Трагедыя, якая аб'ядноўвае нашы народы

У адпаведнасці з рашэннем ААН, штогод 27 студзеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста -...

Глыбоцкаму раёну – 85 год

У верасні 1939 года тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўвайшла ў склад БССР. 15 студзеня 1940 года Указам Прэзідыума...

Дню беларускай навукі прысвячаецца...

Штогод у апошнюю нядзелю студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі, афіцыйна зацверджаны ў 1993 годзе....

Моладзь Глыбоччыны шануе і любіць свой музей

17 студзеня 2025 года ў гарадскім доме культуры адбылася цырымонія ўручэння раённай маладзёжнай прэміі "Прызнанне". Сёлета...

Далучайцеся да акцыі...

Кожную трэцюю сераду студзеня музеі ўсяго свету праводзяць Міжнародны дзень музейнага сэлфі. Лічыцца, што акцыю...

За што мы любім Новы год?

Мабыць, за тое, што навагодняя пара акружае нас масай станоўчых эмоцый, дорыць адчуванне цуду, аб'ядноўвае сем'і за...

"Музей адкрыты для вас!"

14 студзеня 2025 года пройдзе дабрачынная акцыя "Музей адкрыты для вас!". У гэты дзень музей дае права бясплатнага...

У 2014 годзе ў экспазіцыі музея з’явіўся новы экспанат – радавод Корсакаў, які падарылі музею прадстаўнікі гэтага знатнага роду.

План старажытнага ПолацкаСярод шматлікай шляхты Глыбоччыны асаблівае месца займае род Корсакаў. Пра яго ўзгадваецца яшчэ ў дакументах другой паловы XIV ст. У леннай грамаце 1385 г. вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча інфлянцкаму магістру адзначана, што Андрэй аддае княства Ордэну са згоды сваіх спадкаемцаў, а таксама дарадцаў: Вярзілы і яго брата, «старшага з нашых баяр» («nostrorum baronum superioris») Фёдара. Полацкі князь Андрэй Альгердавіч (старажытная гравюра)Гэты ж Фёдар і яго сын Дзмітрый атрымалі ад князя Андрэя Альгердавіча сяло Семянцова на Беразвеччы. Старшы з полацкіх баяр Фёдар – гэта першы прадстаўнік полацкага баярскага роду, вядомы пазней пад прозвішчам Корсак. Не выключана, што гэта той самы Фёдар, які стаў адным з першых полацкіх намеснікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта на мяжы XIV – XV стст.

Звестак пра Дзмітрыя Фёдаравіча захавалася няшмат. Дакладна вядома толькі тое, што памёр ён у 1448 г., пакінуўшы пасля сябе трох сыноў: Саву, Яшку і Васіля. Імя Яшкі Карсаковіча сустракаецца ў падпісанай у 1431 г. у Галубічах дамове паміж Свідрыгайлам і Ягайлам.

Васіль Дзмітрыевіч быў першым прадстаўніком роду, які насіў мянушку Корсак. Так ён называў сябе ў пасланнях да купцоў Рыгі (1430 – 1440 гг.). Можна меркаваць, што Корсак служыў Скіргайлу яшчэ тады, калі названы князь кіраваў Полацкам (1387 – 1392 гг.). Магчыма, ён захаваў князю вернасць і пазней, калі той княжыў у Кіеве. Васіль Дзмітрыевіч быў адным з полацкіх намеснікаў у пачатку XV ст. У 1430-я гг. Васіль Корсак знаходзіўся ў радзе Свідрыгайлы. На сённяшні дзень вядомыя тры прывілеі вялікага князя Свідрыгайлы, дзе сярод іншых паноў рады ўзгадваецца і «пан Васіль Полацкі», якога, хутчэй за усё, трэба лічыць Васілём Корсакам. Час знаходжання Корсака пры двары Свідрыгайлы можна датаваць даволі шырока: з 1430-х і да пачатку 1460-х гг. Васіль Корсак (выява з радаводу)
Васіль Корсак займаў асаблівае месца ў палітычным жыцці Полацка. У канцы 1435 г. «от пана Василия Дмитриевича, и от бояръ полоцких, и от местичовъ, и ото всех моужь полочан, всего поспольства» ў Рыгу было накіравана пасланне, што тычылася лёсу палачан, якія прымалі ўдзел у бітве пад Вількамірам у 1435 г. Як бачна з тэксту, Васіль Корсак не займае ніякай афіцыйнай пасады, але, тым не менш, стаіць на чале ўсяго полацкага грамадства і дзейнічае ад яго імя. У тыя ж 1430-я гг. ён нейкі час быў полацкім намеснікам, праўда, цяжка сказаць ад каго. Не выключана, што ад Свідрыгайлы.

