Нечаканы падарунак музею

На днях у музей звярнулася жыхарка горада Нара-Фамінска Маскоўскай вобласці Людміла Іванаўна Байкова. Яна прапанавала...

Спас мядовы - светлае свята

У чарговы раз на Цэнтральнай плошчы нашага горада шумна і весела праходзіла раённае свята-кірмаш "Светлае свята - Спас...

У аб'ектыве фотаапарата

Фатаграфія з самых першых дзён свайго існавання стала прадметам захаплення чалавецтва, і застаецца такім да гэтага...

Вішнёвая прыгода - 2024

Пятнічны вечар "Вішнёвага фестывалю" пачаўся з традыцыйнага квэста, які аб'яднаў глыбачан, што любяць гісторыю,...

Праект "Руская Атлантыда" у Глыбокім

У чэрвені 2024 года ў Глыбокім рэалізоўваўся Міжнародны пленэрна-выставачны праект "Руская Атлантыда". Вынікам працы...

«Глыбоччына на гісторыка-культурнай карце Беларусі»

2 ліпеня 2024 года ў нашым горадзе прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Глыбоччына на...

Дзень Незалежнасці і юбілей горада.

3 ліпеня 2024 года горад Глыбокае адсвяткаваў Дзень Незалежнасці, 80-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх...

З пачаткам выкарыстання паштовых марак у Расіі, нароўні з канвертамі, сталі ўжывацца і немаркіраваныя адкрытыя лісты (паштовыя карткі). Першапачаткова іх выпуск быў манаполіяй дзяржавы. Пазней, у 1894 годзе Міністэрствам унутраных спраў, у склад якога ўваходзіла Галоўнае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне, былі дазволены "бланкі адкрытых лістоў прыватнага вырабу" пры ўмове, што афармленне адраснага боку будзе адпавядаць бланкам дзяржаўнай пошты. Гэта прывяло да з'яўлення вялікай колькасці паштовак з ілюстрацыямі, у тым ліку з відамі многіх расійскіх гарадоў і мястэчак:

Паштоўка часоў Першай сусветнай вайны з відам на праваслаўны храм – сабор Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім, была надрукаваная выдавецтвам “Венінг”, якое знаходзілася на тэрыторыі Цюрынгіі (назва, прынятая для некалькіх германскіх дзяржаў). Падчас Першай сусветнай вайны Глыбокае было занята нямецкімі войскамі з лютага па снежань 1918 года. Паштовы штэмпель нямецкай палявой пошты захаваў дакладную дату, калі гэта паштоўка была адпраўлена – 13 верасня 1918 года.

Акрамя храма на паштоўцы, надрукаванай больш за сто год таму, выразна бачны навакольныя будынкі, некаторыя з якіх захаваліся да нашага часу.

Паштовая картка 1918 г.Паштовая картка 1918 г. (зваротны бок)

Паштоўка была надрукавана ў выдавецтве А. Chodowiecki ў Варшаве. Для адкрытага ліста быў узяты здымак Глыбокага, зроблены ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, не пазней 1908 года (у гэтым годзе заканчваецца перабудова касцёла св. Тройцы).

Паштоўка пач.ХХ ст.Паштоўка пач.ХХ ст. (зваротны бок)

У Глыбокім, у дарэвалюцыйны перыяд працавала выдавецтва Л. Я. Ромма, якое размяшчалася на рынкавай плошчы ім. Т. Касцюшкі, 14 (Zaklad fotograf. From-Pren. M. Glębokie. Ryn. Kościusz. 14). Выдавецтва займалася выпускам друкаванай прадукцыі. Тут было надрукавана і некалькі паштовых картак з відамі мястэчка.

Пачтовая картка, адпраўленная 26.06.1918 г.Пачтовая картка, адпраўленная 26.06.1918 г.

Паштовыя карткі з серыі "Краявіды Беларусі" былі надрукаваныя не пазней 3 лютага 1944 года. Пра гэта можна сцвярджаць дзякуючы датаванаму запісу на адной з аналагічных паштовак дадзенай серыі. Пры іх стварэнні выкарыстоўваліся фотаздымкі вядомага польска-беларускага фатографа Яна Булгака. Надпісы на адваротным баку паштовак выкананы на трох мовах: нямецкай, беларускай (лацінскімі літарамі) і французскай.

