Заваёўваем космас

Вучні 6 Б класа сярэдняй школы №1 першымі з глыбачан адправіліся пакараць космас, і ўжо паспелі пабываць на ігравым...

"Памятаць. Нельга забыцца"

Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікамі музея праведзена дыялогавая...

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Ужо традыцыйным для нашага музея стала правядзенне анлайн мерапрыемстваў у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У...

"Браслаўскія зоры" для Глыбоччыны

30 сакавіка 2026 года ў нашым музеі адбылася прэзентацыя выставы-вернісажу "Браслаўскія зоры", на якой прысутнічалі...

Музейныя канікулы

На вясновых канікулах супрацоўнікамі музея праведзены розныя пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, якія...

«Платочной радуги узор»

Пад такой назвай пачала работу ў нашым горадзе выстава арыгінальных паўлавапасадскіх хустак і шаляў з прыватнай...

«Памятаць, каб жыць»

16 сакавіка супрацоўнікамі музея для вучняў Шунеўскай базавай школы была праведзена гістарычная гадзіна «Памятаць, каб...

У кожным горадзе і гарадскім пасёлку Заходняй Беларусі ёсць вуліца ці плошча, што носіць імя 17 верасня, і Глыбокае – не выключэнне з гэтага правіла. Гэта абсалютна справядлівы парадак, бо ў гісторыі нашай краіны не так многа падзей, якія б мелі лёсавызначальнае значэнне для беларускага народа, як гэта памятная дата. 17 верасня 1939 года нарэшце пачало аднаўляцца адзінства беларускага народа, якога мы былі пазбаўлены на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў.

Народны Сход Заходняй БеларусіПерад тым як пачаць разгляд падзей, што адбываліся ў Заходняй Беларусі (і ў тым ліку на Глыбоччыне) увосень 1939 года, трэба звярнуцца да абставін, якія фактычна прадвызначылі 17 верасня. Рэвалюцыйныя ўзрушэнні 1917 года адкрылі шлях да нацыянальнага самавызначэння беларусаў, яны ж распачалі працяглы перыяд палітычнай нестабільнасці на нашых землях, які ў рэшце рэшт скончыўся савецка-польскай вайной 1919 – 1921 гг. Сітуацыя на фронце, якая складвалася не на карысць Чырвонай арміі, вымагала ад савецкага боку ісці насустрач патрабаванням польскіх дыпламатаў. Асаблівы трагізм гэтай сітуацыі для Беларусі заключаўся ў тым, што кіраўніцтва маладой БССР не магло ніякім чынам паўплываць на ход мірных перамоў, бо беларуская дэлегацыя па патрабаванню Польшчы была адхілена ад удзелу ў іх. Зрэшты, гэты погляд раздзяляў і наркам замежных спраў РСФСР Г. Чычэрын, які лічыў, што беларуская дэлегацыя “там перакуліць усе нашы дыпламатычныя камбінацыі”. Такім чынам, інтарэсы Беларусі на дадзеных перамовах засталіся безабароннымі.
18 сакавіка 1921 года ў Рызе прадстаўнікамі дэлегацый быў падпісаны мірны дагавор. Закладзеныя ў ім супярэчнасці рабілі дагавор нетрывалым, што яскрава выявілася ў 1939 годзе. 

