацоўнікі музея. Каб даказаць невінаватасць галоўных дзеючых асоб, гледачы павінны былі паўдзельнічаць у розных інтэрактывах (адгадаць па гучанні музычны інструмент, прадоўжыць расказ баек пра прыгоды Мюнхгаўзена, злавіць «гарматнае ядро» і адказаць на «пытанні з зорачкай»).
Сапраўдным упрыгожаннем мерапрыемства стала выступленне народнага тэатра фальклору "Цярэшка", удзельнікі якога сваім выступленнем падтрымалі ў зале суда дзядзьку Ігната. Гучанне традыцыйных музычных інструментаў, народныя песні і танцы надалі асаблівы каларыт музейнаму мерапрыемству. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу гледачоў, "суд гісторыі" вынес правільны прысуд і ўсе кропкі над "і" былі расстаўленыя. Працягнулася "музейная ноч" працай розных тэматычных лакацый, дзіцячых пляцовак, гульняў і віктарын, дзе кожны мог выбраць сабе забаву па душы.
(18 мая 2026 года)
