Пячатка Васіля Корсака (пач.XV ст.)Васіль Корсак яшчэ дзіцем атрымаў сваю ўласную пячатку і права змацоўваць ёю свае граматы. На жаль, да нас не дайшла яго пазнейшая пячатка 1430-х гг., калі ён разам з Алехнам вызначаў амаль усё палітычнае жыццё Полацка, падтрымліваючы розных прэтэндэнтаў на велікакняжацкі прастол. Затое Васілёвы сыны, якія таксама мелі ўладу над Полацкай зямлёй, шырока карысталіся сваімі пячаткамі з родавым гербам Корсакаў, што, дарэчы, захаваўся ў розных прадстаўнікоў гэтага роду аж да ХVII ст.
Абранне Васіля Корсака на пасаду полацкага гараднічага адбывалася ў другой палове 1440-х гг. пры ўдзеле адной толькі шляхты: «вси бояре шляхта земли Полоцкое, одностаине ся змовивши …, обрали его на тот урядъ».
Васіль Корсак захаваў свае пазіцыі ў Полацку і пры Казіміры, ад якога паміж 1440 – 1447 гг. атрымаў 6 чалавек «даннікаў». У сярэдзіне 1440-х гг. яго становішча ў Полацку было вельмі моцнае. Пацвярджае гэты факт і пасланне ў Рыгу пра гандаль немцамі спіртнымі напоямі ў Полацку, складзенае «от пана Василья Дмитриевича Корсака, и от пана Олехна, наместника пана Ондреева, воеводы полоцкого, и от всих бояръ полоцкых». Той факт, што пры падпісанні паслання на першым месцы стаіць імя Васіля Корсака, дазваляе вызначыць яго ролю ў палітычнай сістэме Полаччыны – ён быў старшым з баяр. Васіль меў двух сыноў: Астафія і Зіновія.

Астафій Корсак (выява з радаводу)Імя Астафія Васільевіча Корсака сустракаецца ў дакументах з 1440-х гг. Менавіта ў 1440 г. ён атрымаў ад Казіміра шэсць чалавек «даннікаў» на Псуі. У якасці полацкага пасла Астафій некалькі разоў наведваў Рыгу. Гэты факт пацверджаны дакументальна ў 1458 г. У 1465 г. ён разам з сынам яшчэ раз наведаў Рыгу. Пра вельмі высокае становішча Корсака ў Полацку сведчыць яго ліст, накіраваны ў Рыгу каля 1470 г. У ім Астафій Васільевіч называе рыжскага бургамістра «братам сваім мілым». Ён накіроўвае грамату рыжскаму гарадскому савету з патрабаваннем разабрацца ў канфлікце з рыжскім купцом Арнольдам, які незаконна захапіў тавар.
14 сакавіка 1476 г. група з 16 уплывовых праваслаўных духоўных і свецкіх асоб на чале з абраным мітрапалітам Кіеўскім і ўсея Русі Міхаілам накіравала да Папы Рымскага «пасольства», у якім выказвалася прызнанне царкоўнай уніі. Сярод тых, хто яго падпісаў, быў і «благородъныи панъ Евъстафіи Василевичъ с Полоцка, преболшыи в боярех». Па запісу бачна, што Астафій Васільевіч Корсак быў старшым з полацкіх баяр і, відаць, у гэтай сваёй якасці ўваходзіў у раду вялікага князя і караля Казіміра.
Ваявода Станіслаў Давойна дазволіў Астафію Корсаку па суботах «торгъ мети» ва ўласным маёнтку Забор'е. Прыкладна з канца 1470-х гг. імя Астафія Корсака знікае з дакументаў. Хутчэй за ўсё, у гэты час ён ўжо не жыў. Таму, для заключэння вельмі важнага для палачан дагавора з Рыгай, у 1478 г. ад баяр ездзіў прадстаўнік яшчэ аднаго старажытнага полацкага баярскага роду – Сенька Радковіч. Магчыма, пасля смерці Астафія званне старшага з баяр перайшло на нейкі час да яго.

