Заваёўваем космас

Вучні 6 Б класа сярэдняй школы №1 першымі з глыбачан адправіліся пакараць космас, і ўжо паспелі пабываць на ігравым...

"Памятаць. Нельга забыцца"

Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікамі музея праведзена дыялогавая...

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Ужо традыцыйным для нашага музея стала правядзенне анлайн мерапрыемстваў у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У...

"Браслаўскія зоры" для Глыбоччыны

30 сакавіка 2026 года ў нашым музеі адбылася прэзентацыя выставы-вернісажу "Браслаўскія зоры", на якой прысутнічалі...

Музейныя канікулы

На вясновых канікулах супрацоўнікамі музея праведзены розныя пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, якія...

«Платочной радуги узор»

Пад такой назвай пачала работу ў нашым горадзе выстава арыгінальных паўлавапасадскіх хустак і шаляў з прыватнай...

«Памятаць, каб жыць»

16 сакавіка супрацоўнікамі музея для вучняў Шунеўскай базавай школы была праведзена гістарычная гадзіна «Памятаць, каб...

Выступленне артыстаў перад хлебаробамі калгаса “17 верасня”Вёска Галубчыкі згадваецца яшчэ ў пісьмовых крыніцах канца XVIII ст., таму ўзрост вёскі налічвае ніяк не менш двух стагоддзяў. На той час вёска была ўладаннем знакамітага на Глыбоччыне шляхецкага роду Корсакаў, і належала ім аж да другой паловы XIX ст. Распавядаючы пра Галубчыкі, неабходна ўспомніць і тыя вёскі, якія ў свой час былі сюды сселены: Сідары, Зеляцініна і Папкі. Пэўную інфармацыю пра гэтыя вёскі дае “Царкоўна-прыходскі летапіс Залескай Свята-Пакроўскай царквы Літоўскай епархіі…”. Згодна гэтага дакумента, у 1880 годзе Галубчыкі мелі 6 двароў, Сідары – 9 двароў, Зеляцініна – 7 двароў. Вёску Стары Двор святар у сваім летапісе не ўспамінае, але, магчыма, гэты населены пункт на той час ужо існаваў у якасці фальварка графа Забелы. Прынамсі так ён пазначаны ў першым агульнарасійскім перапісе насельніцтва 1897 года. Гэты перапіс дае цікавыя звесткі і па насельніцтву, і па землях Галубчыкаў, Сідараў, Зеляцініна, Папкоў. 

Даныя перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.:

вёска Галубчыкі: 61 жыхар (28 мужчын, 33 жанчыны), 65 дзесяцін зямлі

в. Сідары: 63 жыхары (30 м., 33 ж.), 66 дзесяцін

в. Зеляцініна: 76 жыхароў (40 м., 36 ж.), 83 дзесяціны

хутар Зеляцініна: 12 жыхароў (8 м., 4 ж.), 1 дзесяціна

хутар Папкі: 11 жыхароў (3 м., 8 ж.), 120 дзесяцін

фальварак Стары Двор: 4 жыхары (3 м., 1 ж.), 233 дзесяціны

Агітпункт калгаса "17 верасня"Перапіс паведамляе і тое, што землі хутароў Зеляцініна і Папкі належалі Корсакам, фальварак Стары Двор, як і пісалася раней, належаў Забелам. Усе гэтыя населеныя пункты на той час уваходзілі ў склад Залескай воласці Дзісенскага ўезда Віленскай губерні. Адміністрацыйную прыналежнасць не змянілі нават бурлівыя падзеі савецка-польскай вайны і заключанага пасля Рыжскага мірнага дагавора. Усе гэтыя вёскі і хутары атрымалі статус калоній (згуртаванне хутароў) і апынуліся на тэрыторыі Залескай гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства адноўленай Польскай дзяржавы. Звесткі польскага перапісу пачатку 1930-х гадоў даюць магчымасць прасачыць змяненні ў насельніцтве і зямельным фондзе населеных пунктаў у параўнанні з канцом XIX ст.

Даныя перапісу насельніцтва Дзісенскага павета 1930-х гг.:

калонія Галубчыкі: 37 жыхароў, 65 дзесяцін зямлі

к. Сідары: 60 жыхароў, 67 дзесяцін

к. Зеляцініна: 52 жыхары, 84 дзесяціны

к. Папкі: 26 жыхароў, 108 дзесяцін

к. Стары Двор: 40 жыхароў, 198 дзесяцін

Паказальны рост насельніцтва Старога Двара – за 30 год яно павялічваецца  ў 10 разоў, і звязана гэта з тым, што землі былога фальварка Забелаў актыўна раскупляюць заможныя гаспадары, якія будуюць на іх свае двары. 

