12 сакавіка 2020 года ў музеі адкрылася незвычайная выстава з інтрыгуючай назвай "Дамскія штучкі", на якой экспануюцца прадметы жаночага ўжытку розных эпох з фондаў нашага музея і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Падчас займальнай экскурсіі і знаёмства з экспанатамі выставы, яе наведвальнікі (пераважна прадстаўніцы прыгожага полу) убачылі майстар-клас па завязванні хустак і прынялі ўдзел у розыгрышы латарэі з карыснымі і смачнымі прызамі.



Гэта зараз Інтэрнэт злучае краіны і кантыненты: за кароткі прамежак часу мы можам звязацца з блізкім нам чалавекам, які жыве за тысячы кіламетраў. А зусім нядаўна павіншаваць са святамі і падзяліцца цёплымі пажаданнямі людзям дапамагалі паштоўкі, якія яны адпраўлялі адзін аднаму.
У савецкі час было папулярным радаваць родных і сяброў віншаваннямі на святочнай паштовай картачцы. Менавіта такія экспанаты мы вырашылі прадставіць у рамках віртуальнай выставы «Старая паштоўка з навагоднім настроем».
Традыцыя адпраўляць навагоднія паштоўкі бярэ свой пачатак у ХІХ ст. Гэты звычай прыйшоў да нас з Англіі. У 1843 годзе англічанін Генры Коўл адправіў сваім сябрам першую калядную паштоўку. Паступова гэтая ідэя стала папулярнай па ўсёй Еўропе, а ў далейшым змагла заваяваць увесь свет. У Расійскай імперыі першая падобная картка была надрукаваная ў 1901 годзе, яе аўтарам лічыцца мастак Мікалай Каразіна. На віншавальных паштоўках пачатку ХХ стагоддзя малявалі заснежаныя яловыя лясы, цэрквы, навагодні сямейны побыт, катанне на каньках і санках.
У першыя гады існавання СССР, на нядоўгі перыяд з сярэдзіны 1920-х гг. да сярэдзіны 1930-х гг., святкаванне Калядаў і Новага года было забаронена, у сувязі з чым, спынілася і традыцыя абмену паштоўкамі. Другое жыццё гэты звычай атрымаў ужо падчас Вялікай Айчыннай вайны: ў 1942 годзе быў пачаты выпуск віншавальных картак гераічнай тэматыкі.
Масавы выпуск навагодніх паштовак аднавіўся ў 1953 годзе, а сапраўдны росквіт прыйшоўся на 1960-1970-я гады. Сюжэты для іх выбіраліся, як правіла, простыя: Дзед Мароз са Снягуркай, казачныя персанажы, дзеці катаюцца на санках, лепяць снежную бабу, водзяць карагод вакол елкі. Адлюстроўваліся і поспехі савецкай краіны: пакарэне космасу, асваенне паўночных рэгіёнаў, развіццё навукі і тэхнікі…
У Беларусь прыйшла доўгачаканая вясна! А ў Глыбоцкі музей завіталі незвычайныя госці: хамелеон, агама, багамол, павук-птушкаед, дэгу і многія іншыя. Гэта жывёлы, якіх не сустрэнеш у дзікай прыродзе нашай краіны. Іх радзіма - гарачыя лясы Аўстраліі, халодныя горы Перу, густыя джунглі Бразіліі... Але ў апошнія гады іх часта заводзяць у сябе людзі ў якасці хатніх жывёл.
У жыхароў і гасцей Глыбокага ёсць унікальная магчымасць пазнаёміцца з гэтымі дзіўнымі стварэннямі. Для гэтага трэба толькі наведаць выставу «Цуды прыроды», якая працуе ў нашым музеі з 16 красавіка па 5 мая 2019 года. Дзеці і дарослыя знойдуць тут для сябе шмат цікавага! І, магчыма, захочуць завесці ў сябе якога-небудзь экзатычнага гадаванца!