Зяновій Корсак (выява з радаводу)З 1480-х гг. актыўна ўлючыўся ў гандаль з Рыгай брат Астафія Корсака Зяновій Васільевіч. Як і брат, ён вёў асабістую перапіску з рыжскімі гарадскімі ўладамі. У 1482 г. сяляне-маханкаўляне заключылі дамову з полацкім архіепіскапам. Згодна ёй, яны атрымлівалі борці, а ўзамен абавязваліся даваць на ўладыку штогод 5 пудоў мёду. Як і ва ўсіх падобных полацкіх дакументах, у яго ўпісаны сведкі. Першым сярод іх ад баяраў полацкіх значыцца пан Зяновій Корсак, другім – ужо згаданы Сенька Радковіч. Зразумела, што, па адным дакуменце цяжка меркаваць, наколькі рэгулярнай была менавіта такая чарговасць, але вельмі падобна, што к пачатку 1480-х гг. Зяновій Корсак адціснуў на другое месца Сеньку Радковіча і стаў, як і брат, старшым з баяр. На жаль, з прычыны вострага недахопу крыніц нельга больш нічога сказаць пра палітычную дзейнасць Зяновія Корсака. Нават прыблізны час яго смерці таксама застаецца невядомым.

Карта С. Пахалавіцкага.1579У сярэдзіне 1490-х гг. на палітычнай арэне Полаччыны з'явілася новае пакаленне Корсакаў – сыны Астафія Васільевіча Багдан і Глеб. Пра тое, што браты займалі высокае месца ў баярскім асяроддзі, гаворыць наступны факт: разам з полацкім намеснікам Янам Забярэзінскім яны ездзілі ў 1494 г. у Маскву па нявесту вялікага князя літоўскага Аляксандра, дачку Івана III Алену.

Багдан Корсак (выява з радаводу)Ад Багдана Астаф’евіча пайшла лінія Корсакаў Глыбоцкіх, а яго брат Глеб стаў пачынальнікам дынастыі Корсакаў Удзелаўскіх і Залескіх.

Звестак пра Багдана Астаф’евіча захавалася не многа, вядома толькі, што ў 1498 г. ён атрымаў прывілей караля на землі Прасёлкавую і Мартынцаву ў Полацкім павеце.

