З 2 па 8 чэрвеня ў нашай краіне пройдзе маштабная рэспубліканская акцыя "Вандруй. Адчуй. Натхняйся", закліканая папулярызаваць унутраны турызм, адкрыць беларусам і гасцям краіны ўсю разнастайнасць турыстычных магчымасцей. Наш музей далучаецца да акцыі і запрашае ўсіх жадаючых 5 і 6 чэрвеня на бясплатнае наведванне экспазіцыі музея. Чакаем Вас у госці!
Штогод ва ўсім свеце 18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У гэты дзень на музейных пляцоўках праходзяць розныя мерапрыемствы пазнавальна-забаўляльнага характару.
З 2013 года, а гэта значыць, трынаццаты раз, Глыбоцкі музей прымае ўдзел у гэтай акцыі. У гэтым годзе мы прапануем сустрэцца «На скрыжаваннях гісторыі» 16 мая ў 17.30. Усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у інтэрактыўных праграмах, якія будуць арганізаваны ў музейным дворыку і ў залах нашага музея. Наведвальнікі мерапрыемства змогуць прадэгуставаць розныя віды травяной гарбаты, трапіўшы на "НеслуЧАЙные встречи", наведаць спірытычны сеанс вядомай варажбіткі, адправіць паштовы ліст, напісаны чарнільным пяром. Хэдлайнерам мерапрыемства выступіць адна знакамітая асоба, імя якой застанецца пакуль у сакрэце.
Мы, супрацоўнікі музея, будзем рады правесці прафесійнае свята разам з нашымі наведвальнікамі. Давайце сустрэнемся "на скрыжаваннях гісторыі" ў майскую музейную ноч!
У гады Вялікай Айчыннай вайны баявыя лісткі і насценныя газеты былі даступнай і аператыўнай формай друкаванай агітацыі. Гэта ўнікальныя сведчанні гісторыі, своеасаблівая энцыклапедыя партызанскага жыцця. Кожная газета, баявы лісток выдаваліся ў адзіным экзэмпляры і расказвалі пра жыццё канкрэтнага фарміравання, пра баявыя аперацыі, пра мужнасць і баязлівасць асобных байцоў, пра ўнутраны распарадак жыцця ў атрадзе. Нататкі, вершы, анекдоты, малюнкі, шаржы, карыкатуры перадаюць думкі і пачуцці чалавека на вайне, дэманструюць баявы дух партызан і веру ў перамогу. У іх знайшлі адлюстраванне розныя бакі баявога жыцця і побыту партызан, аналізаваліся баявыя аперацыі, а таксама ўздымаліся тэмы, звязаныя з жыццём той ці іншай партызанскай брыгады.
Перасоўная выстава "Баявы лісток" была створана супрацоўнікамі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў рамках святкавання юбілею, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння, напярэдадні Дня Перамогі, гэтая ўнікальная выстава працуе ў нашым музеі. З матэрыяламі выставы можа пазнаёміцца кожны жадаючы з 10 красавіка па 11 мая 2025 года.
У верасні 1939 года тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна ўвайшла ў склад БССР. 15 студзеня 1940 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР "Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР" былі ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны, як адміністрацыйныя адзінкі Вілейскай вобласці.
Да юбілейнай даты супрацоўнікамі нашага музея падрыхтавана гісторыка-пазнавальнае мерапрыемства "Глыбоцкі раён: падзеі і людзі", якое дазваляе ўспомніць асноўныя вехі развіцця Глыбоцкага раёна. Мерапрыемства плануецца праводзіць для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва, у тым ліку ў працоўных калектывах устаноў і арганізацый нашага раёна. Мерапрыемства праводзіцца па папярэдняй дамоўленасці. Кантактны тэлефон: 3 61 79.
Кожны год 9 снежня адзначаецца дзень прыняцця Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго - важнейшага міжнароднага дакумента, прынятага пры стварэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і які непасрэдна папярэднічаў прыняццю Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі A/RES/69/323 ад 29 верасня 2015 года гэты дзень стаў таксама Міжнародным днём памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.
Падчас Другой сусветнай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі - амаль 3 млн. чалавек. Асобнай трагічнай старонкай той страшнай вайны стала татальнае знішчэнне беларускага народа. Беларусь у гады вайны на сваёй тэрыторыі перажыла фактычна два генацыды: халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як прадстаўнікоў усходніх славян.
У музеі пройдзе чарговае мерапрыемства, накіраванае на ўсталяванне і захаванне гістарычнай справядлівасці шматнацыянальнага беларускага народа, які стаў ахвярай зверскіх фашысцкіх злачынстваў.
Захапляльнае падарожжа ў свет дагістарычных рэптылій чакае жыхароў і гасцей нашага горада ў бліжэйшы час. З 23 мая па 30 чэрвеня 2024 года ў выставачнай зале нашага музея будзе працаваць унікальная выстава "Дыназаўры". На ёй вас чакаюць сустрэчы з Тырэксам, Спіназаўрам, Пцерадактэлем і іншымі грандыёзнымі стварэннямі Юрскага перыяду. Выстава цалкам інтэрактыўная - вы зможаце прыняць удзел у зборцы пазлаў і канструктараў, ажыўляючы гісторыю сваімі рукамі! Акуніцеся ў свет палеанталогіі і адкрыйце для сябе дзіўныя факты аб жыцці дыназаўраў, у той час як вашы дзеці будуць у захапленні ад інтэрактыўных забаў і прыгод.
Цэны на ўваходныя білеты:
• Дарослы - 6.00 руб.
• Дзіцячы - 5.00 руб.
• Групавы (дзеці) - 3.00 руб.
Экскурсія праводзіцца для ўсіх наведвальнікаў бясплатна. Час знаходжання на выставе не абмежаваны.