15 сакавіка ў фае Гарадскога дома культуры музеем была арганізавана выстава, прысвечаная 25-годдзю з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Усе ўдзельнікі раённага мерапрыемства па святкаванні гэтай юбілейнай даты змаглі дакрануцца да гістарычных дакументаў, прадстаўленых на выставе. Канстытуцыі СССР і БССР розных гадоў выклікалі цікавасць не толькі ў старэйшага пакалення - тых, хто жыў па гэтых законах, але і ў сучаснай моладзі. Упрыгожаннем выставы сталі шматлікія фатаграфіі, якія захавалі найбольш знакавыя падзеі ў гісторыі Глыбоцкага раёна (1994 – 2019 гг).
У 1989 годзе, 15 лютага апошнія савецкія войскі пакінулі дзяржаву Афганістан. Так скончылася 10-гадовая вайна, у якой Савецкі Саюз страціў больш за 15 тысяч сваіх грамадзян. І зразумела, што Дзень вываду войскаў з Афганістана - гэта, і свята афганцаў-ветэранаў, і дзень памяці і смутку аб усіх воінах-інтэрнацыяналістах, што загінулі ў далёкай краіне.
У гэты дзень «афганцы», іх блізкія і родныя, па традыцыі, сабраліся каля помніка ў цэнтры горада каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць сваіх сяброў, якія загінулі ў той вайне. Затым у Гарадскім доме культуры адбыўся святочны канцэрт, а ў фае кожны змог пазнаёміцца з тэматычнай выставай "Афганістан. Без права на забыццё. 1989-2019», якую арганізаваў наш музей.
Такое пытанне могуць задаць глыбачане, убачыўшы афішу новай выставы. Інтрыгуючая і чароўная назва... Экспанаты гэтай выставы - плод фантазіі і справа рук таленавітага чалавека, мастака-скульптара з горада Бяроза Брэсцкай вобласці Уладзіміра Найбіча.
Яго работы ўжо добра ведаюць жыхары нашага горада. Памятаеце выставы "Падводнае царства" і "Планета дыназаўраў"? Дзякуючы сумеснай і зладжанай рабоце сям'ю Найбічаў ведаюць ва ўсёй Беларусі. Расійскі канал РТР нават зняў відэасюжэт пра незвычайнае захапленне гэтай сям'і. Іх выставы запрашаюць наведвальнікаў у далёкія краіны, марскія глыбіні, адпраўляюць падарожнічаць у часе.
Пры сустрэчы ў верасні мінулага года Уладзімір распавёў нам, музейшчыкам, што вобраз новага персанажа ён доўга выношвае ў сваёй галаве, затым робіць каркас, пакрывае мантажнай пенай, абцягвае тканінай, і толькі потым малюе па ёй. На стварэнне аднаго такога "экспаната" патрэбна некалькі месяцаў карпатлівай працы.
У гэтым годзе таленавітая сям'я прадстаўляе глыбачанам сваю новую выставу дагістарычных насякомых-гігантаў, якія насялялі нашу планету да з'яўлення дыназаўраў. На выставе можна будзе здзейсніць падарожжа на сотні мільёнаў гадоў назад і ўбачыць у поўную велічыню атраплеўра, які жыў 300 мільёнаў гадоў таму, сустрэць гіганцкіх мурашак, дагістарычнага даўганосіка-жырафа, грознага рака-скарпіёна, багамола і многіх іншых насякомых. Акрамя гэтага, на выставе можна ўбачыць насякомых, якія насяляюць нашу планету сёння і жывуць у самых розных кутках свету. Гэта матылі і жукі, якіх вы не сустрэнеце ў нашых шыротах.
Першымі пашчасціла ўбачыць "Монстраў" жыхарам Лагойска і за імі эстафету прымае Глыбокае. Паглядзець на дагістарычных і сучасных насякомых можна будзе з 31 студзеня па 3 сакавіка 2019 года ў Гарадскім Доме культуры па адрасе: вул. Камуністычная, 10.
17 студзеня 2019 года ў музеі адбылася ўрачыстая прэзентацыя выставы “Мой адрас - Савецкі Саюз”, прымеркаванай да 100-годдзя ўтварэння БССР.
