Адкрыццё памятнага знака
10 кастрычніка 2018 года, напярэдадні 130-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, быў адкрыты памятны знак. Усталяваны ён на месцы нараджэння нашага славутага земляка – у колішнім засценку Пунькі. Колішні, бо населенага пункта з такой назвай сёння няма на карце Глыбоцкага раёна. Людзі даўно пакінулі гэта месца, і напамінам пра тое, што тут калісьці віравала жыццё з’яўляюцца толькі старыя садовыя дрэвы ды каменне ад фундаментаў хат. Засценак, а пазней хутар Пунькі, знаходзіўся на краі вялікай Галубіцкай пушчы. Тут і прайшло дзяцінства будучага мастака, пісьменніка, фалькларыста, этнографа, археолага, які нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціча-арандатара. Пазней, у сваім дзённіку Язэп Драздовіч запісаў: “14 кастрычніка. Субота. Сягодня дзень Пакрова, па старому стылю 1 акцябра. Дзень майго ўраджэння ў засценку Пунька, на пушчы Цытавізна. Рад быў бы памянуць гэты дзень, ды не маю з чым. І ці прыйдзецца мне калі хоць бы раз ды адзначыць па-людску – як дзень нараджэння, як дзень асабістага свята майго?.. Беднасць… Дастаткі не пазваляюць…”




















