Гонар Глыбоцкага раёна
У пачатку 1959 года на паліцах бібліятэк і ў кнігарнях з’явілася новая кніга пад назвай “Дасягненні калгасаў Глыбоцкага раёна”. І гэта не маленькі буклет, а фундаментальнае выданне тыражом 5 тысяч экзэмпляраў, у цвёрдай вокладцы і на 120 старонках. Кніга была падрыхтавана Дзяржаўным выдавецтвам БССР у апошнія дні 1958 года. А нагодай таму сталі значныя дасягненні ўсіх 19 калгасаў Глыбоцкага раёна на дадзеным этапе іх развіцця. Справа ў тым, што за высокія дасягненні ў ільнаводстве, а таксама ў вытворчасці малака і мяса, наш раён быў пастаянным удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, а з 1958 года Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (ВДНГ). У 1957 годзе наш раён не проста удзельнічаў у выставе, але і быў узнагароджаны Дыпломам І ступені. Лепшыя калгасы раёна “Перамога” і “17 верасня” былі адзначаны на выставе Дыпломамі пашаны. Калгасы імя Жданава, імя Калініна, імя Сталіна і “Зара” узнагароджаны Дыпломамі ІІ ступені. Астатнія калгасы раёна атрымалі каштоўныя прэміі. 74 працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна былі ўзнагароджаны медалямі і каштоўнымі падарункамі, а 18 з іх атрымалі залатыя медалі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Як кажуць, ганарыцца было чым.
На момант друкавання кнігі, сярод працаўнікоў вёскі Глыбоцкага раёна чатыры мелі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Яшчэ ў 1950 годзе кіраўнік калгаса “Перамога” Міхаіл Васільевіч Лытысаў і звеннявы той жа гаспадаркі Мацюшонак Міхаіл Міхайлавіч, за высокія паказчыкі ў вырошчванні ільну, былі узнагароджаны гэтым ганаровым званнем. 18 студзеня 1958 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР старшыні калгаса “17 верасня” Леаніду Канстанцінавічу Пугаўку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі па вытворчасці збожжа, бульбы, ільну, мяса, малака і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту. І ў гэтым жа годзе брыгадзір трактарнай брыгады Соф’я Мартынаўна Юргель таксама стала Героем Сацыялістычнай Працы. Акрамя вышэйшых узнагарод дзяржавы, многія працаўнікі сельскай гаспадаркі Глыбоччыны ў 1958 годзе былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Дзякуючы чаму калгасы Глыбоцкага раёна змаглі здзейсніць эфектыўны і якасны скачок у сваім развіцці? Адказ на гэта пытанне з лёгкасцю можна прачытаць ў кожным радку кнігі. Высокіх поспехаў аграрыі раёна дасягнулі дзякуючы “вядзенню грамадскай гаспадаркі на навуковай аснове, укараненню ў вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ўсяго новага, перадавога, што здабыта нашай навукай і перадавой практыкай”. Менавіта дзякуючы перадавым тэхналогіям вядзення сельскай гаспадаркі памножаным на самаадданую працу вяскоўцаў, Глыбоцкі раён у канцы 1950-х гг. лічыўся адным з лепшых не толькі ў рэспубліцы, але і на прасторах Савецкага Саюза. А доказам таму з’яўляюцца праведзеныя ў кнізе факты, а галоўнае лічбы.
Напрыклад, у калгасе імя Калініна “у 1953 годзе ўраджайнасць збожжавых культур складала толькі 7,6 цэнтнера з гектара, а надой малака 852 кілаграмы на адну карову, то ў 1957 годзе атрымана па 22,2 цэнтнера з гектара збожжа і надоена малака па 2 221 кілаграмаў на адну карову”. І гэта прыклад паспяховага развіцця адной з адстаючых гаспадарак раёна. У калгасе ж “17 верасня”, які лічыўся адным з лепшых у раёне, “у мінулым годзе з кожнага гектара пасеву было сабрана па 23,3 цэнтнера збожжа – амаль у два з палавінай разы больш, чым у 1953 годзе”. Не цяжка здагадацца, чаму паказчыкі дасягненняў гаспадарак Глыбоччыны 1958 года параўноўваюцца з 1953 годам. Эпоха праўлення Мікіты Сяргеевіча Хрушчова (1953-64 гг.) характарызуецца шэрагам рэформ, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы.
Трэба заўважыць, што кніга пра сельскую гаспадарку Глыбоччыны была надрукавана ў самы разгар так званай “кукурузнай кампаніі”, а таму не магла не закрануць дадзеную тэму. А для таго каб “пераадоліць антыкукурузны настрой сярод асобных кіруючых работнікаў калгасаў”, на канкрэтных прыкладах і лічбах аўтары кнігі падрабязна апісваюць тэхналогію вырошчвання “царыцы палёў” ў калгасах раёна. Здавалася, што дадзеная сельскагаспадарчая культура павінна была займаць галоўныя пазіцыі ў гаспадарках раёна таго часу.
Але ж на першым месцы сярод культур Глыбоччыны быў лён. Дзякуючы вырошчванню гэтай сельскагаспадарчай культуры пра наш раён ведалі не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. “Ільнаводства ў калгасах Глыбоцкага раёна з’яўляецца адной з вядучых і высокадаходных галін грамадскай гаспадаркі”. І гэта не проста радок тэксту з кнігі – гэта сапраўдны гонар Глыбоччыны. Прыроднымі і кліматычнымі ўмовамі было наканавана нашаму раёну дасягнуць высокіх паказчыкаў у вырошчванні дадзенай культуры. А супрацоўніцтва з вучонымі Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук і эксперыментальнай базы Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР дазволіла калгасам Глыбоччыны атрымліваць рэкордныя ўраджаі ільну-даўгунцу. Нездарма яшчэ ў 1954 годзе наш раён горда прадстаўляў дадзеную культуру на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве.
І дзякуючы распрацаванай і апрабаванай гадамі методыцы яе вырошчвання, калгасы Глыбоцкага раёна з 1955 года сталі называцца калгасамі-мільянерамі. Рост грашовых даходаў гаспадарак раёна ад ільнаводства даў магчымасць значна павысіць адлічэнні ў дзяржаўны бюджэт, а значыць разгарнуць будаўніцтва вытворчых і культурна-бытавых аб’ектаў, павысіць дабрабыт калгаснікаў.




















