Нечаканая знаходка
Ля сцяны глыбоцкага касцёла выяўлена цікавая знаходка. Рабочыя, што ўстанаўлівалі слупы лініі электраперадач, знайшлі падземную схованку. На глыбіні каля метра іх бур наткнуўся на цвёрды прадмет, які аказаўся звонам. Мяркуючы па надпісу, адліты ён быў у 1882 годзе варшаўскім майстрам А.Звалінскім. Звон у добрым стане, нягледзячы на тое, што шмат гадоў праляжаў у зямлі. Калі ён быў зняты са званіцы і закапаны ля касцельнай сцяны застаецца загадкай. Магчыма гэта было зроблена падчас Першай сусветнай вайны, бо Глыбокае на той час знаходзілася ў некалькіх кіламетрах ад прыфрантавой паласы. Не выключана, што звон быў схаваны ў часы рэвалюцыйнай смуты ці нават у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.
Вядома, што ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя для касцёла былі адліты новыя званы, якія пасля асвячэння ўзнялі на вежу храма. Як сцвярджаюць старажылы, гэтыя званы былі схаваны ад немцаў у самым пачатку вайны. Кажуць, іх закапалі парафіяне недалёка ад касцёла. Знайсці іх так ніхто і не змог.
Вывад напрошваецца сам сабой -- калі знойдзены звон быў зняты з храма напачатку Вялікай Айчыннай вайны, то побач з ім маглі быць закапаны і "польскія" званы пазнейшай адліўкі. А калі знаходка патрапіла ў зямлю раней? Адказаць на пастаўленыя пытанні магчыма толькі правёўшы падрабязнае абследаванне месца знаходкі.
Цяпер звон знаходзіцца ў касцёле, але ў хуткім часе зможа парадаваць вернікаў сваім звонам. Магчыма, гэта адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім.




















