Палёт над горадам
Многія старажылы нашага горада яшчэ памятаюць тое, як над возерам Вялікае ўзнімаўся ў неба самалёт з пасажырамі на борце, адпраўляючыся ў чарговы рэйс. І гэта не фантастыка, а жыццёвая рэальнасць. З Глыбокага ў 1960-70-я гады можна было максімальна хутка дабрацца да Мінска ці Віцебска, выкарыстоўваючы самалёт грамадзянскай авіяцыі. Менавіта на пачатку 1960-х гэтыя авіялініі звязалі большую палову райцэнтраў сучаснай Беларусі. У іх ліку - Глыбокае.
Так, у савецкі час у нашым горадзе знаходзіўся аэрадром з грунтавым пакрыццём, на які здзяйснялі прамежкавую пасадку самалёты, якія выконвалі мясцовыя авіяперавозкі. Так у 1965 годзе на самалёце Ан-2 выконваўся рэйс Мінск - Докшыцы - Глыбокае - Ушачы - Ула - Віцебск. Рэйс Б-260 з Мінска ў Глыбокае здзяйсняўся штодня, акрамя чацвярга. Вылет - у 11.35, а прыбыццё на аэрадром горада Глыбокае ў 12.50. Час знаходжання ў дарозе - адна гадзіна (час на высадку і пасадку пасажыраў у Докшыцах - 15 хвілін). Зваротны рэйс з Глыбокага ў Мінск пад нумарам Б-259 дзейнічаў па тым жа графіку. Вылет у сталіцу быў у 11.10, а кошт білета складаў 4 рублі. Па дадзеным графіку самалёт здзяйсняў пералёты ў летне-асенні перыяд - з 15 мая па 14 лістапада.
У зімова-вясновы перыяд (з 15 лістапада па 14 мая) графік палётаў быў зменены. Вылет з Мінска ў 13.15, а пасадка ў Глыбокім у 14.40. Адпраўленне ў Мінск з Глыбокага ў 13.00. Тым часам самалёт здзяйсняў пералёты штодня, акрамя нядзелі. Цана білет заставалася ранейшай - 4 рублі.
Колькасць пасажыраў, якія перавозяцца аднаматорным пасажырскім самалётам Ан-2, вар’іравалася ад 10 да 12 чалавек. Самалёты здзяйснялі не толькі перавозку пасажыраў, але і перавозілі грузы. Вага грузу строга ўлічвалася і таксама аплачвалася па вызначаным тарыфе.
З пачатку васьмідзесятых гадоў мясцовая авіяцыя паступова пачынае зачыняць аэрадромы, адмяняючы авіярэйсы. Большасць самалётаў Ан-2 пераводзяцца ў сельскагаспадарчую авіяцыю. Гаспадарча-разліковая сістэма і ўдасканаленне аўтамабільных дарог спрыялі скарачэнню самалётных рэйсаў. Аэрадром у Глыбокім спыніў сваю працу ў 1983 годзе.
На сённяшні дзень пакуль застаецца не праверанай інфармацыя аб існаванні аэрадрома ў другім раённым цэнтры - Падсвілле. Але многія даследчыкі станаўлення грамадзянскай авіяцыі БССР называюць у сваіх работах і аэрадром у Падсвіллі, які, на іх думку, існаваў у 1960-61 гг. Менавіта да гэтага моманту цэнтр Пліскага раёна перамясціўся з Плісы ў г.п. Падсвілле. Так што ідэя стварэння пасадачнай паласы з грунтавым пакрыццём цалкам магла быць рэалізавана і ў гэтым населеным пункце Глыбоччыны.
Праўда, трэба адзначыць, што першыя звесткі аб існаванні аэрадрома ў нашым горадзе можна знайсці яшчэ ў аператыўнай разведвальнай зводцы №1 за 17 верасня 1939 года 2-га аддзела штаба ВПС РСЧА. Вось цытата з дадзенага дакумента аб паветранай абстаноўцы ў напрамку дзеянняў войскаў Беларускага фронту: «Польская авіяцыя 17.09.39 г. актыўных дзеянняў на франтах не вяла. Дробныя групы польскіх знішчальнікаў заўважаны ў раёне Ковель. Нашымі авіячасткамі збіта 3 польскія самалёты - 3 лётчыкі-афіцэры ўзятыя ў палон. Аэрадромы выяўлены ў пунктах Глыбокае, Свянцяны, Вільня, Ваўкавыск, Навагрудак». Атрымліваецца, што яшчэ ў даваенны час наш горад меў свой аэрадром, толькі дакладнае месцазнаходжанне яго пакуль не ўдалося ўстанавіць.
Магчыма, гэты ваенны аэрадром і выкарыстоўвалі нямецкія люфтвафэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бо пра яго ўспамінаў у сваіх мемуарах удзельнік глыбоцкага падполля Аляксандр Антонавіч Сабалеўскі: «Прабрацца ў акруговы фашысцкі цэнтр ці выбрацца з яго было нялёгка. А ён знаходзіўся амаль у самым цэнтры «асінага гнязда»: з аднаго боку нашай хаты стаялі радыёмаяк і наглядальны пункт авіяцыі з абслуговым персаналам, з іншай – агульнае афіцэрскае памяшканне і аўта гараж…». Дом, пра які гаворыць Аляксандр Антоновіч, знаходзіўся на вуліцы Беразвецкай (сёння вул. Савецкая, 68). Значыць аэрадром, ці ўзлётна-пасадачная паласа, павінны былі знаходзіцца недалёку. У фондах Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваецца некалькі фотаздымкаў перыяду акупацыі, зробленых нямецкімі салдатамі ля баявых самалётаў. Гэтыя фатаграфіі дазваляюць выказаць здагадку, што аэрадром у гады вайны знаходзіўся на ўскраіне нашага горада, але недалёка ад жылых пабудоў.
Падводзячы вынік вышэй сказанаму, можна канстатаваць факт практычна векавога выкарыстання авіяцыі жыхарамі і гасцямі нашага горада.




















