Днямі ў музей прыйшоў незвычайны ліст, унутры якога апынуліся падарункі ад нашага даўняга сябра, музыкі, папулярызатара старажытных беларускіх нацыянальных інструментаў – Віталя Воранава.
На гэты раз Віталь парадаваў нас маркамі, выдадзенымі ў Люксембургу і Ліхтэнштэйне, прысвечанымі старажытнай дударскай традыцыі нашага краю. Кампанію ім склалі цікавыя рэкламныя хромалітаграфічныя карткі-ўкладышы канца ХІХ стагоддзя, галоўным героем якіх выступае персанаж, цесна звязаны з нашым горадам – барон Мюнхгаўзен.



Мы дзякуем Віталю за гэтыя каштоўныя сувеніры, якія папоўнілі наш музейны збор, а таксама віншуем з прыемнай падзеяй – не так даўно ён апынуўся ў Кнізе рэкордаў Гінэса, як уладальнік самай вялікай калекцыі марак, прысвечаных дудзе і дударам. Пажадаем жа Віталю далейшых поспехаў!
(8 ліпеня 2026 года)




У выставачнай зале музея па вуліцы Маскоўскай працягвае работу новы творчы праект "Трагедыя страт і Веліч Перамогі". На выставе дэманструюцца якасныя копіі графічных работ савецкіх мастакоў, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект адбыўся ў нашым горадзе дзякуючы зборам расійскага калекцыянера Уладзіміра Белікава, прадстаўленым для экспанавання прадстаўніцтвам Россупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
Творы, якія дэманструюцца на выставе, былі створаны ў розныя гады, рознымі аўтарамі, якія працавалі ў розных мастацкіх тэхніках. Але важным аб'яднаўчым матывам з'яўляецца той факт, што людзі, якія стварылі гэтыя мастацкія працы, ведалі аб вайне не па чутках – яны перажылі жахі і пазбаўленні вайны ў дзіцячыя гады, што надало карцінам адмысловую шчырасць і эмацыянальнасць.
Выстава, наведаць якую мы запрашаем усіх жадаючых, дапаможа крыху лепш усвядоміць тое, з чым сутыкнулася наша зямля ў лёсавызначальныя гады Вялікай Айчыннай вайны.
(7 ліпеня 2026 года)



У час святкавання Дня Незалежнасці на Цэнтральнай плошчы Глыбокага прайшла выстава-конкурс "Мой горад самы лепшы на зямлі". Глыбочанам і гасцям горада былі прадстаўлены макеты славутасцей нашага раёна, з якімі наведвальнікаў пазнаёміла дырэктар музея Алена Мядзелец.
У конкурсе прынялі ўдзел 19 прадпрыемстваў і арганізацый горада, калектывы якіх падрыхтавалі макеты, прысвечаныя тым аб'ектам, якія з'яўляюцца гонарам нашага краю. Музей прыняў актыўны ўдзел у конкурсе, прадставіўшы макет мемарыяла на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у парку Перамогі (аўтар Віктар Арочка).
За творчы падыход, арыгінальнасць ідэі і мастацкую выразнасць удзельнікі былі адзначаны падзякамі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта, а пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.
(4 ліпеня 2026 года)






Вечар 27 чэрвеня ў культурна-дэндралагічным комплексе вёскі Мосар быў сапраўды святочным! Госці акунуліся ў чароўную атмасферу старажытных купальскіх традыцый, напоўненую музыкай, танцамі і беларускім каларытам.
Адным з самых яркіх момантаў свята стала тэатралізаваная канцэртна-забаўляльная праграма "Як улетку шукалі папараць-кветку". Народны тэатр фальклору "Цярэшка" зрабіў гэты вечар па-сапраўднаму чароўным! Свята не абышлося без традыцыйных забаў і конкурсаў! Асаблівую ўвагу прыцягнуў конкурс, у якім удзельнічалі выключна Іваны! Гэтыя смелыя і таленавітыя мужчыны паказалі сапраўдны клас, дэманструючы свае танцавальныя здольнасці і ствараючы непаўторную атмасферу весялосці.
Купальскі касцёр - гэты старажытны абрад сімвалізуе ачышчэнне, адраджэнне і прыцягненне дабрабыту. Няхай купальскі агонь прынясе ўсім нам святло, цяпло і дабрабыт на цэлы год!
Свята ў Мосары стала сапраўднай музычнай феерыяй! Таленавітыя артысты з Удзелаўскага цэнтра культуры стварылі асаблівую, святочную атмасферу, напоўненую энергіяй і пазітывам. А калі ноч стала зусім глыбокай, гасцей запрасілі на рэтра-дыскатэку "На Івана, на Купала"! Гэта была выдатная магчымасць павесяліцца ад душы, патанцаваць пад любімыя хіты і працягнуць святкаванне Купалля ў рытме танца!
(29 чэрвеня 2026 года)



