Кароткі нарыс па гісторыі Глыбокага
Глыбокае ўпершыню ўзгадваецца пад 1414 годам, як зямля, што належыла Зяновію Братошычу. Ён атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валодаць бацькоўскімі маёнткамі (сярод іх упамінаецца Глыбокае). Наступны ўспамін пра Глыбокае ўжо датуецца 1514 годам у Літоўскай метрыцы, дзе адзначаецца што “старец пана Юрия Дисненского... забил человека пана его милости Верхнянца... идучи з торгов з имения пана Юрия з Глубокого...”. Адсюль бачна, што ўжо на пачатак 16 ст. мястэчка было буйным гандлёвым цэнтрам акругі.
Рака Бярозаўка падзяляла Глыбокае на 2 часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-ўсходняя – Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі была гандлёвая плошча з крамамі, свірнамі, уніяцкай царквой з плябаніяй, шпіталем. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Беразвечча.
У 1563 – 79 гг. у перыяд Інфлянцкай вайны Глыбокаму і наваколлю былі прычынены значныя страты маскоўскімі войскамі. У канцы вайны праз мястэчка праходзілі войскі Стафана Баторыя ў час яго паходаў на Полацк і Пскоў. У канцы 16 ст. ў Глыбокім заснаваны кальвінскі збор (у пачатку 17 ст. на яго месцы пабудаваны касцёл св. Міхаіла, які праіснаваў да 1650 года), бібліятэка і школа. З 1628 года пачаў дзейнічаць Траецкі касцёл. У 1636 года ваявода мсціслаўскі і староста дзісенскі І.Л. Корсак заснаваў на сваёй частцы Глыбокага касцёл і кляштар ордэна кармелітаў; пры кляштары дзейнічала вучылішча. У сярэдзіне 17 ст. пабудавана царква Св. Тройцы (пасля пажару ў 1838 года адноўлена, зноў згарэла ў 1880 годзе).
У перыяд вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654 – 67 гг. Глыбокае займалі маскоўскія войскі. Яны пабудавалі тут невялікую драўляную крэпасць – «острог», у якой размяшчаўся гарнізон. У студзені 1659 года мястэчка заняў атрад войска ВКЛ. 6.11.1661 каля Глыбокага войска ВКЛ на чале з С. Чарнецкім разбіла маскоўскія войскі пад камандаваннем І.А. Хаванскага (больш за 18 тыс. чалавек), захапіўшы 6 гармат, вялікі запас пораху, звыш шасці тысяч павозак з правіянтам. У бітве загінула звыш 6 тыс. маскоўцаў, уцалелыя ўцяклі ў Полацк. Жыхары Глыбокага мелі сваю вайсковую арганізацыю. Мяшчане былі ўзброены халоднай і агнястрэльнай зброяй. 24.7.1667 апалчэнне глыбачан у некалькі соцень чалавек дало адпор марадзёрам венгерскай харугвы літоўскага польнага гетмана Валовіча, якія не вытрымалі атакі і адступілі ад Глыбокага, страціўшы трох забітых і шмат параненых. Абаронцы Глыбокага захапілі шмат мушкетаў, шабель, рознай амуніцыі і ротную казну.
Мястэчка моцна пацярпела ад пажараў 1661 і 1700 гадоў. У 1668 годзе паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла да Радзівілаў, у 19 ст. – да Вітгенштэйнаў. Згодна інвентара 1702 года, сядзібны комплекс Радзівілаў у Глыбокім уключаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, 2-павярховы лямус з галерэямі, свірны, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам, іншыя гаспадарчыя будынкі. У маёнтку налічвалася 263 двары.
У 18 ст. у мястэчку маюцца дзве гандлёвыя плошчы з крамамі; пераважна драўляная 1-павярховая забудова (у 1775 годзе налічвалася 310 дамоў, у Корсакавай частцы – 100 двароў). У 1742 гадзе ў Глыбокім пабудавана сінагога, у 1805 годзе – Ільінская капліца на могілках. Пры кляштары кармелітаў у 18 – 19 ст. працавалі школа, бібліятэка, аптэка, шпіталь. Кляштар меў 40 музыкантаў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) мястэчка Глыбокае ў складзе Дзісенскага павета.