На сустрэчу з краінай СССР, каб успомніць сваю маладосць, юнацтва і дзяцінства сабралася шмат глыбачан. Супрацоўнікі музея пастараліся максімальна дакладна адлюстраваць эпоху таго часу і паўсталі перад наведвальнікамі ў вобразах сярэднестатыстычных савецкіх грамадзян. Душэўная размова пра прадметы, рэчы і сімвалы савецкай эпохі вялася нязмушана і па-хатняму. Успаміналі пра чэргі ў паліклінікі, крамы і цырульні, пра "блат" і "дэфіцыт". Гаварылі пра дасягненні і рэкорды "краіны Саветаў", пра таварна-грашовыя адносіны і многае іншае.
Размова закранула і сістэму народнай адукацыі. Дарагімі сэрцу ўспамінамі пра сшыткі без палёў, пра прамакаткі, пра ранцы-партфелі, чарніліцы і іншыя школьныя прыналежнасці дзяліліся госці выставы. У інтэр'еры "хрушчоўкi" успаміналі пра планіроўку, расстаноўку і колькасць мэблі ў савецкіх кватэрах, пра суседзяў і ключах пад дыванком ля дзвярэй. Прыемным успамінам з мінулага стаў прагляд заставак папулярных тэлепраграм савецкага тэлебачання. І галоўнае, кожны, хто прыйшоў на выставу, змог паласавацца салодкім пачастункам, ад якога ў кожнага другога выпадалі пломбы - ірыскамі "Залаты ключык" і запіць яго 10-капеечнай дзіцячай радасцю - напіткам "Бураціна".
26 кастрычніка 2018 года ў рамках святкавання 100-годдзя УЛКСМ прайшла выстава «Краіны маёй мінулая эпоха». На выставе былі прадстаўлены прадметы з фондаў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, звязаныя з дзейнасцю Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі на Глыбоччыне: камсамольскія білеты і ўліковыя карткі, нагрудныя значкі, вымпелы і сцягі, камсамольскія пуцёўкі, дыпломы і ганаровыя граматы, кнігі, газеты, часопісы, брашуры. Гэтыя прадметы добра знаёмыя кожнаму, хто насіў на грудзях камсамольскі значок, і многае могуць расказаць сучаснай моладзі.
Асаблівасцю гэтай выставы стала тое, што яна стваралася пры актыўным удзеле нашых камсамольцаў. Сакратары райкама камсамола мінулых гадоў і актывісты гэтай арганізацыі падзяліліся фотаздымкамі, якія яны беражліва захоўваюць на працягу дзесяцігоддзяў. На пацямнелых ад часу фотакартках адлюстраваны моманты з жыцця нашых камсамольцаў: абласныя і раённыя з'езды, урачыстыя сходы, мітынгі, суботнікі, турыстычныя злёты і паходы, сустрэчы з ветэранамі, экскурсіі і многае іншае. Побач з чорна-белымі фотаздымкамі размясціліся і каляровыя здымкі, на якіх адлюстравана дзейнасць правапераемніка камсамола - Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Да 130-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча наш музей падрыхтаваў цікавую выставу "Космас Беларуса”, урачыстае адкрыццё якой адбылося 10 кастрычніка 2018 года. Удзельнікі мерапрыемства змаглі здзейсніць унікальнае падарожжа па планетах сонечнай сістэмы з дапамогай мастацкіх работ касмічнай тэматыкі нашага знакамітага земляка. Марс, Венера, Сатурн і спадарожнік нашай планеты Месяц – вось пералік тых нябесных цел, на якіх змаглі пабываць госці нашага музея, дзякуючы незвычайнай фантазіі мастака Язэпа Драздовіча. Не проста пабываць, а і сустрэцца з карэннымі жыхарамі гэтых планет, убачыць іншапланетныя гарады і пасёлкі, любавацца незвычайнай прыродай іншых планет.
Усіх, хто жадае адправіцца ў касмічнае падарожжа з дзядзькам Язэпам, мы чакаем у музеі. Выстава будзе працаваць да канца кастрычніка.
Яны засталіся задаволеныя пасля сустрэчы з дыназаўрамі. А Вы?
Не згубіце свой шанец дакрануцца да свету таямнічага і нязведанага ...




















