Як змяняліся межы Глыбоччыны
Глыбоччына… Што мы разумеем пад гэтым паняццем? Канешне ж, найперш – тэрыторыю Глыбоцкага раёна. У наш час глыбачанін, які зірне на карту раёна, убачыць, што ён працягнуўся ад в. Мосар на паўночным захадзе да в. Ліпава на паўднёвым усходзе, і ад аг. Ломашы на паўночным усходзе да в. Ласкаўшчына на паўднёвым захадзе. Ён зможа разгледзець на гэтых абшарах буйны лясны масіў Галубіцкай пушчы, азёры Пліса, Доўгае і Шо, рэкі Мнюта і Шоша. Але так было не заўсёды.
На працягу існавання Глыбоцкага раёна, яго межы неаднаразова пераглядаліся. На фарміраванне граніц уплывалі як агульнадзяржаўныя адміністрацыйныя рэформы, так і рашэнні мясцовых органаў улады. Нават размеркаванне зямель паміж сельсаветамі раёна магло з цягам часу ўнесці карэктывы ў яго абрысы. Давайце ж прасочым, як праходзіў гэты працэс.
Пры стварэнні ў студзені 1940 года першапачатковая плошча Глыбоцкага раёна складала ўсяго толькі 592 км², што ўтрая менш за цяперашнюю. У яго склад уваходзілі землі сучасных Абрубскага, Азярэцкага, Залескага, Узрэцкага і часткова Карабоўскага і Удзелаўскага сельсаветаў.
Першыя тэрытарыяльныя змены пачаліся толькі праз дваццаць гадоў пасля яго стварэння – 20 студзеня 1960 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР да Глыбоччыны быў далучаны Дунілавіцкі раён (цэнтрам якога быў г. п. Варапаева). Такім чынам, у студзені 1960 года тэрыторыя нашага раёна павялічылася ў два з паловай разы (на 900 км²), а мяжа прасунулася далёка на захад. Вясной таго ж года раённыя ўлады вырашылі перакроіць межы некалькіх сельсаветаў, што знаходзіліся на землях далучанага Дунілавіцкага раёна, а некаторыя ўвогуле скасаваць. Так Удзелаўскі сельсавет павялічыўся за кошт скасаванага Мосарскага, а Тумашаўскі (сучасны Карабоўскі) прыдбаў частку зямель Струцкага, Ласіцкага і Казлоўшчынскага сельсаветаў.
Гэта “дунілавіцкая спадчына” застаецца ў складзе Глыбоччыны і зараз, у той час як асноўная доля былога Дунілавіцкага раёна ў снежні 1962 года адышла да Пастаўшчыны. Але пра гэта крыху пазней, а пакуль што звернемся да 17 красавіка 1962 года. У гэты дзень прыпыніў існаванне Шаркаўшчынскі раён, тэрыторыю якога ў асноўным падзялілі паміж Браслаўскім і Мёрскім раёнамі. Тым не менш, свой невялічкі кавалак (8 вёсак) атрымала і Глыбоччына.
Самыя маштабныя пераўтварэнні ў гісторыі нашага раёна чакалі Глыбоччыну напрыканцы 1962 года. Справа ў тым, што 25 снежня 1962 года рашэннем кіраўніцтва рэспублікі былі ліквідаваны адразу 46 раёнаў БССР, сярод якіх апынуліся суседнія з Глыбоччынай Пліскі і Докшыцкі раёны. У выніку, да Глыбоцкага раёна была далучана ўся тэрыторыя Докшыцкага раёна, а таксама прыкладна палова Пліскага – а менавіта: Падсвільскі пассавет, Галубіцкі, Зябкаўскі, Пліскі і Псуеўскі сельсаветы. Астатняя тэрыторыя скасаванага Пліскага раёна адышла да суседняга – Мёрскага. Разам з тым, адначасова са складу Глыбоцкага раёна да Пастаўшчыны адыходзіла большая частка ліквідаванага трыма гадамі раней Дунілавіцкага раёна. Усе апісаныя вышэй пераўтварэнні кардынальным чынам змянілі абрысы Глыбоччыны, значна павялічыўшы яе тэрыторыю і насельніцтва. Калі ў пачатку 1959 года (напярэдадні ўсіх будучых узбуйненняў) у Глыбоцкім раёне налічваліся 30 874 жыхары, то праз чатыры гады іх колькасць ужо перавышала 100 тысяч чалавек.
Аднак такі стан рэчаў працягваўся толькі два гады, бо 6 студзеня 1965 года быў прыняты чарговы ўрадавы ўказ, які прадугледжваў аднаўленне шэрагу раней скасаваных адміністрацыйных адзінак рэспублікі – і адной з іх павінен быў стаць Докшыцкі раён. Галоўная прычына падобных “шараханняў” улады заключалася ў змене кіраўніка СССР – 14 кастрычніка 1964 года Мікіта Хрушчоў быў вызвалены з пасады Першага сакратара ЦК КПСС, а многія яго пачынанні і ініцыятывы былі падвергнуты крытыцы і ў хуткім часе пачалі скасоўвацца. Адным з такіх хрушчоўскіх пачынанняў як-раз і была маштабная адміністрацыйная рэформа пачатку 1960-х, якая праходзіла ў цеснай сувязі з рэформай сістэмы кіраўніцтва сельскай гаспадаркай у маштабах усяго Савецкага Саюза. Такім чынам, у студзені 1965 года Глыбоцкі раён вярнуў зноў створанаму Докшыцкаму ўсю яго былую тэрыторыю. Аднак аднаўляць Пліскі раён кіраўніцтва краіны палічыла немэтазгодным, а таму ўся “пліская спадчына” засталася за Глыбоччынай.
Як мы можам бачыць, у пачатку 1965 года Глыбоцкі раён пачаў набываць знаёмыя нам абрысы, але для іх канчатковага фарміравання павінны былі адбыцца яшчэ дзве змены. Першая з іх прайшла ўжо ў наступным месяцы – 12 лютага 1965 года былі перагледжаны межы Глыбоцкага і Мёрскага раёнаў. Са складу апошняга на карысць Глыбоцкага перадаваліся Празароцкі, Старынкаўскі (у 1989 годзе ён будзе перайменаваны ў Ломашаўскі), Дулінаўскі, Шкунціцкі, а таксама шэраг вёсак Лужкоўскага сельскага Савета (увайшлі ў склад Залескага с/с).
Нарэшце апошнія істотныя тэрытарыяльныя змены ў гісторыі нашага краю былі звязаны з аднаўленнем 30 ліпеня 1966 года Шаркаўшчынскага раёна. Адроджанаму суседу аддалі Шкунціцкі, Дулінаўскі сельсаветы і тыя вёскі Залескага сельскага Савета, што ў лютым 1965 года перайшлі яму ад Лужкоўскага. Фактычна гэтыя падзеі сталі апошнім актам у складанай і заблытанай гісторыі тэрытарыяльных пераўтварэнняў, якія зведала Глыбоцкая зямля ў 1960-х гадах. З 1966 года межы раёна застаюцца нязменнымі і паняцце “Глыбоччына” за апошнія амаль шэсцьдзясят гадоў надзейна замацавалася за тымі абшарамі, што раскінуліся на плошчы 1 763 км² ад Мосара да Ліпава і ад Ломашаў да Ласкаўшчыны.




















