Заваёўваем космас

Вучні 6 Б класа сярэдняй школы №1 першымі з глыбачан адправіліся пакараць космас, і ўжо паспелі пабываць на ігравым...

"Памятаць. Нельга забыцца"

Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікамі музея праведзена дыялогавая...

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Ужо традыцыйным для нашага музея стала правядзенне анлайн мерапрыемстваў у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У...

"Браслаўскія зоры" для Глыбоччыны

30 сакавіка 2026 года ў нашым музеі адбылася прэзентацыя выставы-вернісажу "Браслаўскія зоры", на якой прысутнічалі...

Музейныя канікулы

На вясновых канікулах супрацоўнікамі музея праведзены розныя пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, якія...

«Платочной радуги узор»

Пад такой назвай пачала работу ў нашым горадзе выстава арыгінальных паўлавапасадскіх хустак і шаляў з прыватнай...

«Памятаць, каб жыць»

16 сакавіка супрацоўнікамі музея для вучняў Шунеўскай базавай школы была праведзена гістарычная гадзіна «Памятаць, каб...

Вярхнянская царква. Фота пач. ХХ ст.Рэвізскія сказкі з’яўляюцца пайменным спісам жыхароў населенага пункта або маёнтка ў Расійскай імперыі XVIII – XIX стагоддзяў. Па сутнасці – гэта агульнадзяржаўны перапіс насельніцтва, які праводзіўся ў мэтах падушнага падаткаабкладання. У іх указваліся імя, імя па бацьку і прозвішча ўладальніка двара, яго ўзрост, а таксама імёны і ўзрост іншых членаў сям’і. Пазначалася і тое, кім яны даводзіліся галаве сям’і. Магла ў рэвізскіх сказках прысутнічаць і інфармацыя іншага кшталту, напрыклад, пра саслоўнае паходжанне ўладальніка двара, альбо пра навучанне членаў яго сям’і. Галоўнай асаблівасцю такіх рэвізій быў іх саслоўны характар – звесткі пра мяшчан, сялян, шляхту і духавенства падаваліся асобна. 

Пасля таго, як у 1793 – 1795 гадах землі ВКЛ канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, падобныя перапісы пачалі праводзіць і на тэрыторыі сучаснага Глыбоцкага раёна. Першы з іх адбыўся ў 1795 годзе, а запісы ў рэвізскіх сказках вяліся на дзвюх мовах – рускай і польскай. У гэты час тэрыторыя Глыбоччыны ўваходзіла ў склад Дзісенскага і Пастаўскага паветаў новастворанай Мінскай губерні, прычым асноўная частка Глыбоцкага краю апынулася ў Дзісенскім павеце, а да Пастаўскага адышоў толькі яго заходні ўскраек. Пастаўскі павет праіснаваў толькі тры гады, і ўжо ў 1796 годзе яго тэрыторыя была падзелена паміж Дзісенскім і Вілейскім паветамі Мінскай губерні, пасля чаго сучасная тэрыторыя Глыбоцкага раёна амаль цалкам апынулася ў складзе першага.

 Мосарскі касцёл. Фота пач. ХХ ст.Дзякуючы таму, што ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца рэвізскія сказкі Пастаўскага павета за 1795 год, існуе магчымасць даведацца аб колькасным, саслоўным і нацыянальным складзе насельніцтва заходняй часткі Глыбоцкага раёна больш чым двухсотгадовай даўніны. Асабліва цікавымі падаюцца звесткі пра стан духавенства пазначанай тэрыторыі, бо яны змяшчаюць у сабе не толькі дадзеныя пра сям’ю духоўнай асобы, але і згадваюць тыя прыходы, дзе гэты святар служыў.

Падчас перапісу сям’і святара ўся інфармацыя зводзілася ў асобную ведамасць. На гэты час у рэвізскіх сказках Пастаўскага павета ўдалося адшукаць тры ведамасці, якія маюць дачыненне да Глыбоччыны: дзве з іх датычацца сямей настаяцеляў уніяцкіх цэркваў вёсак Мосар і Верхняе, апошняя належыць ксяндзу Мосарскага касцёла.

Рэвізію мосарскага духавенства правялі за два дні. 28 кастрычніка 1795 года перапісчыкі завіталі да ксяндза, а на наступны дзень – да ўніяцкага святара. Згодна матэрыялаў першай мосарскай ведамасці настаяцелем касцёла Святой Ганны быў ксёндз-плябан Павел Бартламеевіч Дапшэвіч (Paweł Bartłomieia syn Dopszewicz), якому на момант перапісу было 36 гадоў. Асобна ў рэвізіі адзначаны той факт, што паходзіў ксёндз са шляхты. Згадваецца ў дакуменце аб прыналежнасці парафіі да Віленскага біскупства, адміністратарам якога тады быў біскуп-суфраган Давыд Пільхоўскі. Мосарскі касцёл быў узведзены намаганнямі ўладальнікаў вёскі – графа Роберта Бжастоўскага і яго жонкі Ганны Бжастоўскай. 8 сакавіка 1792 года яны адпісалі на будаўніцтва храма 1000 злотых, іх фундуш быў зацверджаны праз пяць дзён эдыктам віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага. Улічваючы той факт, што ад пачатку будаўніцтва касцёла да правядзення рэвізіі прайшло толькі тры гады, цалкам верагодна, што ўзгаданая ведамасць прыводзіць звесткі пра першага каталіцкага святара адной з самых вядомых парафій сучаснай Віцебскай дыяцэзіі. 

