Не дранікамі адзінымі
Адным з відаў турызму, які ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне, з’яўляецца гастранамічны турызм. Яго сутнасць заключана ў імкненні пазнаёміцца з краінай праз прызму нацыянальнай кухні. Але для таго, каб зацікавіць турыста беларускімі кулінарнымі асаблівасцямі, яму трэба прапанаваць сапраўды аўтэнтычныя стравы, традыцыя прыгатавання якіх перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Бадай першае, што прыходзіць у галаву пры думцы пра нашу нацыянальную кухню – знакамітыя беларускія дранікі. Але ж далёка не толькі іх могуць прапанаваць турыстам айчынныя майстры кулінарнай справы. У кожным рэгіёне Беларусі да нашага часу захоўваюцца старадаўнія рэцэпты ўнікальных страў, якія могуць зацікавіць аматараў смачна і з густам паесці. Некаторым з іх пашанцавала патрапіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, што павінна садзейнічаць іх надзейнаму захаванню. Гастранамічныя асаблівасці Глыбоччыны ў гэтым спісе прадстаўлены трыма праяўленнямі кулінарнай спадчыны нашага краю: стравамі “Клёцкі з душамі” і “Масляны баран”, а таксама тэхналогіяй выпечкі жытняга хлебу.
Практыка прыгатавання “Клёцак з душамі” з даўніх часоў існавала на Глыбоччыне, а іх рэцэптура перадаецца з пакалення ў пакаленне. Падрабязней пра гэту страву глыбоцкай кухні можна прачытаць тут.
Яшчэ адной безумоўнай адметнасцю Глыбоцкага раёна з’яўляецца тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран”. Сутнасць тэхналогіі заключана ў адмысловым прыгатаванні хатняга масла і яго эстэтычным афармленні ў выглядзе барана па традыцыйнай мясцовай рэцэптуры. Калісьці “Маслянага барана” гатавалі многія сем’і з вёскі Мацюкова, сёння ж гэты ўзор нематэрыяльнай спадчыны Беларусі захоўваецца намаганнямі жыхаркі гэтай вёскі – Марыны Іванаўны Хрол. Прыгатаванне стравы пачынаецца са збору смятаны (вяршкоў). У маслабойцы (сама Марына Іванаўна карыстаецца старадаўняй дубовай маслабойкай) збіваецца масла, затым прамываецца ў халоднай вадзе і соліцца. Са збітага масла фармуецца камок прадаўгаватай формы, з якога фармуецца фігура барана. Далей пачынаецца самае цікавае – кавалачкі масла пэўным спосабам праціскаюцца праз марлю, набываючы выгляд меха барана. З дапамогай нажа іх накладваюць на фігуру, такім чынам “апранаючы” яго. Напрыканцы, застаецца толькі прымацаваць да галавы барана васковыя рожкі, вочы з перцу-гарошку і упрыгожыць страву зелянінай. Раней “Маслянага барана” гатавалі выключна да святочнага Велікоднага стала, праводзячы паралель з Ягнём Божым – самім Ісусам Хрыстом.
“Хлеб – у хаце гаспадар” - так казалі нашы продкі. Хлеб для беларусаў – адзін з сімвалаў роднага дома, сям’і, Радзімы. Традыцыйную тэхналогію выпечкі жытняга хлеба на Глыбоччыне захоўвае жыхарка вёскі Дзеркаўшчына Сцепаніда Аляксандраўна Лупач. Працэс выпечкі хлеба праходзіць некалькіх этапаў: падрыхтоўка квасніка (закваскі), замешванне і сама выпечка. Хапае, аднак, у гэтай няпростай справе і акалічнасцей. Нават печ, і тую трэба ўмець належным чынам вытапіць. Калі цеста кладзецца ў формы, гаспадыня па традыцыі ставіць на першай буханцы крыжык, бо хлеб, па яе словах, з якімі нельга не пагадзіцца – гэта сапраўдны дар Божы. Цікава, што для таго, каб вызначыць гатоўнасць бохана хлеба, адначасова з яго пасадкай у печ у шклянку з вадой кідаецца невялікі кавалак цеста. Як толькі ён усплыве – хлеб можна даставаць. Нарэшце, дастаўшы каравай з печы, гаспадыня змочвае руку халоднай вадой і праводзіць па скарынцы. Выпечаны на кляновых лістах хлеб валодае выдатнымі смакавымі якасцямі і не чарсцвее на працягу цэлага тыдня. Паспрабаваць яго – адна асалода.
Згаданыя вышэй тэхналогіі прыгатавання старадаўніх страў беларускай кухні з’яўляюцца найкаштоўнейшым скарбам, які варта не толькі захаваць, але і папулярызаваць яго, зрабіўшы даступным для турыстаў. З аднаго боку, гэта надзейна абараніла б кулінарныя традыцыі продкаў ад паступовага згасання, а з другога – безумоўна садзейнічала б развіццю турызму ў нашай краіне.
Не дранікамі адзінымі жыве беларуская нацыянальная кухня.




