Дзімітрый Багданавіч Корсак (выява з радаводу)Значна больш інфармацыі захавалася пра яго сына Дзмітрыя Багданавіча Корсака. У дакументах таго часу ён заўсёды стаіць на першым месцы сярод полацкіх баяр. У судовых справах ёсць і прамое ўказанне на тое, што Дзмітрый Корсак быў у гэты час старшым з полацкіх баяр. Падчас разгляду ў 1538 г. адной з іх баяры заявілі, што ісцец Война Епімах аддаў позвы (судовыя павесткі) «брату нашому старъшому, пану Дмитрею Богдановичу». Цікава, што ў адрозненні ад іншых полацкіх баяр, якія фігуруюць у судовых запісах з указаннем сваіх афіцыйных пасадаў (гараднічы, баброўнічы і інш.), Дзмітрый Корсак у іх ніколі не называецца полацкім мастаўнічым, хоць ў 1532 г. ён атрымаў названую пасаду «да волі гаспадарскай», а ў 1538 г. яна была пацверджана яму «да жывата». Абавязкам мастаўнічага было падтрыманне ў належным стане мастоў і гацей на тэрыторыі ваяводства. У прывілеі, якім Жыгімонт I у 1532 г. надаваў яму мастаўнічае, не было спасылкі на дзейнасць і паўнамоцтвы папярэдніх полацкіх мастаўнічых, як гэта звычайна рабілася ў такіх дакументах. Мяркуючы па гэтым, пасада мастаўнічага ў Полацкім ваяводстве была ўведзена толькі ў названым годзе.
Пярсцёнак з выявай герба Корсак (знойдзены на Глыбоччыне)Па многіх дакументах таго часу можна меркаваць, што неафіцыйнае званне старшага з баяр ставілася полацкім баярствам вышэй, нават, за афіцыйныя пасады. Яго замацаванне ў 1530-я гг. і пазней за Дзмітрыем Корсакам звязана з тым, што ў гэты час ён быў найстарэйшым у родзе.
Наколькі гэта дазваляюць прасачыць крыніцы, на працягу прыкладна амаль двух стагоддзяў пасаду старшага з баяр полацкіх займалі ў асноўным члены роду Корсакаў. Час ад часу іх адціскалі на другое месца прадстаўнікі іншых буйных баярскіх родаў: Радковічаў і Быстрэйскіх. Прычым сярод Корсакаў пасада перадавалася, мяркуючы па ўсім, найстарэйшаму ў родзе.
Пра надзвычай высокае становішча Дзмітрыя Корсака ў палітычнай сістэме Полацкага ваяводства сведчыць наступны факт – першымі сярод маёнткаў у «Полацкай рэвізіі 1552 года» апісаны яго маёнткі, дзе, дарэчы, Дзмітрый Корсак фігуруе без указання сваёй афіцыйнай пасады. Ён, як старшы з баяр, не толькі выконваў вельмі прыкметную ролю ва ўнутраным палітычным жыцці Полаччыны, але выступаў у якасці пасла да цэнтральнага ўрада. Так, калі ў 1532 г. пасада полацкага ваяводы была незанятай, ад архіепіскапа, гаспадарскага двараніна Міхаіла Лавейкі і ад усіх полацкіх баяр да віленскага ваяводы ездзіў менавіта Дзмітрый Корсак.
Фрагмент пячной кафлі з выявай герба Корсак (знойдзена на Глыбоччыне)Пры вывучэнні маёмаснага становішча полацкай шляхты высвятляецца наступная акалічнасць. Паводле «попісу» войска літоўскага 1528 г., Дзмітрый Корсак выстаўляў больш за ўсіх коннікаў – 33. У 1552 г. ён зноў ставіў больш за ўсіх коннікаў – 26, прычым у яго маёнтках жыло больш «падданых», чым у чыіх іншых: 494 дымы сялян і мяшчан. Мяркуючы па гэтым, Дзмітрый Корсак быў не толькі першым з баяр, але і самым багатым з іх. “Полацкая рэвізія 1552 года” называе пяць маёнткаў магната, тры з якіх заходзіліся на Глыбоччыне:
1. «На первей пан Дмитръ Богданович Корсакъ мает имене отчизное, на имя Березвичо, место и двор».
2. «Тот же пан Дмитрей мает имене отчызное, на име Плисо, местечко и двор». Да двара таго належалі сёлы Перадолы, Мнюта, Бальшэвічы, Крывічы.
3. «Тот же пан Дмитрей Корсак мает имене отчызное, двор Язно». Сярод многіх сёл гэтага двара ўзгадваюцца Чарневічы.
4. «Тот же пан Дмитръ Корсакъ мает имене отчызное, двор на Славне».
5. «Тот же пан Дмитрей Корсак мает имене отчызное, на име Ластовица, двор».
У дакуменце пералічаны праваслаўныя храмы «в тых именьях, вышей писаных, пана Дмитра Корсака церкви наданья его же». Сярод іншых узгадваецца царква Святога Міхаіла «на Березвицы» і царква «Светое Пятницы на Плисе».
У 1561 г., для больш дэталёвага вывучэння скаргі полацкіх путных слуг Вугальніцкага стану, Жыгімонт II Аўгуст адаслаў яе на разгляд ваяводу Давойну супольна з полацкім уладыкам і баярамі. Праз нейкі час архіепіскап і баяры паслалі да манарха з вынікамі разгляду «брат(ь)ю свою, бояръ полоцкихъ Яцка Быстреиского а Петра Корсака».

Пётр Дзмітрыевіч Корсак (выява з радаводу)Пётр Корсак – гэта сын Дзмітрыя Багданавіча, дваранін каралеўскі, стараста Быхаўскі і Аршанскі. Ён меў чатырох сыноў: Марка, Дзмітрыя, Іллю і Льва.

Гісторыя амаль не захавала звестак пра Іллю (Эліаша) Корсака, які памёр маладым і не пакінуў нашчадкаў.

Леў пятровіч Корсак (выява з радаводу)Яго брат Леў Пятровіч Корсак, як прадстаўнік роду Корсакаў Глыбоцкіх, валодаў дваром Беразвецкім. Памёр перад 1596 г. і быў пахаваны са сваёй жонкай Мар’янай Падбіпентай у Беразвеччы. Леў Корсак меў двух сыноў: Караля і Язэпа.

