«Ліст з 45-га»
80 гадоў таму адбылася падзея, да якой народы СССР ішлі доўгія чатыры гады – пераможна завяршылася Вялікая Айчынная вайна.
Адным з сімвалаў таго часу сталі франтавыя лісты салдат, якія самааддана абаранялі Радзіму ў 1941-1945 гадах і ўнеслі свой неацэнны ўклад у Перамогу. Кожны з іх марыў аб адным: адолець ворага і хутчэй сустрэцца з роднымі і блізкімі. Многім з гэтых герояў не наканавана было вярнуцца дадому. Але памяць аб іх жывая да гэтага часу. Іх думкі, імкненні і перажыванні засталіся ў радках на пажоўклых ад часу лістах, паштоўках і салдацкіх трыкутніках, некалі адпраўленых імі сваім сем'ям палявой поштай.
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей (Рэспубліка Беларусь) і Дзмітрыеўскі краязнаўчы музей ім. А.Ф. Вангенгейма (Расійская Федэрацыя) падрыхтавалі сумесны праект «Ліст з 45-га», у аснову якога ляглі салдацкія лісты, якія беражліва захоўваюцца ў фондах нашых музеяў.
Як падобныя гэтыя лісты! Услухайцеся ў словы!
Кожны ліст сагрэты любоўю да сваіх блізкіх, верай у Перамогу і сваёй значнасцю ў агульнай вялікай справе. І ніводнага слова, каб прычыніць боль, хоць кожны ведаў, што гэты ліст можа апынуцца апошнім...