“Хрыстос у вязніцы” або “Задуменны Хрыстос” – шырока распаўсюджаны ў народнай культуры сюжэт скульптурнай іканаграфіі, які ўзнік у канцы XIV стагоддзя ў Германіі, і праз Польшчу трапіў на Беларусь. Папулярнасць гэтага вобразу мастацтвазнаўцы тлумачаць тым, што вернікі маглі бачыць у сваім заклапочаным Богу ўласныя праблемы і сумненні.
Аб’ёмная скульптура Ісуса Хрыста створана невядомым майстрам-разьбяром. Вобраз паказвае Ісуса, які сядзіць у вязніцы (незадоўга да распяцця на Галгофе). Галава Ісуса, увянчаная цярновым вянком, схілена набок, а правая рука прыціснута да шчакі. Скульптура выканана з высокай ступенню дакладнасці як у аднаўленні знешнасці Хрыста, так і ў перадачы яго эмацыянальнага стану.
Кніга савецкага пісьменніка Лявонція Ракоўскага, якая была выдадзена ў 1931 годзе ў Ленінградзе друкарняй імя І. Фёдарава. Выданне багата ўпрыгожана гравюрамі беларуска-яўрэйскага графіка і мастака Саламона Юдовіна. На трэцяй старонцы маецца дароўны надпіс аўтара: “Моим дорогим глубокским землякам. Леонтий Раковский”. Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі нарадзіўся 28 снежня 1895 года ў мястэчку Глыбокае ў сям’і валаснога пісара. Падчас грамадзянскай вайны служыў у Чырвонай Арміі, пасля чаго, пераехаўшы ў Петраград, актыўна заняўся журналісцкай і літаратурнай дзейнасцю. Яго першыя творы, у тым ліку і аповесць “Блудны д’ябал”, былі прысвечаны паўсядзённаму жыццю беларускага мястэчка. Пазней атрымаў шырокую вядомасць, як аўтар гістарычных раманаў.
Спецыяльная прылада, якая працуе пры згаранні алею.
Радзімай алейных лямпаў лічыцца Грэцыя. У керамічную форму залівалі аліўкавы алей або тлушч, і апускалі ў яе кнот – вяроўку з раслінных валокнаў. Па капілярах вяроўкі алей паднімаўся ўверх, цалкам прапітаўшы кнот. Канец кнота падпальвалі, і лямпа станавілася крыніцай святла. У залежнасці ад таўшчыні кнота і колькасці алею, лямпа магла працаваць розную колькасць часу. Такімі свяцільнямі карысталіся аж да XIX стагоддзя, пакуль не вынайшлі больш практычныя газавыя лямпы.
Партатыўная механічная вылічальная машына (арыфмометр) мадэлі “Facit TK” (серыйны нумар 57288). Адметнай асаблівасцю прыбора з’яўляецца двухрадная клавіятура для ўводу лічбаў і змянення парадку лікаў. Арыфметычныя аперацыі над лікамі выконваюцца з дапамогай пракручвання ручкі прывода. Вага прадмета складае каля 6 кг.
Арыфмометры гэтай мадэлі выпускаліся шведскай фірмай у 1936 – 1954 гадах, іх агульная колькасць склала больш за 130 тысяч адзінак. “Facit TK” шырока экспартаваўся ў розныя краіны свету, у тым ліку і ў Польшчу, куды дадзены экзэмпляр патрапіў у 1938-1939 гадах праз варшаўскае прамыслова-гандлёвае таварыства “Block-Brun Spółka Akcyjna”. Арыфмометр захоўваўся ў арыгінальным драўляным футляры.
Залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі ВДНГ у 1962 – 1986 гадах узнагароджваліся ўдзельнікі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, якія дабіліся значных поспехаў у працы.
У 1960-х гадах, працуючы ў Глыбоцкім лясгасе на пасадзе інжынера лясных культур, Віктар Антонавіч Ламака заснаваў Глыбоцкі дэндралагічны сад – адзін з буйнейшых у Беларусі па велічыні і відавой разнастайнасці. У 1983 годзе яго праца была адзначана бронзавым медалём ВДНГ.
