Уніяцкае духавенства Кавальскай царквы
Царква Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Кавалі з’яўляецца адным з самых старажытных храмаў Глыбоччыны – у адпаведнасці з вядомымі нам звесткамі, яна была пабудавана ў 1748 годзе. Нягледзячы на рэканструкцыю канца ХІХ стагоддзя, якая змяніла першапачатковыя абрысы гэтага драўлянага храма, ён па ранейшаму захоўвае элементы стылю барока, што надае яму некалькі нязвыклы для праваслаўнай царквы выгляд.
Культавы будынак узводзіўся на сродкі глыбоцкіх кармелітаў босых, кляштару якіх вёска належала да 1842 года. Характэрна, што царква ў Кавалях была далёка не адзінкавым прыкладам будаўніцтва ўніяцкіх храмаў пры падтрымцы каталіцкіх манахаў на Глыбоччыне; наогул жа ва ўладаннях глыбоцкага кляштара кармелітаў босых у свой час налічвалася ажно шэсць грэка-каталіцкіх цэркваў.
Разам з тым, нельга ігнараваць сведчанні, якія даюць падставу меркаваць, што ўзаемаадносіны кавальскага пароха (парафіяльнага святара) і глыбоцкіх манахаў маглі быць складанымі. Хутчэй за ўсё мясцоваму святару даводзілася “балансаваць” паміж кармелітамі босымі, на землях якіх размяшчаўся прыход, і беразвецкімі базыльянамі, якія, з’яўляючыся ўніяцкімі манахамі, у пэўнай ступені яго апекавалі. Гісторык і педагог Восіп Шчарбіцкі на старонках “Літоўскіх епархіяльных ведамасцей” прыводзіць прыклад канфлікту паміж прадстаўнікамі двух манастыроў, які адбыўся ў Кавалях летам 1772 года падчас храмавага свята Успення Святой Ганны. У цэнтры канфлікту знаходзілася пытанне неабходнасці пераходу ўніятаў у каталіцтва (зразумела, абодва бакі прытрымліваліся супрацьлеглага меркавання ў дачыненні да азначанай праблемы). У сваім артыкуле Восіп Шчарбіцкі намякае на тое, што святары дадзенай царквы былі вымушаны існаваць ва ўмовах сталага ціску з боку каталіцкага кляштара кармелітаў босых у Глыбокім, духавенства якога адкрыта заклікала жыхароў Кавальскага прыхода да пераходу ў каталіцтва.
Не варта сумнявацца ў тым, што ўніяцкаму святару царквы ў Кавалях даводзілася лічыцца з глыбоцкімі манахамі, бо менавіта кляштар кармелітаў босых выступаў у ролі мясцовага калятара (так называлі ўладальніка маёнтка, дзе знаходзілася царква, які карыстаўся правам прадстаўляць епіскапу святара для прызначэння на вакантны прыход).
Трэба аднак мець на ўвазе той факт, што першая згадка пра святароў мясцовай царквы адносіцца да 1703 года, што, такім чынам, сведчыць пра існаванне ўніяцкага храма ў азначаным паселішчы ўжо прынамсі ў самым пачатку XVIII стагоддзя. На дадзены момант не вядома назва, пад якой царква існавала ва ўніяцкі этап сваёй гісторыі; у якасці праваслаўнага храм ва ўсіх дакументах фігуруе як “Успенскі”. Верагодна ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ён быў асвечаны яшчэ да таго моманту, калі ў 1839 годзе пасля ліквідацыі Уніі стаў праваслаўным. У любым выпадку, варта згадаць пра шаноўную ікону XVII стагоддзя з вобразам Успення Прасвятой Багародзіцы, на якой акцэнтуе ўвагу вядомы гісторык і краязнавец Аляксей Сапуноў пры апісанні царквы ў Кавалях.
Пра велічыню Кавальскага прыхода можна меркаваць па статыстычных матэрыялах, прыведзеных у “Акце візітацый парафій Дзісенскага павета ў 1819 годзе”. У адпаведнасці са згаданым актам, на той час пры царкве налічвалася 1390 “камунійных парафіян”, што рабіла мясцовы прыход адным з найбуйнейшых (па колькасці прыхаджан) грэка-каталіцкіх прыходаў на тэрыторыі сучаснага Глыбоцкага раёна.
На жаль архіўныя крыніцы Беларусі і суседніх краін захавалі зусім не шмат інфармацыі наконт уніяцкага духавенства Кавальскай царквы, і, тым не менш, імёны трох святароў на дадзены момант вядомы даследчыкам:
Іллініч Міхал (Ylinicz Michał), у 1703 годзе згадваецца ў якасці святара царквы ў дакуменце, складзеным падчас візітацыі.
Касецкі Марцэлі (Kossecki Marceli), вучыўся ў Віленскім Папскім алюмнаце (семінарыі), які ў 1753 – 1798 гадах выконваў функцыі школы для ўніяцкага духавенства. У спісе ўніяцкіх святароў Мінскай губерні ад 5 мая 1798 года пазначаны як адміністратар царквы; спіс уніяцкіх святароў Дзісенскага павета за 1806 год фіксуе яго ў якасці святара царквы.
Камар Іосіф (Komar Jozeff, Комаръ Іосифъ), 1783 года нараджэння. Вучыўся ў школе пры Сухавіцкім кляштары базыльянаў (існаваў у XVIII – першай трэці XIX стагоддзя; у нашы дні Сухавічы – вёска ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці), пасвечаны ў 1809 годзе. Паводле архіўных крыніц, у 1810 годзе з’яўляўся адміністратарам царквы, заставаўся ім па стане на 26 лістапада 1819 года. У рэвізскіх сказках уніяцкіх святароў і царкоўнаслужыцеляў Дзісенскага павета за 1834 год указаны як святар царквы; у гэтым жа сане згадваецца ў афіцыйных дакументах ад 25 лютага 1837 года.
Магчыма менавіта Іосіфу Камару было наканавана лёсам стаць апошнім прадстаўніком уніяцкага духавенства Кавальскай царквы і, адпаведна, з вясны 1839 года – першым яе праваслаўным святаром.




















