14 кастрычніка спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння нашага земляка - жывапісца, графіка, скульптара, пісьменніка, фалькларыста, этнографа і археолага Язэпа Драздовіча.
Самабытны і ўнікальны прадстаўнік нацыянальнай культуры і мастацтва, Язэп Драздовіч яшчэ пры жыцці набыў славу "беларускага Леанарда да Вінчы" дзякуючы разнастайнасці свайго творчага дыяпазону. Драздовіч, як і вялікі італьянец, нашмат апярэджваў час у сваіх даследаваннях. Ягоныя "маляванкі" даўно сталі класікай жанру, ягоныя фантазіі, якія сталі рэальнасцю, уражваюць сваёй шматграннасцю. Нарадзіўся ён у засценку Пунькі, а з фарбамі і пэндзлямі прайшоў дарогамі па ўсёй Беларусі і не толькі. Язэп Нарцызавіч шмат падарожнічаў як па гарадах і вёсках роднай зямлі, так і ў сваіх дзіўных снах па іншых планетах, адлюстроўваў іх жыхароў і расказваў пра іх у сваіх дзённіках. З яго карцін нібы спісаны шматлікія сучасныя фантастычныя фільмы. Ён так і не быў да канца прыняты сучаснікамі. Ацанілі яго зусім нядаўна.
Мы, спадчыннікі выдатнага земляка, годна захоўваем памяць аб гэтым чалавеку.
Адна з вуліц горада названа ў яго гонар, імя земляка носіць дзіцячая мастацкая школа Глыбокага, бюст мастака ўстаноўлены на алеі знакамітых землякоў. Зберажэннем традыцый і стварэннем сучасных "маляваных дываноў", занесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, займаецца народны майстар Святлана Скавырка. Вялікай папулярнасцю карыстаецца створаны супрацоўнікамі нашага музея велапрабег "Дарогамі дзядзькі Язэпа", які дазваляе здзейсніць вандраванне па тых дарогах, па якіх падарожнічаў "вечны вандроўнік".
У 2023 годзе выкладчыкі дзіцячай мастацкай школы падарылі гораду мурал. Гэты арт-аб'ект быў створаны па кнізе "Нябесныя бегі", аўтарам якой з'яўляецца наш знакаміты зямляк. Прачытаць кнігу "Нябесныя бегі", а таксама пазнаёміцца з іншымі творамі літаратурнай спадчыны нашага земляка вы можаце тут.
З 10 кастрычніка і па 5 лістапада 2023 года ў нашым музеі працуе выстава "Вяртанне вечнага вандроўніка", прысвечаная жыццю і творчасці гэтага дзіўнага чалавека. Наведвальнікі змогуць больш даведацца пра жыццёвы шлях беларускага мастака і пабачыць яго арыгінальныя жывапісныя работы.
17 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства. Свята прымеркаванае да гадавіны польскага паходу Чырвонай арміі, у выніку якога ажыццявілася ўз'яднанне заходніх і ўсходніх земляў БССР. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР тэрыторыя рэспублікі склала 225,7 тыс. кв. км, а насельніцтва вырасла да 10 млн. чалавек. І галоўнае, адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Пра тое, як развіваліся падзеі 17 верасня 1939 года на тэрыторыі нашага раёна, можна падрабязна даведацца тут.
Адным з першых буйных населеных пунктаў, занятых часткамі Чырвонай арміі восенню 1939 года, які стаў пасля раённым цэнтрам, было мястэчка Пліса. Менавіта гэты населены пункт Глыбоччыны і быў выбраны ўдзельнікамі велапрабегу ў якасці канчатковага этапу маршруту. Гэта той адрэзак шляху, па якім у другой палове дня 17 верасня 1939 года рухаліся чырвонаармейцы 5-й стралковай дывізіі і 25-танкавай брыгады ў напрамку яшчэ аднаго буйнога населенага пункта Заходняй Беларусі - мястэчка Глыбокае. Згодна з аператыўнай зводкай Генштаба РСЧА, ужо да вечара 17 верасня часткі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Глыбокае.