17 верасня 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўступаюць савецкія войскі. З 15 студзеня 1940 года Галубчыкі, Сідары, Зеляцініна, Папкі і Стары Двор належаць да новастворанага Глыбоцкага раёна Вілейскай вобласці БССР. Успыхнуўшая ў хуткім часе вайна паміж Германіяй і СССР амаль не закранула гэтых вёсак, а ў пачатку ліпеня 1944 года ўсе яны былі вызвалены савецкай арміяй. Многія жыхары названых вёсак пайшлі пасля вызвалення Глыбоччыны ў дзеючую армію і мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Дакладна вядомы імёны 14 ураджэнцаў Галубчыкаў, Сідараў, Зеляцініна і Папкоў, якія загінулі на той вайне. Жыхары вёсак паступова вярталіся да мірнай працы, але наперадзе іх чакалі значныя перамены – праз некалькі год пасля вызвалення ў раёне пачалася паўсюдная калектывізацыя. Ствараецца калгас і ў гэтай мясцовасці.

Калгас “17 верасня” быў утвораны 1 верасня 1948 года па ініцыятыве жыхароў вёскі Стары Двор. У хуткім часе да першых калгаснікаў далучыліся вяскоўцы з Галубчыкаў, Зеляцініна і Папкоў. Першым старшынёй калгаса стаў Крывёнак Мікалай Уладзіміравіч, але яшчэ да канца года старшыня мяняецца і новым кіраўніком гаспадаркі прызначаецца Бахір Антон Якаўлевіч. З 1951 года калгасам кіраваў будучы Герой Сацыялістычнай працы Пугаўка Леанід Канстанцінавіч, які, атрымаўшы пасаду кіраўніка калгаса, пасяліўся ў Галубчыках. У першы ж год яго кіраўніцтва тэрыторыя калгаса пашыраецца за кошт вёсак Храмыя, Бабічы, Бараны, Матошкі, Нарушова і інш. Таму, калі на 1 студзеня 1951 года ў калгасе налічвалася толькі 48 двароў, то на 1 студзеня 1953 года – ужо 223. Цэнтрам маладога калгаса стала вёска Галубчыкі і заставалася ім да 1962 года, пакуль цэнтр не перанеслі ў вёску Бабічы. 

Пачатковую адукацыю маленькія вяскоўцы атрымоўвалі ў Папкоўскай пачатковай школе, што была адчынена ў гэтай вёсцы адразу пасля вайны і месцілася ў здымным памяшканні. У пачатку 1960-х гг. школа з Папкоў была пераведзена ў суседнія Галубчыкі, дзе быў пабудаваны асобны будынак. Скончылася ж гісторыя мясцовай установы адукацыі ў 1978 годзе. Бліжэйшая сярэдняя школа месцілася ў цэнтры сельсавета – вёсцы Узрэчча.

Выступленне артыстаў перад хлебаробамі калгаса “17 верасня”У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. у сувязі з правядзеннем электрыфікацыі ажыццяўляецца масавае ссяленне жыхароў вёсак Зеляцініна, Папкі і Сідары ў вёску Галубчыкі. Гэта тлумачыць імклівы рост насельніцтва вёскі, якое за некалькі гадоў павялічылася больш чым у чатыры разы.  Вёскі ж Зеляцініна, Сідары і Папкі ў хуткім часе пасля гэтых падзей спыняюць сваё існаванне. Цікавы той факт, што Зеляцініна і, асабліва, Сідары па колькасці жыхароў перавышалі Галубчыкі, што пацвярджаюць і пагаспадарчыя кнігі тых часоў, але ўсё ж былі вымушаны ссяляцца ў цэнтр калгаса.

Даныя пагаспадарчых кніг за 1953 год:

вёска Галубчыкі: 11 гаспадарак, 37 жыхароў

в. Сідары: 13 гаспадарак, 61 жыхар

в. Зеляцініна: 9 гаспадарак, 49 жыхароў

в. Папкі: 9 гаспадарак, 36 жыхароў

в. Стары Двор: 8 гаспадарак, 40 жыхароў

Даныя пагаспадарчых кніг за 1963 год:

вёска Галубчыкі: 36 гаспадарак, 145 жыхароў

в. Сідары: 1 гаспадарка, 4 жыхары

в. Зеляцініна: 2 гаспадаркі, 6 жыхароў

в. Папкі: 4 гаспадаркі, 11 жыхароў

в. Стары Двор: 12 гаспадарак, 51 жыхар

У наш час вёскі Галубчыкі і Стары Двор, якіх раздзяляе толькі паўкіламетра, па-ранейшаму уваходзяць ва Узрэцкі сельсавет Глыбоцкага раёна, а землі вакол вёсак належаць СВК “Залатая падкова” – пераемніку калгаса “17 верасня”.