Другая ведамасць адкрывае шмат цікавага пра мясцовага ўніяцкага святара і яго сям’ю. У мосарскай царкве Святога Мікалая служыў 48-гадовы іерэй Іван Пятровіч Шэстак (Jan Piotra syn Szestak). Паколькі ўніяцкім святарам, у адрозненне ад каталіцкіх, не забаранялася браць шлюб, айцец Іван меў сям’ю (і даволі вялікую). Разам з жонкай Домнай Аляксандраўнай (38 гадоў) бацюшка выхоўваў сем дзяцей: сыноў - Пятра (12 гадоў), Ануфрыя (9 гадоў), Аляксандра (8 гадоў), Івана (6 гадоў), Фадзея (3 гады) і дачок - Вінцэнту (14 гадоў) і Агаф’ю (11 гадоў). У дакуменце адзначана, што тры старэйшыя сыны Івана Шэстака наведвалі вучылішча, дзе навучаліся “польскім і лацінскім навукам”. Дочкам Вінцэнце і Агаф’і, якія па свайму ўзросту братам ніколькі не саступалі, на вучобу, відаць, разлічваць не даводзілася. 

Апошняя са знойдзеных святарскіх ведамасцяў змяшчае звесткі пра ўніяцкага святара вёскі Верхняе. Настаяцелем царквы, асвечанай у гонар Праабражэння Гасподняга, запісаны іерэй Міхаіл Гаўрылавіч Вярыга (Michał Gabryela syn Weryho), якому на той момант споўнілася 65 гадоў. Жонкай айца Міхаіла была 49-гадовая Алена Восіпаўна. У іх было чацвёра дзяцей: сыны - Іван (14 гадоў) і Антон (9 гадоў), дочкі - Варвара (20 гадоў) і Марта (12 гадоў). З усіх дзяцей толькі старэйшы сын наведваў вучылішча, дзе спасцігаў “польскую і лацінскую навуку”. Як і мосарскі храм, вярхнянская царква адносілася да ўніяцкай Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі. 

Праз некалькі дзесяцігоддзяў усе тры вышэйназваныя прыходы звязала даволі цікавая гісторыя поўная эмоцый і супрацьстаяння, ў цэнтры якой была ікона Святога Мікалая. Пра гісторыю гэту ў 1884 годзе ў вершаванай форме  расказаў праваслаўны святар Іаан Чарнякевіч на старонках “Літоўскіх епархіяльных ведамасцяў”. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1884 года праваслаўнае духавенства Дзісенскага павета святкавала 50-годдзе святарства настаяцеля вярхнянскай царквы Іларыёна Яжгуновіча, які служыў у Верхнім з 1834 года. Да юбілею вярхнянскага бацюшкі Іаан Чарнякевіч падрыхтаваў невялікую “оду”, дзе дастаткова яскрава апісаў усю гісторыю канфлікту вакол іконы цудатворца і, канешне, асабліва падкрэсліў ролю айца Іларыёна ў яго пераможным вырашэнні. Сэнс канфлікту ў тым, што пасля пабудовы ў Мосары касцёла Святой Ганны мясцовы ўніяцкі прыход паступова прыйшоў у заняпад. Мосарскія ўніяты пачалі масава пераходзіць у каталіцтва, чаму актыўна садзейнічалі ўладальнікі вёскі графы Бжастоўскія. Нарэшце, было вырашана перанесці ў касцёл галоўную рэліквію ўніяцкага храма – ікону Святога Мікалая. Пра наступныя падзеі лепш за ўсё распавядуць радкі з вершаванага прывітання святара Чарнякевіча да юбіляра: 

“Нежданно для него (графа Бжастоўскага) ты поднял весь приход, 

С крестом, с хоругвями пошёл с ним крестным ходом, 

В Мосар и там забрал Святого Образ тот, 

Что в Верхнем и теперь так славится народом.” 

На гэтым, калі давяраць аўтару верша, канфлікт не быў вычарпаны, але яго вынікі змяненняў ужо не мелі – мосарская ікона Цудатворца Мікалая засталася ў царкве вёскі Верхняе, якая пасля Полацкага царкоўнага сабору 1839 года ў ліку іншых уніяцкіх храмаў Глыбоччыны была асвечана на праваслаўны лад. 

Такім чынам, рэвізскія сказкі Пастаўскага павета 1795 года з’яўляюцца карыснай крыніцай па гісторыі Глыбоччыны, дзякуючы якой, існуе магчымасць атрымаць шмат цікавых фактаў пра людзей, якія звыш двухсот год назад былі духоўнымі настаўнікамі жыхароў Мосара і Верхняга, гісторыю якіх звязваюць досыць незвычайныя падзеі.