"Вечны вандроўнік"
«Хаджу паміж Мнютай і Аутай
па хатах, малюючы людзям…
на сваёй радзіме… даўгі ёй аддаю»
Язэп Драздовіч. Урывак з дзённіка.
Многія жыхары Глыбоччыны памятаюць вандроўнага мастака, які маляваў самаробныя дываны для іх хат, запісваў народныя песні і паданні. Гэта быў Язэп Драздовіч. Яго мастацкія творы маюць адметны характар – яны ўнікальныя і, разам з тым, традыцыйныя, наіўныя і мудрыя, рэалістычныя і сімвалічныя.
За выключэннем сямі год ваеннай службы ў царскай арміі, жыццёвыя шляхі Язэпа Драздовіча не выходзілі за межы роднай зямлі і, у большай ступені, мілай з дзяцінства Дзісненшчыны. У 1920-х гадах, падчас вандровак па Заходняй Беларусі, мастак стварае ўнікальныя графічныя альбомы – сотні малюнкаў, прысвечаных помнікам старажытнага дойлідства многіх населеных пунктаў Беларусі. Яго замалёўкі гарадзішчаў і курганаў, замкаў і храмаў, гумнаў і хат і на сёння з’яўляюцца гістарычнай крыніцай для даследчыкаў і этнографаў.
У чэрвені 1933 года Драздовіч накіроўваецца на сваю маленькую радзіму – Дзісненшчыну. Так пачынаецца новы перыяд у жыцці і творчасці нашага земляка. Тут, “паміж Мнютай і Аутай” нарадзіліся многія жывапісныя творы мастака. Вярнуўшыся са сваіх нялёгкіх вандровак, Язэп Драздовіч мусіў дапамагаць брату, які арандаваў зямлю і жыў у вечным клопаце аб сваёй сям’і. разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам стварыў культурны асяродак у Летніках. Штогод улетку выпраўляўся ў чарговую вандроўку. Мастак ішоў ад вёскі да вёскі і для гасцінных гаспадароў маляваў насценныя дываны. Простыя даматканыя палотны, пісаныя казеінавымі ці алейнымі фарбамі, яны прызначаліся для мастацкага аздаблення вясковых хат. Вось што пісаў аб гэтым Драздовіч у сваім дзённіку :
1933 год.
Ад месяца ліпеня аж да канца месяца верасня аддаўся дзеля развіцця ў народзе мастацкага эстэтычнага пачуцця і размалёўваў для запрашаючых на простым вясковым, саматканым афарбаваным на чорнае палатне рознаўзорыстыя дываны з месячнымі начнымі пейзажамі на асяродках…”
1934 год.
Лета і восень старога года патраціў на вандроўкі ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты – малюючы, дзеля ратавання сябе ад безрабоцця, для вясковых дзяўчатак і кабет сценныя дываны, а ў прамежках часу, калі не меў заказаў, то туды, то сюды да малалікай радні ды знаёмых.
…безрабоцце. А калі і была калі дзе якая работа па дэкаратыўнаму малярству, як дываны, якіх я ў мінулым годзе намаляваў каля трыццаці штук, па тры і па чатыры злотых за штуку (гледзячы па велічыні), то ўсё гэта пайшло на ліхвярскай цаны махорачнае курэнне і самі маляўніцкія матэрыялы. Адно толькі тое, што ў часы працы харчы і кватэра нічога не каштавалі, дзе раблю, там і харчуюся. А кончыўшы працу, калі няма тут жа зараз новай, ідзі куды хочаш – хочаш “дамоў”, якога не маеш, хочаш на госці за вёрст дваццаць ці трыццаць, калі ёсць куды і да каго, калі здароўе на пераходы пазваляець.
1935 год.
Канец январа і першую, большую, палавіну лютага правёў на пахатняй працы ў вёсцы Верацеях, малюючы для тамтэйшых дзяўчат дываны, гонячы пад агульны фіранкавы стыль, з пейзажамі на асяродку. Для Веркі—чырвоныя фіранкі з месячнай ноччу. Для Марылі – зялёныя фіранкі з зімовай вуліцай вёскі. Для Соні і Любы – таксама зялёныя, толькі для першай з раніцай над возерам, а для другой – з зімовай дарогай, з абінвацелымі бярозамі лужэцкага тракту. На астатку для А.Т. – сінія фіранкі з Віленскай замкавай гарой на асяродку. Зрабіў невялічкі дыванчык і для А.Роўды, які з прыяцельскіх пачуццяў зацягнуў мяне сюды ў Верацеі на заробак. На астатку надакучыла мне гэтая работа – з дня ў дзень тарчэць стоймя каля распятых на сцяну пасцілак… Кінуў-рынуў і пайшоў у Летнікі на колькідзённы выпачынак…
Ад восені аж да самых Каляд працаваў без пярэрвы, дэкаруючы сялянскія хаты сажанных памераў маляўнічымі дыванамі ў раёне сяла Шкунцікаў. І намаляваў за ўвесь гэты час каля дзесятка штук так званых “каўроў”.
1937 год.
Месяц люты правёў на пушчы Цытавізна, на родзіне сваёй, празастаўляючы там для сваіх з радні сваякоў два партрэты – адзін свёкра пляменніцы Яніны Д[раздавічан]кі, а другі ейнага бацькі Стафана ў Азёрках. Хай пазастануцца на памятку ўнукам.”
Бачна, што гэта работа была не проста дзеля кавалка хлеба, а дзеля эстэтычнага выхавання народа. Мастак адчуваў патрэбу вяскоўцаў у маляваных дыванах, якія з кожным годам набывалі ўсё большую папулярнасць. Дываны дзядзькі Язэпа мелі адметны і непаўторны характар. Захоўваючы народныя традыцыя пры напісанні дываноў, мастак заўсёды дадаваў нешта сваё, адметнае. Папулярнасць Драздовіча як майстра маляваных дываноў шырылася ад Германавічаў да Дзісны, ад Глыбокага да Браслава. Кожная гаспадыня лічыла за гонар мець дыванок самога Язэпа Драздовіча.
Апошні вядомы твор мастака датаваны 1954 годам. Гэта “Зачараваны замак”. На ім – адзін з характэрных матываў, які часта сустракаецца на маляваных дыванах: воін з востраканечнай дзідай каля мураванага замка…