Паводле Рыжскага дагавора з этнічных беларускіх зямель да Польшчы адышлі Гродзенская губерня, усходнія паветы Віленскай і заходнія паветы Мінскай губерняў. Анексіраваныя беларускія землі памерам каля 100 000 км² польскія ўлады падзялілі на чатыры ваяводствы: Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае (Глыбоччына апынулася ў складзе Дзісенскага павета Віленскага ваяводства). Паводле афіцыйных даных польскага перапісу 1921 года, на азначанай тэрыторыі пражывала 3 372 134 чалавекі. Большую частку насельніцтва – каля 3 мільёнаў чалавек – склалі беларусы.
Згодна артыкулу VII Рыжскага дагавора, беларусам, як і іншым нацыянальным меншасцям у Польшчы, павінны былі быць забяспечаны роўныя з палякамі правы ў развіцці сваёй культуры, мовы, адукацыі, выкананні рэлігійных абрадаў. Але на практыцы польскія ўлады парушалі яго і праводзілі жорсткі курс на апалячванне насельніцтва Заходняй Беларусі, і адным з галоўных рухавікоў паланізацыі выступала дзяржаўная сістэма адукацыі, у рамках якой не заставалася месца для беларускай мовы. Калі ў 1919 годзе на тэрыторыі, што адышла да Польшчы налічвалася каля 500 беларускіх школ, то да 1939 года не засталося ніводнай.
Беларускіх настаўнікаў, як правіла, адхілялі ад работы ў Заходняй Беларусі і замянялі польскімі. Добры прыклад такіх адносін – нядоўгая праца нашага вядомага мастака Язэпа Драздовіча ў якасці настаўніка чарчэння і малявання ў Глыбоцкай польскай гімназіі, куды ён уладкаваўся ў 1924 годзе. Ужо праз два гады яго звальняюць за патрыятычную грамадзянскую пазіцыю. У 1939 годзе пасля 15-гадовай бездакорнай працы быў звольнены з пасады павятовага агранома Баляслаў Лапыр – вядомы ў нашай мясцовасці прапагандыст земляробчай культуры, селекцыянер, дзякуючы якому Глыбокае і стала “вішнёвым” горадам. Ізноў жа прычынай звальнення была яго барацьба за правы беларускай мовы і культуры.
Насельніцтва Заходняй Беларусі сустракае савецкія войскіПад самай пільнай увагай польскіх дзяржаўных органаў была беларуская прэса. Газеты і часопісы часта забараняліся і канфіскоўваліся, штрафаваліся друкарні, у якіх яны выдаваліся. У Заходняй Беларусі не было ўласна беларускіх тэатраў і музычных устаноў; улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні.
Моцны ўціск адчуваўся і ў справах рэлігійных. Нягледзячы на тое, што па некаторых падліках у 1920-я гады  каталіцкае духавенства дасягала 200 чалавек, польская ўлада жорстка праследавала беларускамоўных ксяндзоў. Забаранялася весці набажэнствы і казанні, выкладаць Закон Божы на беларускай мове ў школах і гімназіях. Беларускасць святароў з’яўлялася прычынай для абвінавачвання іх у антыдзяржаўнай дзейнасці. Польская афіцыйная прапаганда даводзіла, што беларуская дзейнасць – шкодная для адзінства касцёла. У звароце да Канферэнцыі біскупаў у 1925 годзе беларускія святары паведамлялі, што ў Заходняй Беларусі пражывае больш за мільён беларусаў-католікаў і прапаноўвалі ўзаконіць у набажэнствах беларускую мову. Зварот падпісалі 15 ксяндзоў, сярод якіх, што асабліва прыемна, быў і святар з Глыбокага Антоні Зянкевіч. Трапны каментарый гэтага становішча даў віленскі біскуп Юрый Матулевіч, які з горыччу адзначаў, што “…справы беларускія патрабуюць неадкладнага рашэння – як да гэтага часу, дык яны вырашаліся не па-каталіцку”. Але паўплываць на ўрадавую палітыку біскуп не мог.
Ваенныя падзеі верасня 1939 года змянілі сітуацыю ў краі кардынальным чынам.16 верасня ў 16:00 у часцях Чырвонай Арміі пачалі зачытваць загад пра выступленне ў вызваленчы паход на захад. Беларускім фронтам камандаваў камандарм 2-га рангу Міхаіл Пракопавіч Кавалёў. Фронт налічваў 200 802 салдаты і афіцэры. Супрацьстаялі ім 45 000 польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палова не была ўзброена і не зведзена ў канкрэтныя воінскія часці. Такім чынам, сур’ёзнай узброенай сілы, якая магла б процідзейнічаць савецкім войскам на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было.
СССР не аб’яўляў вайны Польшчы. Характэрна, што і ўрад Польшчы таксама прызнаў, што стану вайны з Савецкім Саюзам няма. Таму ў сваім загадзе войскам маршал Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня падкрэсліваў: “З Саветамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку ці спроб раззбраення нашых часцей”. Загад вярхоўнага галоўнакамандуючага садзейнічаў таму, што ваенныя дзеянні паміж польскімі і савецкімі войскамі былі зведзены да мінімуму. Усяго зафіксаваны каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў, а таксама баі пад Вільняй, Кобрынам і Гродна.
Што датычыцца падзей, якія адбываліся на Глыбоччыне, то тут 17 верасня 1939 года супраціўленне савецкім войскам паспрабавалі аказаць асобныя памежныя стражніцы (пагранзаставы). 
Карта аб'яднанай Беларусі. 1940 год.У выніку ваеннай аперацыі войскі Беларускага фронту да канца верасня занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі і падышлі да абумоўленай з нямецкім кіраўніцтвам мяжы. Страты войск фронту склалі 996 забітымі і 2 002 параненымі. Пераважная большасць беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі з энтузіязмам і радасцю сустракала Чырвоную армію як армію-вызваліцельніцу, што нельга сказаць пра польскае насельніцтва.
Адначасова з прасоўваннем войск Чырвонай Арміі пачалася праца па наладжванню жыцця на занятай тэрыторыі. 19 верасня ў Глыбокім было створана Часовае ўпраўленне, на якое было ўскладзена кіраўніцтва адміністрацыйнай, гаспадарчай і культурна-асветніцкай дзейнасцю ў павеце. Пачало яно сваю дзейнасць з прадуктовых пытанняў і гандлю. 25 верасня пачала выходзіць газета “За свабоднае жыццё”, ад якой вядзе свой летапіс сучасны “Веснік Глыбоччыны”.
На пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б 2 кастрычніка 1939 года былі зацверджаны старшыні Часовых упраўленняў абласцей і гарадоў з ліку сваіх кадраў, было вырашана накіраваць з БССР на працу ў Заходнюю Беларусь 700 камуністаў і 800 камсамольцаў. На тым жа пасяджэнні была абмеркавана пастанова, звязаныя з будучыняй дзяржаўнага ладу краю, першы пункт якой абавязваў склікаць Беларускі Народны сход, які павінен быў вырашыць пытанне аб уваходжанні ў склад БССР і СССР.
Днём выбараў у Народны сход была прызначана нядзеля 22 кастрычніка. Правам выбару ў Народны сход карысталіся ўсе грамадзяне мужчынскага і жаночага полу, якія дасягнулі 18 гадоў. Для правядзення выбараў было створана 929 акруг па прынцыпу: 5 тысяч выбаршчыкаў на акругу. У Глыбокім удзел у галасаванні прынялі 5 621 чалавек. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты атрымалі Часовыя ўпраўленні гарадоў, сялянскія камітэты, сходы рабочых і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. 
Работа Народнага сходу Заходняй Беларусі пачалася 28 кастрычніка ў Беластоку ў прысутнасці 926 абраных дэпутатаў. У першую чаргу, Народны сход аднагалосна прыняў дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Рашэнні, прынятыя ў Беластоку ў хуткім часе былі замацаваны ў Мінску. 14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.
Такім чынам, падзеі 17 верасня 1939 года паклалі пачатак новаму перыяду ў гісторыі Беларусі і Глыбоччыны ў прыватнасці.