16 верасня 2023 года ўдзельнікам велапрабегу трэба будзе пераадолець адлегласць каля 50 кіламетраў, азнаёміўшыся на маршруце з гістарычнымі аб'ектамі, якія расказваюць аб гераічным мінулым нашага народа. Усіх жадаючых мы запрашаем прыняць удзел у гэтым патрыятычным мерапрыемстве і чакаем вас у 9.00 на плошчы "17 Верасня"
P.S. Устаноўлены час правядзення велапрабегу можа падкарэкціраваць толькі надвор'е - у выпадку неспрыяльных умоў дзень правядзення мерапрыемства можа быць зменены арганізатарамі. Сачыце за інфармацыяй на нашым сайце або на старонках сацсетак.
У дні вішнёвага фестывалю мы запрашаем жыхароў і гасцей нашага горада праверыць сябе ў веданні гістарычнай мінуўшчыны «вішнёвай сталіцы». Усё, што для гэтага неабходна - гэта сабраць каманду з 3-5 чалавек і зарэгістравацца, патэлефанаваўшы па тэлефоне +375 29 813 23 73. Больш падрабязную інфармацыю аб удзеле ў інтэрактыўным гарадскім арыентаванні «Загадкі вішнёвых пялёсткаў» вы можаце даведацца тут. Старт вішнёвага квэста адбудзецца ад сцен нашага музея 21 ліпеня 2023 года роўна ў 17.30. Не выпусціце свой шанец прыняць удзел у гэтым займальна-пазнавальным мерапрыемстве, праверыць свае сілы і веды, і, калі пашчасціць - выйграць галоўны прыз!!!
І калі поспех у гэты вечар не ўсміхнецца - не адчайвайцеся. Мы чакаем вас на наступны дзень у рэзідэнцыі вішнёвай каралевы. Роўна апоўдні тут пройдзе камандная псіхалагічная ролевая гульня "Вішнёвая мафія". У аснове гульні закладзены правілы класічнай версіі "Мафіі", якая прадугледжвае жорсткую барацьбу "не на жыццё, а на смерць" паміж "мірнымі жыхарамі" вішнёвага горада і нейкім мафіёзны кланам. У гэтай гульні вам спатрэбяцца навыкі акцёра, уменне лагічна думаць і, вядома ж, інтуіцыя. Дадзеная гульня не мяркуе папярэдняга стварэння каманд. Паўдзельнічаць у ёй зможа кожны жадаючы ва ўзросце ад 16 гадоў (прычым, пажадана загадзя зарэгістравацца). Больш падрабязна аб умовах удзелу ў гульні можна прачытаць тут. Удачы!!!
1 ліпеня 2022 года ў нашым горадзе пройдуць патрыятычныя чытанні “Мы памятаем! Мы ганарымся!», прымеркаваныя да 80-годдзя пачатку масавага партызанскага руху і 78-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ходзе чытанняў плануецца абмеркаваць многія пытанні, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. На мерапрыемстве будуць прадстаўлены даклады, прысвечаныя станаўленню і развіццю партызанскага руху ў рэгіёне, выступленні аб масавым знішчэнні беларускага народа ў пазначаны перыяд, работы аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. У патрыятычных чытаннях плануецца ўдзел многіх вядомых вучоных-гісторыкаў нашай краіны, краязнаўцаў, выкладчыкаў і навучэнцаў устаноў адукацыі горада і раёна.
Запрашаем каманды працоўнай моладзі (каманда складаецца з 5 чалавек) і каманды вучнёўскай моладзі (каманда складаецца з 4 навучэнцаў і 1 педагога) 19 ліпеня 2018 года ў 17.00 на Цэнтральнай плошчы г. Глыбокае прыняць удзел у фота-квэсце «Вішнёвае хараство". Па распрацаваным маршруце каманды праходзяць кожны этап, выконваючы фота-заданні. Усе заданні звязаны з тэмай «Глыбокае», «Вішнёвы фестываль». Заданні каманда павінна выконваць з дапамогай аднаго фотаапарата ці мабільнага тэлефона.
Усе, хто жадае прыняць удзел у квэсце павінны падаць заяўку на ўдзел да 17 ліпеня 2018 года ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама (тэл. 2-12-55, эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.).




















