"Дарогамі герояў. Вызваленне Глыбоччыны"
З новым музейна-педагагічным заняткам "Дарогамі герояў. Вызваленне Глыбоччыны", прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі, супрацоўнікі музея адправіліся ва ўстановы адукацыі нашага раёна.
Разам з вучнямі малодшых класаў яны пагрузіліся ў гістарычныя падзеі, якія назаўжды засталіся ў памяці нашага народа. З дапамогай інтэрактыўнай карты дзеці візуальна прайшлі шлях савецкай арміі па тэрыторыі Глыбоцкага раёна, даведаліся шмат новага пра падзеі лета 1944 года, а таксама выконвалі розныя тэматычныя заданні. Заданні патрабуюць ад дзяцей не толькі веданне гісторыі, але і проста ўважлівасць, эрудыцыю і звычайнае шанцаванне. Дзеці «ваявалі» ў танкавым баі, укладвалі салдацкі рэчмяшок, аказвалі дапамогу «параненаму», праводзілі «размініраванне» і многае іншае.
Такія заняткі не толькі дазваляюць захаваць гістарычную памяць, але і выхоўваюць гонар і павагу да гераічнага мінулага нашай краіны.
(21 сакавіка 2025 года)