Язэп Львовіч Корсак (выява з радаводу)Найбольш яскравы след у гісторыі Глыбокага пакінуў менавіта Язэп Львовіч Корсак, стараста і ваявода мсціслаўскі, дзедзіч Глыбокага, Перадол, Ластавічаў, Свілы і Беразвечча. Ім былі складзены два фундушы (завяшчанні), згодна з якімі свае маёнткі Язэп Корсак ахвяраваў манахам-базыльянам у Беразвеччы, манахам-кармелітам босым у Глыбокім і ксяндзам-канонікам рэгулярным у Вільні.
Першы фундуш, які быў складзены 30 красавіка 1638 г. і зацверджаны каралём Уладзіславам ІV, ахвяраваў манахам-базыльянам маёнткі Беразвечча і Вярбілава. На сродкі гэтых маёнткаў манахі павінны былі заснаваць і ўтрымліваць кляштар у Беразвеччы.
Кляштар кармелітаў босых у Глыбокім  (выява  да 1892 года)Другі фундуш, як узгадвае сам Корсак, быў падпісаны ім у Варшаве ў прысутнасці караля 29 лістапада 1639 г.. Паколькі некаторыя пункты гэтага запісу супярэчылі статуту ордэна кармелітаў босых, ён склаў новы фундуш у сваім маёнтку Ластавічы. 20 верасня 1640 г. у Полацку новы фундуш быў афіцыйна зацверджаны. Згодна яму ў мястэчку Глыбокае Язэп Корсак фундаваў манастыр каталіцкага ордэна кармелітаў босых.Выява герба Корсак на сцяне кармеліцкага храма (сучасная праваслаўная царква) у Глыбокім Ордэну ён дараваў на пастаяннае карыстанне свае маёнткі «ў ваяводстве Полацкім ляжачыя»: маёнтак Ластавічы з вёскамі Помавшы, Шайтараўшчына, Кавалі, Леднікі, Сцерхава, Несцеравічы, Амбросавічы, Частыя, Шабаны, Слабодка, Замшары, Ясевічы, Запатоўка, Говзгірды, Запалоў’е, Маісевічы, Шыпы, Дзегцяры і Загароднікі; маёнтак Перадолы з вёскамі Папковічы, Міхайлава, Мазьнева, Вяжбілаўка, Гарадзішча і засценак за рэчкай Масцяніцай; маёнтак Свіла з вёскай Свіла. На патрэбы манастырскія ім былі запісаны не толькі згаданыя маёнткі з вёскамі і «людзьмі аседлымі згодна вопісу», але і землі, лясы, лугі, пушчы, гоны бабровыя, вадаёмы, млыны, азёры.
Тэстамент Корсака ў экспазіцыі музея (копия)Апошняя рэдакцыя завяшчання, якая датуецца 1643 г., захавалася і дайшла да нашага часу. Дакумент захоўваецца ў Рыме ў Генеральным Архіве Айцоў Кармелітаў Босых. У гэтым тэстаменце Корсак пажадаў, каб пасля смерці яго цела без свецкіх цырымоній было пахавана ў драўляным касцёле Святой Тройцы, які ён сам і «збудаваў». І толькі пасля ўзвядзення мураванага касцёла манахамі кармелітамі босымі, яго цела належыць перанесці туды. У гэтым дакуменце Язэп Корсак яшчэ раз узгадвае пра свае фундацыі: манахам-кармелітам босым у Глыбокім, манахам-уніятам у Беразвеччы, кляштару канонікаў рэгулярных у Вільні і ксяндзу касцёла ў Глыбокім.

Глеб Астаф'евіч Корсак (выява з радаводу)Як адзначалася, Глеб Астаф’евіч стаў пачынальнікам дынастыі Корсакаў Удзелаўскіх і Залескіх. Ён быў дзедзічам Залесся, Астроўна, Забор’я, Літоўшчыны, Азярцоў, Перадолаў. Доказам таго, што ён займаў асаблівае месца сярод баяр Полацкай зямлі, з’яўляецца «вырак» Аляксандра 1499 г. па справе полацкага ўладыкі Лукі супраць баяр і мяшчан наконт прыналежнасці сёл Дольцы, Весніцк і Пуцілкавічы. У выніку разбіральніцтва сёлы былі прысуджаны клірасу Сафійскага сабора, прычым апекавацца імі вялікі князь даручыў баярыну Глебу Астаф'евічу, а таксама войту, бурмістрам, радцам і ўсім мяшчанам. У 1501 г. Аляксандр яшчэ раз пацвердзіў гэтае сваё рашэнне, накіраваўшы асобную грамату Глебу Корсаку і полацкім мяшчанам. Ян Глебавіч Корсак (выява з радаводу)Пасля смерці Глеба Астаф’евіча (1507) яго ўладанні падзялілі сыны: Іван, Андрэй, Васіль, Астафій, Ян і Дзмітрый. Паводле «попісу» войска літоўскага 1528 г., удава і шэсць сыноў Глеба Корсака ставілі ў войска 104 коннікаў.

