Пра вёску Мосар як глыбачане, так і госці нашага раёна ведаюць не па чутках. Гэты населены пункт штогод наведваюць тысячы турыстаў не толькі з Беларусі, а і з многіх краін свету. Добра ведае гэтае месца на карце раёна і наша моладзь. А ў апошнія гады пераадоленне экскурсійнага маршруту Глыбокае - Мосар на веласіпедах стала добрай традыцыяй – вяршыць добрыя справы, займаючыся навядзеннем парадку на тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар.
І вось новы старт - 15 верасня 2021 года. Удзельнікі велапрабегу – працуючая моладзь Глыбоччыны. Маршрут звыклы Глыбокае - Мосар. Мэта - аказаць дапамогу вядомаму храму ў навядзенні парадку на прылеглай тэрыторыі. Здавалася б, усё проста і прадказальна. Але, у самы апошні момант, агульным рашэннем усіх удзельнікаў велапрабегу, маршрут да храма быў зменены. Замест звыклага, унесенага ва ўсе турыстычныя даведнікі маршруту Глыбокае - Удзела - Мосар, веласіпедысты адправіліся даволі мудрагелістым шляхам: Глыбокае - Зарубіна - Карабы - Канстанцінава - Верхняе - Залеські - Варанцы - Мосар. І не выпадкова, бо ў кожнай маленькай вёсачцы роднага краю велападарожнікі аглядалі славутасці і слухалі расказ экскурсавода Хайноўскага Аляксандра, які суправаджаў моладзь па ўсім маршруце.
Па прыбыцці ў Мосар і невялікага адпачынку, удзельнікі велапрабегу адправіліся вяршыць добрыя справы. У рамках дабрачыннай акцыі “Аднаўленне святынь. Нас аб'ядноўвае гісторыя і вера”, якую праводзіць грамадская арганізацыя “БРСМ”, хлопцы і дзяўчаты заняліся навядзеннем парадку па “дарозе на Галгофу”. Уздоўж дарогі, якая вядзе на гару, усталяваныя крыжы паабапал. Першыя крыжы з’явіліся ў гэтым месцы яшчэ ў 2007 годзе. За доўгі час некаторыя пакрыліся іржой, пабляклі, нахіліліся, таму глыбоцкая моладзь узялася прыводзіць іх у належны выгляд: чысціць, выраўноўваць, фарбаваць. Складанасцяў у працы хапіла: мудрагелістасць крыжоў ускладняла працу па ачышчэнні і афарбоўцы, ды і багністая мясцовасць (а назва вёскі ў перакладзе з фіна-угорскага азначае «балота») ставіла мокрыя і брудныя перашкоды, але добрая справа была зроблена. Яркае восеньскае сонца зайграла блікамі на абноўленых крыжах, а моладзь зноў адправіліся ў дарогу па маршруце Мосар - Удзела - Глыбокае. Мэта, пастаўленая перад удзельнікамі велапрабегу, была дасягнута!
Старт велапрабегу, які прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, быў дадзены ў Парку Перамогі горада Глыбокае. Менавіта адсюль адправіліся веласіпедысты ў двухдзённае падарожжа па месцах баявой славы і народнай памяці. На маршрут выйшла моладзь Глыбоччыны, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў нашага раёна.
«Каб памяталі» - так назвалі новы веласіпедны маршрут яго арганізатары. Для ўдзельнікаў гэта было выпрабаванне на вынослівасць не толькі кіламетрамі (бо працягласць дарог склала 148 кіламетраў), але і небывалай спякотай. Многім удзельнікам яшчэ доўга не забыцца цяжкіх кіламетраў веламаршрута гарачага чэрвеня 2021-га...
Глыбокае - Падсвілле. Лясная дарога праз Чорны ручай - выратаванне ад пякучага сонца. Прыпынак каля брацкай магілы савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Глыбоцкага раёна і доўгачаканы адпачынак, які суправаджаецца расказам старэйшага навуковага супрацоўніка музея Аляксандра Хайноўскага.
Падсвілле - Перавоз. Пераезд да ваеннай пераправы праз раку Шоша нагадваў баявыя дзеянні. Толькі, на шчасце, у наш мірны час гэта была барацьба з знясільваючым сонцам і хмарамі надакучлівых насякомых. Аб тым, што давялося вытрымаць нашым вызваліцелям у гарачыя дні чэрвеня 1944-га года, вызваляючы раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (на той момант гэта была тэрыторыя Пліскага раёна), даведаліся велавандроўнікі з апавядання навуковага супрацоўніка падчас чарговага прывалу.