12 лютага 2024 года ў 16.00 у выставачнай зале нашага музея адбудзецца прэзентацыя выставы-рэквіема "Рэха Афганскай вайны", прымеркаванай да 35-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. Падчас прэзентацыі выставы сваімі ўспамінамі аб вайне падзеляцца воіны-інтэрнацыяналісты. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у музейным мерапрыемстве.




На вуліцы снег і золь, а ў нашым музеі сапраўдныя тропікі. З надыходам зімовых халадоў яркія фарбы ў прыродзе блякнуць, губляюць былую прыгажосць і прывабнасць. А ў нашым музеі лета па-ранейшаму працягваецца! На ўсе навагоднія святы, і нават больш, у наш горад прыехала яркая, незвычайная, займальная выстава экзатычных істот "Жывыя тропікі". На ёй можна ўбачыць рэдкіх трапічных прыгажунь - змей, чарапах, невялікага кракадзіла, гіганцкіх смаўжоў і вялізных прусакоў. Усе яны чакаюць сустрэчы менавіта з вамі! Прыходзьце! Сумна не будзе!
Выстаўка працуе з 27 снежня 2023 года па 28 студзеня 2024 года.
Кошт уваходнага квітка – 6 руб., для групы ад 10-і чалавек – 5 руб.



Мерапрыемства, прымеркаванае да 105-годдзя ўтварэння ССРБ. Запрашаем усіх, хто цікавіцца гісторыяй беларускай дзяржаўнасці!
Сям'я - галоўнае ў жыцці кожнага чалавека. Сям'я выступае найважнейшай крыніцай фарміравання і развіцця асобы, узнаўлення чалавечага капіталу, захавання і перадачы традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей. Невыпадкова ў нашай краіне з 14 па 21 кастрычніка праходзіць Тыдзень бацькоўскай любові. Дзве важныя даты (Дзень маці і Дзень бацькі) маштабна святкуюцца жыхарамі Беларусі. Першая супадае са святам Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і святкуецца 14 кастрычніка, а другая - Дзень бацькі - адзначаецца 21 кастрычніка.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Тыдня бацькоўскай любові, пройдуць па ўсёй краіне. Супрацоўнікі нашай установы не засталіся ўбаку і запрашаюць гэтымі днямі наведаць не толькі музей, але і прыняць удзел у акцыі на тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу ў вёсцы Мосар.




















