Рэха вайны
4 лістапада 2019 года падчас рамонтных работ будынка штаба вайсковай часткі ВК-13 былі знойдзеныя фрагменты надмагільных крыжоў, пахаваных у гэтым месцы польскіх жаўнераў. Некаторыя надпісы на крыжах паддаюцца прачытанню і дазваляюць сцвярджаць пра час пахавання вайскоўцаў. З усіх знойдзеных фрагментаў дата пахавання захавалася толькі на двух: 1920 i 1922 год. Па форме яны падобныя на крыжы, што да нядаўняга часу знаходзіліся на польскіх вайсковых могілках Глыбоччыны, напрыклад, на гарадскіх могілках па вуліцы М. Горкага.
Пераважная большасць магіл польскіх салдат на гарадскіх могілках «Копцёўка» датуецца 1920 годам і звязана з падзеямі савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. 4 ліпеня 1920 года ўдарная групоўка Заходняга фронту Чырвонай арміі перайшла ў наступленне, якое паспяхова развівала на тэрыторыі Глыбоччыны. Часткі 15-й арміі (4-я, 11-я, 15-я, 33-я і 54-я стралковыя дывізіі) пасля ўпартых баёў нанеслі паражэнне польскім войскам, адкінуўшы іх на Глыбокае. Пры прарыве польскіх умацаванняў у паласе 33-й стралковай дывізіі Чырвоная армія ўпершыню выкарыстала трафейныя танкі. 5 ліпеня Глыбокае было ўзята кавалерыйскай групай 15-й арміі.
Пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя Глыбоччыны ўвайшла ў склад Польшчы. У 1924 годзе быў створаны Корпус аховы памежжа (КАП).
У Глыбокім, ці правільней сказаць у Беразвеччы, размясціўся полк КАП «Глыбокае», які ўваходзіў у склад памежнай брыгады «Вільня». У склад палка ўваходзілі батальён і кавалерыйскі эскадрон KАП «Падсвілле», а таксама батальён і кавалерыйскі эскадрон KАП «Лужкі». З вясны 1937 гада, пасля расфарміравання брыгады «Вільня», полк перайшоў у непасрэднае падпарадкаванне камандуючага Корпусам аховы памежжа. У яго склад дадаткова былі ўключаныя батальён КАП «Слабодкa», кавалерыйскі эскадрон КАП «Друя», а таксама зноў сфармаваны запасны батальён «Беразвеч». У палку служыла нямала жыхароў бліжэйшых паветаў Віленскага ваяводства. У 1939 годзе полк КАП «Глыбокае» ахоўваў участак польска-савецкай мяжы працягласцю 164 км 450 м.
Крыжы, знойдзеныя ў Беразвеччы, выкарыстоўваліся як будаўнічы матэрыял для залівання ганка. Будынак штаба вайсковай частцы ўзводзіўся ў пачатку 1960-х гг., хутчэй за ўсё, пасля знішчэнне Беразвецкага храма, і, магчыма, з цэглы гэтай святыні.

Салдацкія могілкі з 1920-га года знаходзілася насупраць манастыра і былі знішчаны ў канцы 1960-х гадоў, а на іх месцы было пабудавана некалькі жылых дамоў. Месцазнаходжанне могілкаў пацвярджаюць і карты 1920-30-х гадоў. На іх, справа ад дарогі з Глыбокага на Шаркаўшчыну, насупраць манастырскіх пабудоў пазначана вайсковае пахаванне. Прычым, на больш ранніх картах часоў Расійскай імперыі гэтыя могілкі не адзначана. Можна меркаваць, што яны з'явілася як палкавыя, пасля таго, як у Беразвеччы размясціўся КАП «Глыбокае».
Пасля вывучэння знойдзеных фрагментаў крыжоў і занясення імёнаў загінуўшых і пахаваных на нашай зямлі польскіх салдат у спісы, яны будуць перавезены на адзін з польскіх вайсковых могільнікаў Глыбоччыны.




















