"Традыцыі і культура Японіі"
Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам падрыхтавала жыхарам і гасцям нашага горада падарунак - выставу "Традыцыі і культура Японіі", якая знаёміць з рознымі аспектамі традыцыйнай японскай культуры.
Выстаўка прадстаўлена экспанатамі, якія былі выраблены ў Японіі і наглядна дэманструюць светапогляд і лад жыцця японцаў: макеты архітэктурных помнікаў, узоры страў японскай кухні, японскія лялькі, кімано, макеты традыцыйнага хатняга начыння і многае іншае.
18 ліпеня, у першы дзень Вішнёвага фестывалю адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, дзе супрацоўнікі музея расказалі аб культуры і традыцыях Японіі. Мерапрыемства прыцягнула мноства наведвальнікаў, якія пажадалі дакрануцца да загадкавага свету Краіны ўзыходзячага сонца.
Завяршылася адкрыццё выставы майстар-класам па каліграфіі і арыгамі. Наведвальнікі з цікавасцю вывучалі складаныя іерогліфы і спрабавалі стварыць папяровага жураўліка.
Выстава будзе працаваць да 14 верасня. Не прапусціце магчымасць пазнаёміцца з гэтым займальным праектам.
