Галубіцкая пушча па гэты дзень захоўвае памяць пра партызан, іх баявым мінулым, доблесці і адвазе. Курган Славы на рацэ Шоша, абеліск у гонар партызанскай брыгады імя Суворава ў лясным масіве, партызанскія траншэі лініі абароны - аб'екты, якія наведалі вандроўнікі падчас велапрабегу.
І вось нарэшце доўгачаканая Івесь. Тут размясціўся лагер удзельнікаў прабегу, дзе іх чакалі сытны абед-вячэра і начлег. Але выпрабаванні кіламетрамі і спякотай самыя трывалыя вырашылі працягнуць - сімвалічная назва маршруту "Каб памяталі" не давала ім спакою. Пасля кароткага адпачынку моладзь Глыбоччыны адправілася на мемарыяльны комплекс «Прарыў». Гадзіну з невялікім падарожжа па тэрыторыі Ушацкага раёна і вось яна, фінальная кропка велапрабегу - мемарыяльны комплекс «Прарыў». Пасля экскурсіі па мемарыяле і непрацяглага адпачынку ля скульптурнай кампазіцыі «Апошні прывал», усе дружна адправіліся да лагера на беразе возера Івесь. І хоць апошнія кіламетры першага дня падарожжаў даваліся з неймавернай цяжкасцю, усе разумелі, што наперадзе іх чакае прыемны адпачынак ля вогнішча і шчырыя гутаркі.
Шлях дадому на наступны дзень не здаваўся такім ужо цярністым - ад спёкі ратавалі любімыя азёры Івесь, Доўгае, Акунёва...
19-20 чэрвеня 2021 года адбудзецца велапрабег, прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Маршрут велавандроўкі пракладзены па тых гістарычных мясцінах, дзе ў гады вайны вялі баі з ворагам партызанскія брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, дэманструючы прыклады мужнасці і гераізму, дзе праходзілі воіны савецкай арміі, вызваляючы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў населеныя пункты Ушацкага і Глыбоцкага раёнаў.
Стартуюць веласіпедысты раніцай у суботу (19 чэрвеня) ад парку Перамогі (г. Глыбокае), а фінішуюць вечарам таго ж дня на мемарыяльным комплексе «Прарыў» (Ушацкі р-н). Бліжэй да ночы ўсіх удзельнікаў чакае партызанскае вогнішча на беразе маляўнічага возера, салдацкая каша і незабыўныя эмоцыі ад убачанага за дзень. У нядзелю раніцай (20 чэрвеня), пасля невялікага адпачынку, веласіпедыстаў чакае дарога дадому. За два дні веласіпеднага падарожжа яго ўдзельнікам трэба будзе пераадолець адлегласць каля 140 кіламетраў, наведаць дзясяткі населеных пунктаў двух раёнаў, якія ўпісалі свае назвы ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. На працягу ўсяго маршруту з падзеямі ваенных гадоў удзельнікаў прабегу пазнаёміць навуковы супрацоўнік Глыбоцкага музея, а экскурсію па мемарыяльным комплексе правядзе супрацоўнік Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка. Асобным пунктам стане наведванне сядзібы-музея народнага пісьменніка Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі.
Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у пазнавальным велападарожжы. Па пытаннях удзелу звяртайцеся ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама па тэлефоне 25815 (Працук Таццяна Віктараўна).
Знайсці адказ на гэта пытанне паспрабавалі ўдзельнікі велапрабега «Пунсовыя ветразі», прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка.
На маршрут, які праходзіў па тэрыторыі двух раёнаў (Глыбоцкі і Мёрскі), выйшла 13 аматараў веласіпедных падарожжаў. Звыш сотні кіламетраў дарог і сцежак, сустрэчы з цікавымі і добразычлівымі людзьмі, наведванне ўнікальных гістарычных і прыродных аб'ектаў, а галоўнае - непаўторныя эмоцыі і велізарны зарад бадзёрасці і энергіі. За два дні падарожжаў пад пякучым сонцам і праліўным дажджом удзельнікі велапрабегу змаглі не толькі даказаць сабе, што яны моцныя духам хлопцы і дзяўчаты, але і пазнаць шмат цікавага з гістарычнага мінулага роднага краю.
Наведвальнікам нашага сайта мы прапануем невялічкую фотасправаздачу аб гэтым мерапрыемстве:
23 жніўня 2020 года адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка Аляксандра Грына. У адзначэнне гэтай даты моладзь Глыбоччыны адправіцца ў велапрабег, галоўным пунктам якога стане наведванне месца, звязанага з імем пісьменніка. У вёсцы Якубенкі, дзе нарадзіліся і жылі бацька, дзед і прадзед Аляксандра Грына, сёння ўсяго адзін жылы дом. А калісьці гэты населены пункт насіў статус панскага двара ў цэнтры буйнога маёнтка, які належаў беларускаму шляхецкага роду Грынеўскіх.