У 1812 годзе, з ліпеня да снежня, Глыбокае было занята французскімі войскамі. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады.
У час паўстання 1830 – 31 гг. (красавік – май 1831 года) каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з урадавымі войскамі.
З 1842 годзе паўнёва-ўсходняя частка мястэчка знаходзілася ў валоданні дзяржавы, паўднёва-заходняя заставалася прыватнаўласніцкай; Глыбокае было цэнтрам Глыбоцкай воласці. 212 двароў, 2161 жыхар (1861). У 1886 годзе ў Глыбокім дзейнічалі народнае вучылішча, піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватных крам; у нядзелю збіраліся рынкі, штогод — 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 года, у мястэчку 5564 жыхары. У 1-ю сусветную вайну да Глыбокага пракладзена чыгунка.
У лістападзе 1917 годзе ў мястэчку былі арганізаваны першыя саветы. У лютым - снежні 1918 года Глыбокае акупіравалі германскія войскі. У жніўні 1919 – ліпені 1920 г. і кастрычніку 1920 г. Глыбокае было занята войскамі Польшчы. 5.7.1920 у ваколіцах Глыбокага адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула 1,5 тыс. чалавек.
У 1921 – 39 гг. мястэчка ў складзе Польшчы; цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Да 1939 года Глыбокае – мястэчка, у якім было 9,7 тыс. жыхароў, цукерачная фабрыка, гарбарны завод, млын, павятовая ўправа, польская гімназія, прыватныя крамы, склады тавараў. Кожны чацвер праводзіліся базары, штогод – 4 кірмашы.
З восені 1939 года Глыбоччына ўваходзіць у склад БССР. 15 студзеня 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР утвораны Глыбоцкі раён (цэнтр – г. Глыбокае) – адміністрацыйная частка Вілейскай вобласці. У яго склад уваходзілі горад Глыбокае, воласць Глыбоцкая і частка Залескай воласці Дзісненскага павета. Тэрыторыя раёна складала 592 кв. км. з насельніцтвам 35099 чалавек (у Глыбокім – 9650).
У часы Вялікай Айчыннай вайны Глыбокае акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Горад быў ператвораны ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята «Остланд». Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Акупанты стварылі ў Глыбокім яўрэйскае гета, якое было цалкам знішчана ў 1943 годзе. У раёне Беразвечча размяшчаўся лагер смерці, у якім за часы яго існавання было знішчана звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных.
3 ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі горад Глыбокае. На момант вызвалення ў Глыбоцкім раёне налічвалася 269 населеных пунктаў, у якіх пражывала 26629 чалавек (колькасць жыхароў самога Глыбокага скарацілася ўтрая).
Згодна новаму адміністрацыйнаму падзелу (з 20 верасня 1944 года) тэрыторыя Глыбоцкага раёна стала адзінкай Полацкай вобласці.
У студзені 1954 года адбылася яшчэ адна адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна якой Глыбоцкі і Пліскі раёны сталі часткай Маладзечанскай вобласці.
З 20 студзеня 1960 года раён знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласці. У снежні 1962 года адбылося ўзбуйненне Глыбоцкага раёна за кошт тэрыторыі ліквідаванага Пліскага раёна.
Горад захаваў радыяльную планіроўку са свабодным унутрыквартальным размяшчэннем вуліц, якая склалася ў 17 – 18 ст. Зберагліся будынкі 18 – 19 ст.: буйнейшыя архітэктурныя комплексы – касцёл і кляштар кармелітаў (1639 – 54 гг.), Траецкі касцёл (1764 – 82 гг., перабудаваны ў 1902 – 08 гг.), фрагменты гарадской забудовы 19 – пач. 20 ст. На могілках Капцёўка знаходзяцца Ільінская капліца і мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У межы сучаснага горада ўвайшоў комплекс Беразвецкага базыльянскага манастыра (18 ст.), у будынках якога размяшчаецца турма.




















