"Матулін куфэрак"
З 13 кастрычніка па 2 лістапада 2025 года ў музеі прайшла выстава-дэкарацыя "Матулін куфэрак", прысвечаная Дню маці. Кожны прадмет дадзенай выставы — маленькая гісторыя пра цеплыню мацярынскай любові і ўтульнасць роднага дому. На працягу ўсяго жыцця ў кожнага чалавека самыя цёплыя пачуцці, светлыя і незабыўныя ўспаміны асацыіруюцца з вобразам мамы. Яна дае першыя ўрокі маральнасці, духоўнасці, дабрыні і цярпімасці.
Экспанаты выставы - гэта звычайныя бытавыя рэчы, якія да нядаўняга часу выкарыстоўваліся ў паўсядзённым жыцці глыбачан. Наведвальнікі змаглі ўбачыць ручнікі з вышытымі птушкамі, дываны з кветкавымі ўзорамі, самаробнае адзенне і іншыя цікавыя прадметы. Амаль усе яны - ручной работы, што падкрэслівае ролю жанчыны як стваральніцы ўтылітарных, але, пры гэтым, і прыгожых рэчаў. У кожнага, хто завітаў на выставу, “Матулін куфэрак” выклікаў шчырыя эмоцыі, напоўніў сэрцы ўспамінамі і адчуваннем матчынай пяшчоты.