22 жніўня (у суботу) ў 10.00 удзельнікі велапрабегу стартуюць з Глыбокага. Пераадолеўшы ў гэты дзень адлегласць у паўсотню кіламетраў і наведаўшы па шляху руху некалькі гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіёну, удзельнікі агледзяць аб'екты былога радавога маёнтка Грынеўскіх, што захаваліся да нашага часу. Канчатковым пунктам першага экскурсійнага дня стане наведванне ўнікальнага для Беларусі прыроднага аб'екта - карставай пячоры на беразе возера Гінькава.
У другі дзень (23 жніўня) веласіпедыстам трэба будзе пераадолець не меншую адлегласць, наведаць і агледзець вялікую колькасць архітэктурных і гістарычных аб'ектаў Глыбоцкага раёна. Бліжэй да вечара веласіпедысты плануюць вярнуцца ў Глыбокае.
Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у гэтай пазнавальна-займальнай велавандроўцы. Звяртайцеся па тэлефоне 2 12 55.
Яшчэ не паспелі сціхнуць эмоцыі ад прайшоўшага ў горадзе квэста «Наперад у мінулае», як ужо на наступны дзень моладзь Глыбоччыны зноў сабралася каля сцен музея. На музейнай пляцоўцы можна было бачыць вялікую колькасць веласіпедыстаў, якія, перад тым, як адправіцца ў дарогу, яшчэ раз аглядалі і наладжвалі свае транспартныя сродкі. Маршрут, які трэба было пераадолець удзельнікам велапрабегу #ровар.by «Культурна-дэндралагічны комплекс в. Мосар - беларускі Версаль» быў не з лёгкіх. Пераадолеўшы адлегласць у дваццаць кіламетраў (горад Глыбокае - вёска Мосар), наведаўшы і агледзеўшы па шляху руху манастыр францысканцаў у Удзела, удзельнікі велапрабегу прыбылі да мосарскай святыні - касцёлу Святой Ганны. Тут яны далучыліся да дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь. Скарб роднай Беларусі».
Здзейсніўшы невялікую экскурсію па культурна-дэндралагічным комплексе і грунтоўна падсілкаваўшыся, удзельнікі акцыі дружна ўзяліся за рэстаўрацыю скульптур і скульптурных кампазіцый, што ўпрыгожваюць тэрыторыю ля касцёла. А папрацаваць было над чым. Скульптуры Майсея, караля Давіда і Ісуса былі абноўленыя, набыўшы цудоўнае жамчужнае адценне. Некалькі удзельнікаў адправіліся добраўпарадкоўваць «астраўкі закаханых» і, трэба адзначыць, справіліся з гэтай задачай выдатна.
Трохі стомленыя (у тым ліку і чэрвеньскім сонцам), але гордыя і задаволеныя зробленым, веласіпедысты накіраваліся ў зваротны шлях. Дарога дадому праляцела незаўважна, бо кожны з удзельнікаў велапрабегу ўсю дарогу да горада думаў аб адным: "Куды ж мы адправімся ў наступны раз?». У канцы шляху, агульнымі намаганнямі, быў выпрацаваны маршрут новай велаэкскурсіі.
А ў якое веласіпеднае падарожжа ў хуткім часе адправіцца моладзь Глыбоччыны вы зможаце даведацца на старонках нашага сайта і ў сацыяльных сетках.
Як і было заяўлена раней, у суботу 28 верасня моладзь Глыбоччыны адправілася ў займальную велаэкскурсію. Канчатковым пунктам гэтага падарожжа стаў Парыж! Не зусім горад, а толькі невялікае мястэчка з прыстаўкай «агра» на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Маршрут велападарожнікаў ляжаў па тых месцах двух суседніх раёнаў (Глыбоцкі і Пастаўскі), чыя гісторыя звязана з далёкай Францыяй.
Першым на шляху веласіпедыстаў быў манастыр францысканцаў у Удзела. Менавіта тут мы пазнаёміліся з гісторыяй невялікага французскага мястэчка Лурд і падзеямі, якія прынеслі сусветную вядомасць гэтаму населенаму пункту на поўдні Францыі, зрабіўшы яго адным з найбольш важных у Еўропе цэнтраў паломніцтва. Наведаўшы касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі і атрымаўшы настаўленне ад ксяндза Вальдэмара, мы адправіліся да наступнай кропкі на нашым маршруце - святых мосарскіх крыніц.
