Запрашаем да удзелу!

25 ліпеня 2019 года адбудзецца квэст “Таямніца вішнёвай квецені”. Запрашаем прыняць удзел у гэтым захапляльным падарожжы...

Моладзевы патрыятычны форум «Я памятаю! Я ганаруся!»

1-3 ліпеня 2019 года ў нашым горадзе праходзіў моладзевы патрыятычны форум «Я памятаю! Я ганаруся!», прысвечаны 75-гадавіне...

Адбыўся велапрабег "Дарогамі партызанскай славы"

29-30 чэрвеня 2019 года адбыўся велапрабег, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў....

Мітынг-рэквіем "Свечка Памяці"

Мітынг-рэквіем "Свечка Памяці" адбыўся 22 чэрвеня 2019 года ў нашым горадзе. Ля месца жалобнай цырымоніі ў Парку Перамогі...

“Тата! Твой выхад!”

16 чэрвеня на цэнтральнай плошчы горада прайшоў форум “Тата! Твой выхад!”, прысвечаны Міжнароднаму дню бацькі. Наш музей...

Велапрабег "Дарогамі партызанскай славы»

29-30 чэрвеня 1944 года савецкія войскі, развіваючы наступленне, уступілі ў першыя баі з фашыстамі па вызваленні тэрыторыі...

Эстафета "Пламя міру" у Глыбоцкім раёне

Эстафета агню галоўнай спартыўнай падзеі года працягвае ўрачыстае шэсце па Беларусі. 27 мая "Полымя міру" сустракалі ў...

Глыбоччына – рэгіён з вельмі складанай гісторыяй. Асабліва гэта датычыцца першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя, калі палітычная сітуацыя тут змянялася вельмі імкліва. Жыхары рэгіёна жылі то “пры цары”, то “пры немцах”, то “пры Саветах”, то “пры паляках”… І кожная ўлада ўстанаўлівала свае парадкі. Змены, як правіла, датычыліся ўсіх аспектаў жыцця, у тым ліку і сістэмы адукацыі. Аб тым, як змяняліся школы ў пазначаны перыяд, пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.

У дарэвалюцыйнай Расіі, у складзе якой знаходзіліся і беларускія землі, існавала дастаткова складаная сістэма адукацыі, якая налічвала каля 30 розных устаноў. Аднак доўгі час шырокія масы знаходзіліся па-за гэтай сістэмай. Паводле звестак перапісу 1897 г., агульная колькасць пісьменных на землях Беларусі складала толькі 25,7% ад усяго насельніцтва.
Фундаментам сістэмы народнай адукацыі ў краіне з’яўляліся пачатковыя народныя і гарадскія вучылішчы, якія служылі для прадстаўлення пачатковай адукацыі мяшчанам і сялянскім дзецям, а таксама царкоўна-прыхадскія школы – самая масавая і даступная навучальная ўстанова.
Царкоўна-прыхадскія школы ў кожным праваслаўным прыходзе сталі інтэнсіўна стварацца пасля 1884 года, калі былі прыняты “Правила о церковно-приходских школах”. Яны знаходзіліся ў падпарадкаванні Свяцейшага Сінода, і дзяліліся на аднакласныя і двухкласныя. Педагагічную дзейнасць тут ажыццяўлялі святары прыходаў, д’яканы, а таксама настаўнікі, што скончылі пераважна царкоўна-настаўніцкія школы і епархіяльныя вучылішчы. У аднакласных вывучалі Закон Божы, царкоўныя спевы, пісьмо, арыфметыку, чытанне. У двухкласных школах, акрамя таго, вывучалі гісторыю. Таксама існавалі школы граматы, якія давалі дзецям меншы аб’ём ведаў, заняткі ў іх вяліся па праграме першага года навучання ў царкоўна-прыхадской школе. Заняткі тут пачыналіся пасля заканчэння палявых работ і доўжыліся да новага пасяўнога цыклу. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. на Глыбоччыне дзейнічала ўсяго 70 царкоўных школ, у тым ліку 8 царкоўна-прыхадскіх, астатнія – школы граматы.