Царква ў Глыбокім (Carkva u Hlubokim)Фатаграфічная выява на адной з іх дае магчымасць убачыць, як да Другой сусветнай вайны выглядала царква Раства Прасвятой Багародзіцы, пра што сведчыць і надпіс на зваротным баку паштоўкі: “Carkva u Hlubokim”. Над велічным храмам добра бачны вялікі драўляны купал, збудаваны ў 1908 годзе. Падчас ваенных падзей лета 1944 года будынак храма моцна пацярпеў ад пажару, які знішчыў цэнтральны купал і пашкодзіў вежы задняга фасаду. На пярэднім плане выявы паштовай карткі - водная роўнядзь, што нязвыкла блізка падступае да храма, у якой адбіваецца царква. Але гэта не возера Глыбокае (Кагальнае), як магло б здацца на першы погляд, а старадаўняя манастырская сажалка, што знікла з гарадскога ландшафту пасля вайны. На месцы засыпанай сажалкі быў пабудаваны кансервавы завод.

Беразвеч - возера Глыбокае (Bierazvec - Voziera Hlybokaje)Фатаздымак для другой паштовай карткі была зроблена з боку возера Падлазнае ў накірунку былога Беразвецкага манастыра, карпусы якога ў міжваенны час займалі польскія пагранічнікі. На жаль, мірны пейзаж, што адкрываецца з паштоўкі, быў згублены ў гады Другой сусветнай вайны, калі былы манастыр спачатку стаў месцам размяшчэння савецкай турмы НКУС, а затым - нямецкага лагера для ваеннапалонных. У 1950-х гадах маляўнічы Беразвецкі храм - шэдэўр архітэктуры віленскага барока - быў разабраны на цэглу...

Унікальны экспанат з’явіўся ў музеі на пачатку 2015 года. Паштоўку, якая была адпраўлена з Глыбокага ў Мінск сто год таму назад, перадаў на пастаяннае захоўванне выкладчык дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча Юрый Калбасіч. Сапраўдны рарытэт быў набыты на вядомым аўкцыёне ay.by тымі, хто неабыякава ставіцца да нашай гісторыі. Супрацоўнікі музея выказваюць шчырую падзяку ўсім, хто ахвяраваў сродкі на такую важную справу. Унікальнасць дадзенага прадмета ў тым, што паштоўка надрукавана ў Глыбоцкім выдавецтве Л. Я. Ромма і змяшчае відарыс мястэчка Глыбокае пачатку ХХ ст. 

Адзіны вядомы сёння калекцыянерам экземпляр глыбоцкай паштовай карткі “Царкоўная плошча” падае панараму мястэчка з боку возера. Здымак для яе быў зроблены не раней 1908 года, пра што сведчыць перабудаваны будынак касцёла. Каляровы малюнак паштоўкі было дасягнуты спосабам рэтушавання і афарбоўкі асобных элементаў архітэктуры мястэчка. Паштоўка была адпраўлена з Глыбокага 2 кастрычніка 1915 года ў горад Мінск Веры Мікалаеўне Рымашэўскай. Тэкст паслання наступны:

Дарагая Верачка!

Пакуль знаходзімся яшчэ ў горадзе. Заўтра 3 кастрычніка выязджаем з мястэчка Глыбокага. Далей, да месца свайго служэння. Вельмі шкадуем, што няма тут «аўтамабіля» ... няма на чым паехаць. Даводзіцца мучыцца ў дарозе «на белой блохе» ці інакш на вясковых кляча. Але тут з імі нічога не зробіш. Цікава ведаць, ці трапляеш ты пад пражэктар без мяне?

Паштовая картка "Царкоўная плошча" 1915 год.Адваротны бок паштоўкі

Паштоўка часоў Першай сусветнай вайныЯшчэ адзін адкрыты ліст часоў Першай сусветнай вайны з відам на праваслаўны храм у Глыбокім папоўніў музейную калекцыю.
Надрукавана паштоўка ў выдавецтве «Веннинг», на тэрыторыі Цюрынгіі. Па сваім афармленні, якасці паперы і нанесеных надпісах паштоўка вельмі падобная на экзэмпляр, аб якім ужо гаварылася раней. А, магчыма, гэтыя паштовыя карткі былі надрукаваны адначасова і з'яўляюцца серыйнымі. Акрамя выявы праваслаўнага сабора і будынка былога кляштара, на паштоўцы, надрукаванай больш за сто гадоў таму, добра праглядаецца драўляная забудова мястэчка пачатку ХХ стагоддзя. Фотаздымак для паштовай карткі зроблены з боку возера, ды і назва яе: "Глыбокае - пры возеры". Нажаль, гэты экзэмпляр не быў запоўнены і адпраўлены па пошце, а таму дадатковай інфармацыі не мае. Хутчэй за ўсё паштоўка была набытая і змешчаная ў альбом, як прыгожы відарыс невялікага беларускага мястэчка.