Драўляны сталовы буфет невядомай вытворчасці. Складаецца з двух частак, не замацаваных паміж сабой. Ніжняя тумба дзеліцца на тры секцыі з асобнымі дзвярыма, вышэй якіх размешчаны тры шуфляды. Цікава, што над сярэдняй шуфлядай схавана спецыяльная высоўная дошка. Верхняя тумба мае больш складаную структуру: па баках знаходзяцца дзве высокія секцыі, паміж якімі месціцца скрыня з двухстворкавымі дзверцамі. Над гэтай скрыняй абсталяваны палічкі ў выглядзе тэрас з балюстрадамі. Буфет багата аздоблены рэльефнай разьбой і шматлікімі дэкаратыўнымі дэталямі ў выглядзе архітэктурных элементаў: калон, арак, карнізаў і інш. Гэты прадмет мэблі мог выкарыстоўвацца для захоўвання посуду, сталовых прыбораў, а таксама закускі і напояў.
Газавая лямпа гандлёвай маркі “Цуд” вытворчасці берлінскай кампаніі “Lampen-Fabrik Ehrich & Graetz”. Прынцып дзеяння свяцільні характэрны для лямпаў падобнага тыпу: у металічную ёмістасць залівалася газа і апускаўся кнот, іншы канец якога быў заціснуты ў гарэлцы. Кнот убіраў у сябе газу і падпальваўся. Шматлікія прарэзы ў гарэлцы забяспечвалі неабходны прыток паветра. Зверху, для лепшай цягі, а таксама, для аховы полымя ад ветру, на гарэлцы замацоўваўся шкляны камінок. З дапамогай адмысловага ключа магчыма рэгуляваць вышыню кнота і, такім чынам, яркасць асвятлення. Акрамя таго, рэгулюецца і вышыня самой лямпы. На ключы-рэгулятары вышыні кнота бачны лагатып вытворцы: два цмокі абапал сонца, ніжэй якога ініцыялы “E” і “G”.
Механічны гадзіннік з будзільнікам работы глыбоцкага майстра М. Залкінда. Акрамя звычайнага гадзіннікавага механізму, мае механізм званка, які прыводзіцца ў рух спружынай і дзейнічае па прынцыпу завадной цацкі. Цыферблат будзільніка адрозніваецца асаблівай інфарматыўнасцю – майстар паклапаціўся пра тое, каб на ім былі ўказаны яго прозвішча, месца зборкі, гатунак і нават гарантыя.
Спіс уладальнікаў прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў мястэчка Глыбокае за 1923 год паведамляе, што майстар гадзіннікаў Залкінд працаваў па адрасу: вул. Замкавая, 26 (сучасная вул. Леніна). Па некаторых звестках, усе неабходныя дэталі да будучых гадзіннікаў ён закупляў у Варшаве, а ў сваёй глыбоцкай майстэрні ўжо ажыццяўляў іх непасрэдную зборку.
Жывапіснае палатно беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Карціна напісана ў блакітна-карычнева-зялёных танах і ўяўляе пейзаж-фантазію з некаторымі італьянскімі рысамі (звяртае на сябе ўвагу лодка, падобная на традыцыйную венецыянскую гандолу). На пярэднім плане бачна постаць вандроўніка, пад якім аўтар, магчыма, разумее сябе. Асабліва ўражваюць створаныя ўяўленнем мастака велічныя архітэктурныя помнікі. Усе элементы карціны складаюцца разам у прывабны вобраз цудоўнай далёкай краіны, які заклікае гледача да падарожжаў.
Дзіўнае ўяўленне Язэпа Драздовіча адкрывае для нас хараство раней нязнаных краін. Ды і для самога творцы, якога нашчадкі называюць “вечным вандроўнікам”, гэта карціна мела асаблівае значэнне.
Тэракотавая керамічная плітка для абліцоўкі печы, як мяркуецца, мясцовай вытворчасці. Вонкавая пласціна кафлі дэкарыравана рэльефным зааморфным малюнкам (верагодна, выявай льва) і выгнута ўнутр; рамкі па краю пласціны няма. Да донца вонкавай пласціны прымацавана румпа, якая надае адваротнаму боку кафлі выгляд адкрытай каробкі. З дапамогай гэтай румпы, у баках якой зроблены дзве адтуліны, кафля мацавалася да печы. У Глыбокім сустракаецца таксама і паліваная кафля – кафля пакрытая глазурай, але тэракотавая была безумоўна таннейшая і прасцейшая ў вытворчасці. Для вырабу вонкавай пласціны выкарыстоўвалася адмысловая драўляная форма, румпа ж выраблялася асобна на ганчарным крузе. На апошнім этапе канчаткова сфармаваная кафля абпальвалася ў горне.