Адначасова ў буйных населеных пунктах ствараліся народныя вучылішчы. Яны, у адрозненні ад царкоўна-прыхадскіх, былі падначаленыя не Сіноду, а Міністэрству народнай асветы. Звычайна ў такіх вучылішчах было 2 настаўнікі – цывільны педагог і святар.
Да кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі сучаснага Глыбоцкага раёна дзейнічала 10 народных вучылішчаў: Глыбоцкае, Верхнянскае, Залесскае, Кавальскае, Мосарскае, Свільскае, Псуйскае, Чарневічскае, Празароцкае, Пліскае. Акрамя таго, у Глыбокім дзейнічала 2-х класнае земскае вучылішча, дзе маглі працягнуць адукацыю выпускнікі народных вучылішчаў. Тэрмін навучання тут складаў два гады, праграма была значна шырэйшай, чым у народных вучылішчах. У 1914 годзе яно было рэарганізавана ў 4-х класнае гарадское вучылішча, навучанне ў якім было абавязковым для ўладкавання на дзяржаўную службу і атрымання чына калежскага рэгістратара (ніжэйшы грамадзянскі чын у імперыі), а таксама для паступлення ў настаўніцкія семінарыі ці тэхнічныя вучылішчы.
 Ігумення Сергія (у цэнтры) з іерэем Яўхімам Дзівалоўскім, настаўнікамі і выхаванкамі жаночага вучылішча ў БеразвеччыУ 1904 годзе пры Беразвецкім жаночым манастыры стала дзейнічаць настаўніцкая жаночая школа. Яна з’яўлялася педагагічнай навучальнай установай павышанага тыпу і прызначалася для падрыхтоўкі настаўніц пачатковых вучылішчаў усіх разрадаў. Існавала школа да самага закрыцця манастыра.
З пачаткам Першай сусветнай вайны народная адукацыя на тэрыторыі Беларусі прыпыніла сваё развіццё. Настаўнікі былі мабілізаваны ў дзеючую армію. За два з паловай гады вайны колькасць вучняў тут скарацілася амаль удвая.
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года разбурыла капіталістычны грамадскі лад, устанавіла Савецкую ўладу. У новых умовах была разбураная і старая сістэма адукацыі. Тэрыторыя Дзісенскага павета ўваходзіла ў склад Заходняй вобласці – адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі РСФСР, а таму ўсе пастановы і дэкрэты Савецкай Расіі распаўсюджваліся і на гэтыя землі.
27 снежня 1917 года быў створаны Камісарыят асветы Заходняй вобласці, які павінен быў каардынаваць працу па перабудове школьнай справы. Аднак на Глыбоччыне перамены правесці фактычна не паспелі, бо 18 лютага 1918 года нямецкія войскі акупіравалі горад. Школьная адукацыя апынулася ў складанай сітуацыі, бо ніякага кіравання з боку акупацыйных уладаў не было, а значыць не было і фінансавання. Многія настаўнікі былі вымушаны пакінуць школы і шукаць іншую працу.
У такім становішчы 18 – 19 жніўня ў Глыбокім быў праведзены падпольны настаўніцкі з’езд Дзісеншчыны, на якім вырашаліся пытанні выхаду з цяжкага становішча. Прыйшоўшы да высновы, што дапамогу (у першую чаргу матэрыяльную) трэба шукаць у Савецкай Расіі, з’езд накіраваў двух дэлегатаў у Маскву. Як успамінае адзін з дэлегатаў А.А. Сабалеўскі, там яны сустрэліся з першым наркамам асветы Луначарскім, які паабяцаў аказаць настаўнікам нашага краю дапамогу. Заяву павінны былі разгледзець на пасяджэнні малога Саўнаркама, аднак ён не адбыўся па прычыне замаху Фані Каплан на жыццё Леніна.
Неўзабаве палітычная сітуацыя ў Глыбокім зноў змянілася. Пасля таго як нямецкія войскі ў снежні 1918 года пакінулі Дзісеншчыну, на гэтых землях распачалася актыўнае станаўленне савецкай улады. 10 снежня 1918 года ўтвараецца Дзісенскі павятовы камітэт Савета рабочых, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў, а пры ім аддзел народнай асветы, які ўзначаліў глыбачанін Аляксандр Антонавіч Сабалеўскі. У рэгіёне пачалося станаўленне новай савецкай школы.
1 студзеня ў Смаленску была створана ССРБ, у склад якой увайшлі і землі Глыбоччыны. А ўжо праз тыдзень у Глыбокім адбыўся VI настаўніцкі з’езд Дзісенскага павета. На гэтым з’ездзе вырашаліся пытанні аб тым, як будаваць новую школьную сістэму на нашых землях.
АгітплакатНеабходна пазначыць, што яшчэ ў кастрычніку 1918 года свет пабачыў дакумент, які меў выключнае значэнне – Палажэнне ЦВК РСФСР «О единой трудовой школе». Па сутнасці гэта была праграма дзейнасці савецкай школы. Згодна Палажэнню складаная дарэвалюцыйная сістэма народнай адукацыі скасоўвалася і стваралася адзіная працоўная школа, якая дзялілася на дзве ступені: першая (пяцігадовая) для дзяцей ад 8 да 13 гадоў і другая (чатырохгадовая) для дзяцей ад 13 да 17 гадоў. У гэтых школах устанаўліваліся сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, роўнасць прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей. У нацыянальных раёнах уводзілася выкладанне на роднай мове. Навучанне станавілася бясплатным, дзецям з малазабяспечаных сем'яў аказвалася дапамога. З вучэбных планаў выключалася вывучэнне Закона Божага.
Кіруючыся вышэй пазначаным Палажэннем, глыбоцкі настаўніцкі з’езд пастанавіў, што на землях нашага рэгіёна паўсюдна неабходна адкрыць школы 1 ступені, а ў Глыбокім і Плісе – 2 ступені.
Трэба адзначыць, што не ўсім перамены прыйшліся даспадобы. Так, у канцы 1918 года бацькі навучэнцаў Глыбоцкай школы пісалі хадатайніцтва ў Дзісенскі павятовы савет з просьбай дазволіць пераўтварыць школу ў прыватную і самім фінансаваць яе, а таксама вярнуць у курс школьнай праграмы царкоўныя прадметы. Камісія аддзела народнай адукацыі разгледзела зварот і пастанавіла: данесці да бацькоў, што прыватных школ у краіне больш не існуе, а, згодна Дэкрэта 1917 года, царква аддзелена ад школы, і выкладанне ў ёй Закона Божага і іншых царкоўных прадметаў не дапушчальна. Тым не менш, у большасці выпадкаў новыя парадкі ў школьнай сістэме былі прыняты насельніцтвам даволі станоўча.
Далейшаму станаўленню і развіццю савецкай сістэмы адукацыі на нашых землях зноў перашкодзіла акупацыя – на гэты раз польская. Армія суседняй краіны 19 жніўня 1919 года заняла Глыбокае. У гісторыі краю пачаўся складаны перыяд, які ўрэшце скончыўся тым, што Глыбоччына амаль на два дзесяцігоддзя апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. І мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі хадзілі ў зусім іншую школу…