У дні летніх канікулаў для дзяцей школьных лагераў супрацоўнікамі нашага музея было падрыхтавана і праведзена некалькі інтэрактыўных ігравых мерапрыемстваў. Так, для дзяцей аздараўленчага лагера "Вясёлка" пры Дзеркаўшчынскай базавай школе, была падрыхтавана гульнявая пляцоўка "Музейная прастора", якая расказвае пра гісторыю грашовага абарачэння як на беларускіх землях, так і ў іншых краінах свету.
Для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера "Крынічка", размешчанага на маляўнічым азёрным беразе вёскі Івесь, супрацоўнікі правялі пазнавальны музейны занятак "Продкі нашых рэчаў", а таксама згулялі ў музейную гульню "Клады Глыбоччыны", дзе дзеці старанна шукалі схаваныя манеты і адказвалі на тэматычныя пытанні.
Падобныя музейныя мерапрыемствы дазваляюць у поўнай меры сумясціць прыемнае з карысным - не толькі адпачыць і ўдосталь нагуляцца, але і даведацца пра нешта новае і цікавае з гістарычнага мінулага.
(26 чэрвеня 2026 года)



Прэзентацыя кнігі "Кудесник белорусского леса" прайшла 24 чэрвеня ў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Выданне, прысвечанае памяці глыбоцкага лесавода Віктара Антонавіча Ламакі, прадставіла прысутным аўтар і складальнік - Ларыса Нядбайла. Ларыса Дзмітрыеўна асабіста добра ведала Віктара Антонавіча, сябравала з ім на працягу многіх гадоў і падтрымлівала яго ва ўсіх справах і пачынаннях.
Кніга, у якую ўвайшлі дакументы, запіскі, матэрыялы з асабістага архіва Віктара Ламака, расказвае пра жыццёвы і працоўны шлях вядомага інжынера-лесавода, заснавальніка Глыбоцкага дэндралагічнага сада, пра яго справы, інтарэсы і захапленні.
У прэзентацыі прыняла ўдзел і галоўны захавальнік фондаў музея Вольга Бахір, якая расказала аб прадметах і асабістых рэчах заснавальніка дэндралагічнага саду, што захоўваюцца ў нашым музеі. Адзін экзэмпляр кнігі з даравальным подпісам складальніка быў урачыста перададзены музею, тым самым папоўніўшы матэрыялы пра Чалавека, чый жыццёвы шлях з'яўляецца прыкладам прафесіяналізму, самаахвярнай любові да сваёй малой радзімы і адданасці служэння сваёй справе.
(25 чэрвеня 2026 года)
19 чэрвеня 2026 года ў гарадскім Доме культуры адбыўся паказ і сустрэча з творчай групай фільма "Блізняты Асвенцыма", на якую былі запрошаны навучэнцы школ і прадстаўнікі гарадскіх арганізацый. Карціна рэжысёра Вольгі Барыскевіч, расказвае пра лёс дзяцей-двайнят, разлучаных з маці і зведаўшых усе жахі канцэнтрацыйнага лагера.
Пасля прагляду фільма рэжысёр і акцёры адказалі на пытанні вядучага мерапрыемства - дырэктара музея Алены Мядзелец, а таксама падзяліліся з залай кранальнымі момантамі, якія запомніліся героям фільма з моманту здымак.
Творчая група фільма была адзначана падзякай Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта за ўклад у патрыятычнае выхаванне і захаванне гістарычнай памяці.
(19 чэрвеня 2026 года)



17 чэрвеня на тэматычнай пляцоўцы "Будучыня пачынаецца сёння" ў гарадскім Доме культуры супрацоўнікі музея для дзяцей і падлеткаў правялі музейную гульню. Удзельнікі гульні, падзяліўшыся на тры каманды, актыўна адказвалі на пытанні, звязаныя з гістарычным мінулым роднага краю. За правільныя адказы яны атрымлівалі выйгрышныя балы, падлічыўшы якія быў вызначаны пераможца. А перамаглі мацнейшыя.
(18 чэрвеня 2026 года)
У разгар летніх канікулаў наш музей актыўна працуе з наведвальнікамі школьных аздараўленчых лагераў, якія імкнуцца патрапіць на забаўляльна-гульнявую выставу "Маша і Мядзведзь". І гэта не выпадкова – на ёй кожнае дзіця можа знайсці занятак па душы.
Тут можна не толькі атрымаць вычарпальную інфармацыю аб развіцці савецкай мультыплікацыі, але і зрабіць памятнае фота з любімымі мультыплікацыйнымі героямі. Ну і, вядома ж, пагуляць у розныя рухомыя і лагічныя гульні - паспрабаваць скласці мульт-пазлы, накінуць кольцы на мульцяшнага зайца, "накарміць" ваўка, выканаць заданні цацачнага доміка.
Гульнявая і вясёлая атмасфера ў музеі працягнецца да канца ліпеня. Спяшайцеся атрымаць незабыўныя адчуванні!
(15 чэрвеня 2026 года)








11-12 чэрвеня 2026 года Глыбоччына сустракала ўдзельнікаў рэспубліканскага велапрабегу, прысвечанага Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне і памяці Сабора Беларускіх святых. 11 чэрвеня ўдзельнікі велапрабегу наведалі мемарыяльны комплекс "Барок" і ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым у лагеры савецкім ваеннапалонным.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі падрыхтаваў экскурс у гісторыю, расказаўшы прысутным пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Завяршыўся мітынг хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да падножжа манумента.
(12 чэрвеня 2026 года)





















