«Платочной радуги узор»
Пад такой назвай пачала работу ў нашым горадзе выстава арыгінальных паўлавапасадскіх хустак і шаляў з прыватнай калекцыі глыбачанкі Святланы Лось. 17 сакавіка ў выставачнай зале музея, што знаходзіцца на вуліцы Маскоўскай, сабраліся прадстаўніцы прыгожай паловы жыхароў нашага горада на ўрачыстае адкрыццё гэтага выставачнага праекта. Новая выстава адкрылася ў самы "жаночы" месяц года, які аб'яўлены ў нашай краіне - Годам беларускай жанчыны.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі не толькі ўбачыць гэтыя найпрыгажэйшыя аксесуары жаночага гардэроба, але і пачуць захапляючы расказ Святланы Аляксандраўны аб сваёй унікальнай калекцыі, здзейсніць віртуальную экскурсію па цэхах сучаснай паўлавапасадскай мануфактуры, праявіць сябе ў якасці эксперта па вызначэнні вырабу мануфактуры ў савецкім і сучасным кіно, задаць пытанні і атрымаць вычарпальны адказ аб унікальным прадмеце народнага мастацкага промыслу Расіі.
Выстава працягне працу да 19 красавіка 2026 года. А гэта значыць, што ў кожнага з вас ёсць магчымасць наведаць нашу выставу і акунуцца ў свет прыгажосці, рамантыкі, клопату і цёплых пачуццяў.
(18 сакавіка 2026 года)

























