Перасоўная выстава "Баявы лісток"
У гады Вялікай Айчыннай вайны баявыя лісткі і насценныя газеты былі даступнай і аператыўнай формай друкаванай агітацыі. Гэта ўнікальныя сведчанні гісторыі, своеасаблівая энцыклапедыя партызанскага жыцця. Кожная газета, баявы лісток выдаваліся ў адзіным экзэмпляры і расказвалі пра жыццё канкрэтнага фарміравання, пра баявыя аперацыі, пра мужнасць і баязлівасць асобных байцоў, пра ўнутраны распарадак жыцця ў атрадзе. Нататкі, вершы, анекдоты, малюнкі, шаржы, карыкатуры перадаюць думкі і пачуцці чалавека на вайне, дэманструюць баявы дух партызан і веру ў перамогу. У іх знайшлі адлюстраванне розныя бакі баявога жыцця і побыту партызан, аналізаваліся баявыя аперацыі, а таксама ўздымаліся тэмы, звязаныя з жыццём той ці іншай партызанскай брыгады.
Перасоўная выстава "Баявы лісток" была створана супрацоўнікамі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў рамках святкавання юбілею, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння, напярэдадні Дня Перамогі, гэтая ўнікальная выстава працуе ў нашым музеі. З матэрыяламі выставы можа пазнаёміцца кожны жадаючы з 10 красавіка па 11 мая 2025 года.