Паштоўка "Глыбокае - пры возеры"
Яшчэ адзін адкрыты ліст часоў Першай сусветнай вайны з відам на праваслаўны храм у Глыбокім папоўніў музейную калекцыю.
Надрукавана паштоўка ў выдавецтве «Веннинг», на тэрыторыі Цюрынгіі. Па сваім афармленні, якасці паперы і нанесеных надпісах паштоўка вельмі падобная на экзэмпляр, аб якім ужо гаварылася раней. А, магчыма, гэтыя паштовыя карткі былі надрукаваны адначасова і з'яўляюцца серыйнымі. Акрамя выявы праваслаўнага сабора і будынка былога кляштара, на паштоўцы, надрукаванай больш за сто гадоў таму, добра праглядаецца драўляная забудова мястэчка пачатку ХХ стагоддзя. Фотаздымак для паштовай карткі зроблены з боку возера, ды і назва яе: "Глыбокае - пры возеры". Нажаль, гэты экзэмпляр не быў запоўнены і адпраўлены па пошце, а таму дадатковай інфармацыі не мае. Хутчэй за ўсё паштоўка была набытая і змешчаная ў альбом, як прыгожы відарыс невялікага беларускага мястэчка.




