Да 1555 г. уладальнікам часткі маёнтка Залесся быў Ян Глебавіч Корсак. Пасля смерці бацькі яго долю маёнтка падзялілі сыны: Дзмітрый, Сцяпан, Язэп і Гаўрыіл.

Іван Глебавіч Корсак (выява зрадаводу)Другі сын Глеба, полацкі гараднічы Іван Корсак у 1540 г. атрымаў дазвол ваяводы Яна Глябовіча ў сваім маёнтку Залессі-Астроўна «место садити, торгъ и корчмы тамъ мети и горелкою шынъковати». Кароль Жыгімонт І зацвердзіў гэты дазвол 14 лютага 1541 г.. «Полацкая рэвізія 1552 года» называе яго ўладальнікам двара Залессе, маёнтка Псуя, а таксама сяла Бабруйшчына. Ён разам з братам Астафіем з’яўляецца фундатарам царквы Святой Тройцы «на Псуи».

Баркалаб Іванавіч КорсакЯго адзіны сын Баркалаб Іванавіч – важная фігура ў палітычным жыцці краіны таго часу. Актыўны ўдзельнік Лівонскай вайны, заснавальнік мястэчка Баркулабава. У 1562 г. з пасольскай місіяй ездзіў у Маскву да цара Івана Грознага, пасля вяртання ў 1564 г. быў старастам свіслацкім і ротмістрам каралеўскім, а ў 1566 г. атрымаў староства дзісненскае. Пры ім былі збудаваны замкі ў Лепелі, Чашніках і Варонічах (на р. Ушача). Па ініцыятыве Баркалаба Іванавіча Корсака ў 1563 г. на месцы старых умацаванняў дзісенскага замка быў узведзены новы замак. 25 сакавіка 1566 г. атрымаў прывілей на староства дзісненскае. Дзісна (фотаздымак 1920-30-х гг.)Пры яго актыўнай дзейнасці мястэчка Дзісна ў 1567 г. атрымала першы герб, а 20 студзеня 1569 г. прывілей на магдэбургскае права і новы герб. Баркалаб Іванавіч Корсак атрымаў у спадчыну маёнтак Залессе і сяло Псуя, двор Арэхаўна і «дворец в Душках».

Андрэй Глебавіч Корсак атрымаў пасля смерці бацькі маёнткі Залессе і Азярцы. Яго сын Анікей Андрэевіч, ротмістр каралеўскі (1566) і падкаморы полацкі (1577), быў дзедзічам Азярэцкага і Горскага двароў. Апошні дастаўся яму ад дзядзькі. Яго намаганнямі была збудавана царква ў Залессі.

Андрэй Глебавіч Корсак (выява з радаводу)Анікей Андрэевіч Корсак (выява з радаводу)Ян Мікалай Корсак (выява з радаводу)

Сын Анікея Андрэевіча Ян Мікалай Корсак атрымаў пасля смерці бацькі маёнтак Літоўшчына і частку Залесся з пушчай Залесскай. Зрабіў выдатную палітычную кар’еру. У 1593 г. быў пісарам земскім павета Ашмянскага, у наступным годзе займаў пасаду сакратара каралеўскага і быў накіраваны дэпутатам на Галоўны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага. У 1603 – 1618 гг. займаў пасаду пісара скарбовага літоўскага (вёў прыходныя і расходныя ведамасці). У 1598 г. ад ваяводства полацкага прымаў удзел у рабоце Варшаўскага вальнага сойма. У 1613 г. зноў прымаў удзел у рабоце Трыбунала.

Дзмітрый Глебавіч Корсак (выява з радаводу)Амаль не захавалася звестак пра Дзмітрыя Глебавіча Корсака. Вядома толькі, што ў 1552 г. яму належала «село Залесье ойчизное».

Васіль Глебавіч Корсак (выява з радаводу)Васіль Глебавіч Корсак пасля падзелу зямель атрымаў двор Удзела і частку маёнтка Псуя. «Полацкая рэвізія 1552 года» называе гаспадаром двара Удзельскага яго сына Пятра, які пасля смерці пакінуў двор свайму сыну Рыгору. Пасля смерці Рыгора Корсака, яго сыны Пётр, Язэп, Ян і Сцяпан у 1619 (або 1620) г. падзялілі маёнтак Псуя. У 1623 г. Язэп Рыгоравіч Корсак прадаў частку свайго маёнтка Псуя Міхаілу Корсаку, а ў 1642 г. запісаў фундуш на заснаванне кляштара манахам-францысканцам. Згодна з фундацыяй, акрамя маёнтка Удзела манахам перадаваліся вёскі Шоці, Русакі, Загароднікі, Кавалі, Сапеліна, Зянкоўшчына і Заазер’е, а таксама маёнтак Заляддзе ў Ашмянскім павеце.

