Вопросы IV тура квиз-марафона «О той земле, где родился ты»
1. Будаўніцтва ў 1894 – 1897 гадах чыгункі са Свянцян у Глыбокае мела велізарнае значэнне для эканамічнага развіцця нашага горада. Назавіце імя інжынера-вынаходніка, які быў ініцыятарам яе пракладкі.
2. У багатай на падзеі біяграфіі гэтага вядомага ўраджэнца Глыбоччыны ёсць і такі цікавы факт: у лютым 1913 года яму пашанцавала выканаць ролю Сцяпана Крыніцкага ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”. Хто з нашых землякоў маецца на ўвазе?
3. Вызначыце архітэктурны помнік Глыбоцкага раёна па наступнаму апісанню: “Трохнефавы храм з пяціграннай алтарнай часткай. Галоўны фасад фланкіраваны двух’яруснымі вежамі. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі.”
4. У 1977 і 1983 гадах яго плённая праца была адзначана бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, прычым, адзін з медалёў звязаны з дзецішчам гэтага чалавека, якое ў наш час мае рэспубліканскі статус. Пра каго з жыхароў Глыбоччыны ідзе гаворка?
5. На Глыбоччыне вы можаце ўбачыць яго ў раённым цэнтры, а таксама ў вёсках Задарожжа, Мосар, Празарокі і Удзела, прычым задарожскі і мосарскі нашмат старэйшыя за астатнія. Да таго ж, яны абодва звязаны з адным і тым жа чалавекам, у чым лёгка ўпэўніцца ўважліва іх разгледзеўшы. Укажыце, што маецца на ўвазе ў пытанні. Дадатковы бал вы атрымаеце, калі знойдзеце імя гэтага чалавека.
6.У адным з нумароў газеты “Наша Ніва” за 1913 год змешчаны верш, які пачынаецца наступнымі радкамі:
“Грай, дудар, чаго ты змоўчаў?
Мо жалееш ты грудзей,
Або песні свае скончыў,
Ты, над-Дзьвінскі салавей?”
Адкажыце, каму з нашых землякоў належыць згаданы твор?
7. Асвячэнне гэтага храма, якое адбылося 31 мая 1909 года, стала даволі важнай падзеяй на Дзісеншчыне. Акрамя павятовых улад на ўрачыстасці прысутнічаў віленскі губернатар, а само асвячэнне вёў архіепіскап Літоўскі і Віленскі Нікандр. Але не менш цікавым з’яўляецца той факт, што ўзвядзенне храма адбылося пры дапамозе і дзейснай падтрымцы аднаго з мясцовых памешчыкаў. Назавіце імя гэтага землеўласніка.
8. 10 жніўня 1763 года ў кляштары кармелітаў босых у Глыбокім адбылася падзея, якая патрапіла ў хронікі многіх каталіцкіх манастыроў Вялікага княства Літоўскага. Сведкі таго здарэння не змаглі знайсці яму рацыянальнага тлумачэння, не існуе яго і зараз. Максімальна падрабязна апішыце гэту незвычайную з’яву.
9. Сучаснікам ён быў вядомы як сапраўдны кавалер, які любіў прыгожых жанчын і адорваў іх дарагімі падарункамі. Распавядаюць, аднак, што па-сапраўднаму закахаўся, відаць, толькі ў адну – дачку сваёй цёткі графіні Піўніцкай. Але дзяўчыне на той момант было толькі 16 гадоў, і яе бацькі былі не ў захапленні ад такога шлюбнага саюзу. У выніку, гэты наш зямляк так ніколі і не ажаніўся. Укажыце яго імя.
10. Шчаслівы шлюб гэтых людзей, у якім нарадзіліся дачка Марыя і сын Пётр, доўжыўся толькі чатыры гады, але меў для Глыбокага заўважныя наступствы. Назавіце імёны мужа і жонкі, пра якіх ідзе гаворка, а таксама растлумачце сутнасць згаданых у пытанні наступстваў.
11. Цяжка вызначыць дакладны час, калі гэтыя пачвары з’явіліся ў Глыбокім: прынамсі, тут можна іх знайсці ўжо не першае стагоддзе. Па аднаму з меркаванняў, іх знешні выгляд сведчыць пра бязмежную моц Бога, які можа абясшкодзіць самае жудаснае стварэнне. Хоць у Чырвоную кнігу яны і не ўнесены, але, тым не менш, зараз знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Мы не просім вас паведаміць іх назву, дастаткова, каб вы максімальна дакладна ўказалі іх глыбоцкае месца “жыхарства”.
12. Гэты цікавы архітэктурны помнік быў узведзены ў 1748 годзе, прычым сродкі на яго будаўніцтва былі выдаткаваны каталіцкім манаскім ордэнам кармелітаў босых. Да нашага часу храм дайшоў не ў першапачатковым выглядзе, але гэта не прыніжае яго гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Які будынак маецца на ўвазе?