Вада гэтых крыніц лічыцца гаючай і надае сілы, а таму прыйшлася даспадобы велападарожнікам. А афармленне гэтага месца яшчэ раз нагадала пра французскі Лурдзе. Наведаўшы нядаўна адкрыты музей, прысвечаны славутаму ксяндзу Юозасу Бульку, і пазнаёміўшыся з яго ўнікальнымі экспанатамі, у тым ліку і лістом святару ад старшыні тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Беларусі аб перайменаванні населенага пункта Навадруцк у Парыж, мы адправіліся ў гэта гістарычнае месца на карце Беларусі.
Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць у гэты дзень вандроўкі на веласіпедзе па роднаму краю. У мінулым годзе 22 верасня моладзь Глыбоччыны здзейсніла велавандроўку "Легенды і паданні пана Акушкі" і наведала шмат цікавых мясцін Глыбоччыны. У гэтым годзе мы запрашаем усіх жадаючых адправіцца...
29-30 чэрвеня 2019 года адбыўся велапрабег, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маршрут велапрабегу быў пракладзены па тых населеных пунктах Глыбоччыны, якія ў чэрвені-ліпені 1944 года з баямі праходзілі воіны-вызваліцелі, дзе ў гады вайны змагаліся з ворагам партызанскія атрады. Удзельнікі велапрабегу за два дні пераадолелі адлегласць звыш сотні кіламетраў.
15 лепшых прадстаўнікоў веламоладзі Глыбоччыны сабраліся раніцай 29 чэрвеня каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку Перамогі, каб пераадолець той шлях, які прайшлі савецкія войскі па Глыбоцкай зямлі летам 1944 года. Склалася так, што старт велапрабегу прыйшоўся на той дзень, у які роўна 75 гадоў таму назад першыя рэгулярныя часткі Чырвонай арміі ўступілі на тэрыторыю цяперашняга Глыбоцкага раёна. Менавіта 29 чэрвеня 1944 года былі вызваленыя першыя нашы вёскі: Ліпава - Вострава - Соша. Таму, вёска Ліпава і стала найбольш аддаленым пунктам маршруту. Пераадольваючы гэту немалую адлегласць, удзельнікі здзяйснялі невялікія прыпынкі ля помнікаў і абеліскаў, слухаючы расказ пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Глыбоччыне. Магіла італьянскіх ваеннапалонных, расстраляных фашыстамі ля вёскі Арэхаўна, магіла невядомага салдата пры дарозе Полацк - Глыбокае, помнік землякам у вёсцы Кішы, абеліск на месцы дыслакацыі ў гады вайны партызанскай брыгады імя Суворава, Курган Славы, абеліск на месцы базіравання ў гады вайны штаба партызанскай брыгады імя Суворава, партызанскі аэрадром - гэта толькі частка тых месцаў, якія наведалі велападарожнікі. Прычым, удзельнікі прабегу не толькі слухалі падрыхтаваны расказ экскурсавода, але і вялі самастойную даследчую працу на аб'ектах: адшукалі траншэі ўмацаванняў партызанскай лініі абароны, знайшлі ў лесе партызанскі аэрадром, абследавалі скляпенні былой польскай стражніцы «Каменны Воз».
29-30 чэрвеня 1944 года савецкія войскі, развіваючы наступленне, уступілі ў першыя баі з фашыстамі па вызваленні тэрыторыі цяперашняга Глыбоцкага раёна. Значнае садзейнічанне рэгулярным часткам аказвалі партызанскія атрады, што дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі яшчэ з восені 1942 года. Падрабязна пачытаць пра баявыя дзеянні летам 1944 года на Глыбоччыне можна тут.
29-30 чэрвеня 2019 года адбудзецца велапрабег, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маршрут велапрабегу пройдзе па тых гістарычных мясцінах, дзе падчас вайны дыслацыраваліся партызанскія атрады, дзе ў баях з ворагам партызаны дэманстравалі прыклады мужнасці і гераізму. Удзельнікам велапрабегу трэба будзе за два дні пераадолець адлегласць звыш 100 кіламетраў. Іх шлях пройдзе па тых населеных пунктах Глыбоччыны, якія ў чэрвені 1944 года з баямі праходзілі воіны-вызваліцелі.
Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у пазнавальным велападарожжы і непасрэдна дакрануцца да падзей 75-гадовай даўніны.
Па пытаннях удзелу звяртайцеся ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама па тэлефоне 21255 (Працук Таццяна Віктараўна).