Пётр Васільевіч Корсак (выява з радаводу)Рыгор Пятровіч Корсак (выява з радаводу)Язэп Рыгоравіч Корсак (выява з радаводу)

Астафій Глебавіч Корсак (выява з радаводу)Астафій Глебавіч Корсак атрымаў у спадчыну маёнтак і двор Забор’е, а «к тому двору местечко новооселое дымов тринадцат». У 1551 г. кароль Жыгімонт Аўгуст даў дазвол Астафію Корсаку «в его имении Заборье местечко садити и торг в день субботний мети». Акрамя таго яму належала частка маёнтка Псуя. Разам з братам Янам ён фундаваў «на Псуи церковь святое Троицы».

Іван Зяноўевіч Корсак (выява з радаводу)9 лютага 1510 г. полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч купіў у Багдана Галаўнініча сяло Дзеранца. У якасці сведкаў купчай выступаюць пан Іван Зяноўевіч Корсак, князь Іван Палубенскі і Нікіфар Карабовіч. Першая акалічнасць, якая ўказвае на надзвычай высокае грамадскае становішча Корсака, – гэта тое, што галоўным сведкам пры дамове полацкага ваяводы выступае менавіта ён. Па-другое, Корсак упісаны нават перад князем, хоць у падобных дакументах якраз тытулаваная знаць звычайна ставілася на першыя месцы. 19 лістапада 1510 г. група сялян прадала полацкаму баярыну Лявону сваю зямлю на Масорыне. Склад сведкаў купчай наступны: пан Іван Зяноўевіч, князь Іван Палубенскі і пан Федзька Епімахавіч. Дадзены дакумент дае магчымасць гаварыць пра заканамернасць знаходжання Івана Корсака на першым месцы заключэнні куплі-продажы і звязваць гэты факт з тым, што менавіта ён у гэты час быў старшым з полацкіх баяр.

Фрагмент карты з землямі Глыбоччыны (1613 год)Аналізуючы многія дакументы пачатку XVI ст., можна меркаваць, што на гэты час Іван Зяноўевіч з'яўляўся самым старэйшым у родзе Корсакаў. Яго бацька, а таксама дзядзька Астафій памерлі яшчэ ў XV ст., стрыечны брат Глеб – да 1507 года, другога стрыечнага брата Багдана, хутчэй за ўсё, таксама ўжо не было ў жывых. Дата смерці Івана Зяноўевіча дакладна невядома, аднак памёр ён да 1528 г., бо ў Попісе земскім названага года фігуруюць ужо толькі яго жонка і сыны Глеб, Багдан і Фёдар.

Глеб Іванавіч Корсак (выява з радаводу)Глеб Іванавіч Корсак, атрымаў ад бацькі частку двара Бабыніцкага, двор Блошнікі, а таксама маёнтак Галубічы. У дакументах ён падпісваўся як Глеб Іванавіч Галубіцкі. У 1528 г. выстаўляў з братамі Багданам і Фёдарам 28 коней на патрэбы вайсковыя. У 1536 – 1537 гг., як дваранін каралеўскі, быў у складзе пасольства да цара маскоўскага. У 1552 г. атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста дазвол у маёнтку ўласным Галубічы «место садити, торг и корчмы иметь». У 1553 годзе быў камісарам па справах мяжы польска-маскоўскай у раёне Себежа. 28 сакавіка 1558 г., са згоды ваяводы Станіслава Давойны і баяр полацкіх, атрымаў ад караля ацыбіскупства полацкае. З гэтага часу насіў імя Герасіма. Памёр у 1563 г., за некалькі месяцаў да заняцця Полацка войскам цара Івана Грознага.

Багдан Іванавіч Корсак (выява з радаводу)Другі сын, Багдан Іванавіч, з’яўляўся значнай фігурай у палітычным жыцці Полацка. Ён валодаў часткай маёнтка Бабыніцкага, сёламі Пліна, Туроса, Саннікі, Балотніца, Арэхна, Давыдкавічы, дваром Галубічы і сялом Мнюта. У 1530 г., калі ваяводы Пятра Кішкі не было ў Полацку, судовыя пасяджэнні праводзілі ўладыка Нафанаіл, намеснік Багдан Іванавіч Корсак і баяры.

