Дню народнага адзінства прысвячаецца...
17 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства. Свята прымеркаванае да гадавіны польскага паходу Чырвонай арміі, у выніку якога ажыццявілася ўз'яднанне заходніх і ўсходніх земляў БССР. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР тэрыторыя рэспублікі склала 225,7 тыс. кв. км, а насельніцтва вырасла да 10 млн. чалавек. І галоўнае, адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Пра тое, як развіваліся падзеі 17 верасня 1939 года на тэрыторыі нашага раёна, можна падрабязна даведацца тут.
Адным з першых буйных населеных пунктаў, занятых часткамі Чырвонай арміі восенню 1939 года, які стаў пасля раённым цэнтрам, было мястэчка Пліса. Менавіта гэты населены пункт Глыбоччыны і быў выбраны ўдзельнікамі велапрабегу ў якасці канчатковага этапу маршруту. Гэта той адрэзак шляху, па якім у другой палове дня 17 верасня 1939 года рухаліся чырвонаармейцы 5-й стралковай дывізіі і 25-танкавай брыгады ў напрамку яшчэ аднаго буйнога населенага пункта Заходняй Беларусі - мястэчка Глыбокае. Згодна з аператыўнай зводкай Генштаба РСЧА, ужо да вечара 17 верасня часткі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Глыбокае.
16 верасня 2023 года ўдзельнікам велапрабегу трэба будзе пераадолець адлегласць каля 50 кіламетраў, азнаёміўшыся на маршруце з гістарычнымі аб'ектамі, якія расказваюць аб гераічным мінулым нашага народа. Усіх жадаючых мы запрашаем прыняць удзел у гэтым патрыятычным мерапрыемстве і чакаем вас у 9.00 на плошчы "17 Верасня"
P.S. Устаноўлены час правядзення велапрабегу можа падкарэкціраваць толькі надвор'е - у выпадку неспрыяльных умоў дзень правядзення мерапрыемства можа быць зменены арганізатарамі. Сачыце за інфармацыяй на нашым сайце або на старонках сацсетак.




















