Ноч музеяў 2024
Шумна, весела і цікава прайшло музейнае свята ў нашым горадзе! 18 мая аматары і знаўцы гістарычнага мінулага прыйшлі ў музей, каб узяць удзел у падрыхтаваным для іх святочным мерапрыемстве. І, мусіць, у гэты дзень ніхто не застаўся ўбаку. Разнастайныя лакацыі, як кажуць на любы густ, знайшлі сваіх наведвальнікаў. Шматлікія музейныя пляцоўкі, конкурсы і віктарыны, гульні і забавы праходзілі не толькі ў памяшканні музея, але і ў музейным дворыку.
Пачаўся дзень з Міжнароднай анлайн-канферэнцыі «Ноч музеяў без межаў», у якой прынялі ўдзел музейшчыкі Беларусі і Расіі. Калегі з Ушачаў, Бягомля, Глыбокага (Беларусь), а таксама Дзмітрыева і Жалезнагорска (Расійская Федэрацыя) падзяліліся вопытам работы і абмеркавалі далейшыя перспектывы супрацоўніцтва.
Увечары музей працаваў у рэжыме нон-стоп. Пралогам сталі «Мелодыі для душы» ў выкананні скрыпачкі Святланы Шуран і уверцюра «Музейны перапалох», на якой гістарычныя персанажы розных эпох размаўлялі з гасцямі свята ва ўласцівай ім манеры.
Усіх аматараў экстрыму музейныя работнікі запрасілі на гарышча, дзе праводзіўся квэст "Музейнае закуліссе". Разгадваць складаныя галаваломкі спрабавалі, практычна, усе ўдзельнікі мерапрыемства. Праўда, поспех усміхнуўся не ўсім, і як у любым спаборніцтве былі вызначаны пераможцы. Імі стала каманда Глыбоцкага МКК.
У музейным дворыку ў гэты вечар працавала рэтра-пляцоўка "Сінглы мінулых гадоў". На ёй наведвальнікі змаглі не толькі ўбачыць музейную калекцыю гукаўзнаўляльных прыбораў мінулага стагоддзя, але выбраць і паслухаць з дапамогай старажытнага патэфона ці радыёлы мелодыю, якая спадабалася. Магчымасцю адпачыць і падсілкавацца стравамі нацыянальнай кухні скарысталіся глыбачане падчас экспрэс-дэгустацыі.
У залах музея ў гэты вечар працавала рэтра фота-атэлье "Вы ў кадры", у якім можна было прымераць на сабе вобраз вішнёвай каралевы або манаха-кармеліта, барона Мюнхгаўзена або жанчыны з племя крывічоў. А вось здымак на памяць у касцюме ўпадабанага героя можна было зрабіць у любой з музейных залаў. Маладзёжную аўдыторыю захапіла арт-гульня "Музейны экспромт", дзе акрамя кемлівасці і эрудыцыі трэба было выкарыстоўваць свой талент акцёра. Маленькія наведвальнікі добра правялі час у зале настольных гульняў "Музейныя забавы". Шашкі, мазаікі, бізнес-гульні, кубікі і шарады - гэта захапляла дзетвару на працягу ўсяго свята! У падвальным памяшканні быў арганізаваны прагляд дыяфільмаў.
Завяршылася «Ноч музеяў 2024» начной экскурсіяй з ліхтарыкамі «Музей навобмацак».