Сцяпан Багданавіч Корсак (выява з радаводу)У 1575 г. яго сын Стэфан (Сцяпан) прадаў сяло Саннікі, а ў 1599 г. атрымаў войтаўства полацкае. Пасля смерці Стэфана, яго жонка, княжна Гедройць, выйшла замуж за Іосіфа Корсака Залесскага, кашталяна полацкага.

Рыгор Багданавіч Корсак (выява з радаводу)Другі сын Багдана Іванавіча Корсака Рыгор загінуў пры абароне Полацка ў 1563 г.. Яго сын Астафій Рыгоравіч выкупіў у свайго дзядзькі Стэфана палову маёнтка Галубічы. Будучы прыхільнікам уніі, у сваім завяшчанні 1625 г. маёнтак Залессе-Астроўна ён перадаў манахам-базыльянам Віленскага Свята-Троіцкага манастыра. Частку свайго маёнтка Галубічы ён ахвяраваў мясцоваму кляштару і царкве.

Ян Рыгоравіч Корсак (выява з радаводу)Другі сын Рыгора Багданавіча Ян Корсак, харунжы (1598), стараста (1611) і кашталян полацкі (1621), незадоўга да смерці атрымаў ваяводства Смаленскае. У 1611 г. быў абраны маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1613 г., як харунжы полацкі ўдзельнічаў у рабоце Варшаўскага вальнага сойма і быў выбраны камісарам па рэвізіі Смаленскага ваяводства. У 1622 г. ён, «живучи в святе и вере святой христианской греческой старожитной», фундаваў Галубіцкую царкву і запісаў ёй маёнтак свой Галубічы з тым, каб права «подавания» гэтай царквы належала яму і яго нашчадкам, а «держачими маютъ быти законницы набоженства греческаго веры стародавное».

Пацір з выявай герба Корсак (захоўваецца ў касцёле Св. Тройцы г. Глыбокае)Сын Яна Корсака Яўстафій (Астафій) парушыў бацькоўскае завяшчанне і ў 1625 г. склаў новае. Згодна з ім маёнтак Галубічы Яўстафій пакінуў у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы, але з абавязкам «производить содержание голубицким униатским монахам, а после смерти передать его этим же монахам», другі маёнтак Залессе «тоже отдаёт в пожизненное владение жене своей, съ обязательством уплачивать виленскимъ св.-троицким базилианскимъ монахамъ по 100 коп в год, а после ея смерти передать его темъ же монахам».

Пасля смерці Яўстафія, яго пляменнік Рыгор Корсак аб’явіў завяшчанне несапраўдным і пачаў судовую справу ў полацкім земскім судзе са сваёй цёткай, жонкай Яўстафія Корсака. Па апеляцыі ў 1635 г. Трыбунал прысудзіў полацкаму харунжаму Рыгору Корсаку «на вечные времена отцовскую половину имения Голубичи».

Фёдар Іванавіч Корсак (выява з радаводу)Падчас разгляду вялікім князем і каралём Жыгімонтам Аўгустам у 1558 г. канфлікту паміж ваяводам Станіславам Давойнам і полацкімі мяшчанамі свой адказ на адну з мяшчанскіх скаргаў засведчылі, як патрабаваў старажытны звычай, ваявода «созънаньемъ бояръ полоцких: Яцъкомъ Бистрицъкимъ, а Федоромъ Бобыницъким, и иными». Яцка Быстрэйскі памылкова быў запісаны Быстрыцкім, а Фёдар Бабыніцкі – гэта трэці сын Івана Зяноўевіча Корсака. Фёдару Іванавічу Корсаку належала трэцяя частка двара Бабыніцкага, двор Галубічы, сёлы Мнюта і Саннікі, а таксама іншыя землі бацькоўскія. У сярэдзіне 1550-х гг. ён быў адным з намеснікаў ваяводы полацкага Давойны.

Пачынальнікам яшчэ адной лініі Корсакаў Бабыніцкіх лічыцца Міхаіл Зяноўевіч Корсак. Яго сыны: Іван і Васіль валодалі маёнткам Бабынічы, да якога належалі сёлы Сшо і Доўгае.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што род Корсакаў – гэта адзін са старэйшых і багацейшых не толькі ў Полацкім ваяводстве, але і на тэрыторыі ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, а пазней і Рэчы Паспалітай.