13. На пасяджэнні выканкама Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных у красавіку 1962 года было вырашана выдзеліць на патрэбы стварэння дадзенага аб’екта зямельны ўчастак памерам у 22,3 гектары. У тым ліку, з зямель калгаса “Парыжская камуна” планавалася перадаць 10,6 га, а з зямель Глыбоцкага птушкакамбіната – 2,7 га. Акрамя таго, была вызначана неабходнасць ссялення са згаданай тэрыторыі трох хутарскіх гаспадарак. Стварэнню якога аб’екта было прысвечана гэта пасяджэнне.
14. Паспрабуйце адгадаць загадку, запісаную ў вёсцы Загор’е, вызначыўшы, што або хто такія “матка”, “дачка” і “сын”:
"Матка - таўстуха,
Дачка – красуха,
Сын – перабор: перавернецца і на двор”
15. Вызначыце ўраджэнцаў Глыбоччыны па фактах з іх жыцця:
- “У Вільні паступіў практыкантам у вінна-каланіяльны гандаль, дзе тры гады вучыўся купецкага ўмецтва”.
- Займаючы пасаду павятовага агранома, арганізаваў з сялян драматычны гурток, які ставіў спектаклі на беларускай мове.
- Пазнаёміўся з будучай жонкай на Палессі, дзе ў гэты час працаваў настаўнікам матэматыкі.
- У выніку абставін правёў на службе ў арміі цэлых сем год, значную частку з якіх праслужыўшы вайсковым фельчарам.
- Пад уплывам ідэй Асветніцтва правёў у сваім маёнтку значныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы, фактычна стварыўшы дзяржаву ў дзяржаве.
Правильные ответы:
- Ініцыятарам пракладкі чыгункі са Свянцян у Глыбокае быў таленавіты інжынер Баляслаў Ялавецкі.
- У лютым 1913 года ў пецярбургскай прэм’еры п’есы “Паўлінка” поруч з Паўлінай Мядзёлкай выступіў наш зямляк Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
- Архітэктурным помнікам, апісанне якога прыведзена ў пытанні, з’яўляецца прыгожы неагатычны Задарожскі касцёл.
- Не хто іншы, як Віктар Антонавіч Ламака ў 1983 годзе быў узнагароджаны медалём ВДНГ СССР за стварэнне дэндралагічнага сада Глыбоцкага лясгасу.
- Пятае пытанне IV тура аказалася адным з найбольш складаных ва ўсёй нашай віктарыне. У Глыбокім, як і ў вёсках Задарожжа, Мосар, Празарокі і Удзела ў мясцовых касцёлах вы зможаце ўбачыць велічныя музычныя інструменты – арганы. Задарожскі і мосарскі арганы старэйшыя за астатнія – яны былі створаны ў пачатку XX стагоддзя, і звязвае іх імя Вацлава Бярнацкага – вядомага віленскага вытворцы арганаў.
- Аўтарам верша “Дудар”, надрукаванага ў маі 1913 года ў газеце “Наша Ніва”, з’яўляецца дзеяч культуры Янка Пачопка.
- Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Празароках была ўзведзена пры дапамозе і дзейснай падтрымцы ўласніка маёнтка Палевачы, знакамітага тэатральнага дзеяча Ігната Буйніцкага.
- 10 жніўня 1763 года манахі глыбоцкага кляштара кармелітаў босых сталі сведкамі дзіўнай з’явы, падчас якой увесь твар драўлянай статуі Ісуса Хрыста пакрыўся кроплямі поту.
- Калі верыць расказам сучаснікаў, няшчаснае каханне, з-за якога гэты чалавек так ніколі і не жаніўся, перажыў вядомы пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч.
- Шчаслівы шлюб, у якім нарадзіліся двое дзяцей, паміж Стэфаніяй Радзівіл і Львом Пятровічам (Людвігам) Вітгенштэйнам доўжыўся толькі чатыры гады. Пасля ранняй смерці Стэфаніі, радзівілаўская частка Глыбокага перайшла ва ўладанне роду Вітгенштэйнаў.
- Пад пачварамі, якія ўжо не адно стагоддзе “жывуць” у Глыбокім, разумеюцца васіліскі, якіх можна ўбачыць на ўваходных дзвярах Сабора Раства Багародзіцы ў Глыбокім.
- Архітэктурным помнікам, узведзеным у 1748 годзе на сродкі каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў босых, з’яўляецца Свята-Успенская царква ў вёсцы Кавалі.
- У красавіку 1962 года выканкам Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных вырашыў выдзеліць 22,3 гектары зямлі на патрэбы стварэння пасадачнай авіяпляцоўкі каля Глыбокага.
- Пад “маткай”, “дачкой” і “сынам” у загадцы, змешчанай у пытанні, маюцца на ўвазе печ, агонь і дым.
- Што ж датычыцца апошніх пытанняў, то: у Вільні “тры гады вучыўся купецкага ўмецтва” – Вацлаў Ластоўскі; пазнаёміўся з будучай жонкай на Палессі, на той час настаўнік матэматыкі – Павел Восіпавіч Сухі; у выніку абставін правёў на службе ў арміі цэлых сем год – Язэп Драздовіч; пад уплывам ідэй Асветніцтва правёў у сваім маёнтку значныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы, стварыўшы, так званую, Паўлаўскую рэспубліку, ураджэнец Мосара – Павел Ксаверый Бжастоўскі.





















