"За бяспеку разам"

З 22 сакавіка ў Глыбоцкім раёне пройдзе рэспубліканская акцыя "За бяспеку разам"....

«Глыбоччына: 85 гадоў гісторыі і дасягненняў»

18 сакавіка стартаваў марафон «Глыбоччына: 85 гадоў гісторыі і дасягненняў», прысвечаны юбілею нашага раёна. На працягу...

"Дарогамі герояў. Вызваленне Глыбоччыны"

З новым музейна-педагагічным заняткам "Дарогамі герояў. Вызваленне Глыбоччыны", прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі,...

Падведзены вынікі працы ў 2024 годзе

Сёння ў Гарадскім доме культуры прайшла выніковая нарада работнікаў сектара культуры Глыбоцкага раённага выканаўчага...

Сімвал грамадзянскай сталасці ўручылі юным глыбачанам

Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у актавай зале Занальнага дзяржаўнага архіва прайшла Усебеларуская...

"Наша роднае! Беларускае!"

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, зацверджаны ў 1999 годзе рашэннем ХХХ сесіі Генеральнай...

Да юбілею раёна

2025 год стаў юбілейным для нашага раёна. 85 гадоў таму, адбылася сапраўды гістарычная падзея - быў утвораны Глыбоцкі раён,...

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў палон патрапіла звыш 5 мільёнаў салдат Чырвонай Арміі. Са зборных нямецкіх вайсковых пунктаў яны траплялі ў перасыльныя (этапныя) лагеры - дулагі, затым у пастаянна дзеючыя  лагеры - шталагі для радавога і сяржанцкага складу і офлагі – для афіцэраў. Толькі на тэрыторыі Беларусі яны размяшчаліся ў 60 населеных пунктах. Гэта былі месцы масавага знішчэння ваеннапалонных, у якіх загінула больш за 800 тысяч чалавекСярод іх і лагер у Беразвеччы.

Буйнейшыя канцлагеры на тэрыторыі Беларусі (1941-44 гг.)Беразвечча - у мінулым невялікае мястэчка, а сёння паўночная частка раённага цэнтра, горада Глыбокае. У 17 стагоддзі ў Беразвеччы быў заснаваны ўніяцкі манастыр, а поўнамаштабны манастырскі комплекс быў пабудаваны ў 1756-1767 гг. Ля сцен гэтага манастыра ў час вайны і размясціўся фашысцкі лагер.

У кнізе “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна” падаецца пра існаванне ў верасні 1941 года Беразвецкага лагера для масавага знішчэння савецкіх ваеннапалонных (шталаг № 351). Калі дакладна ён быў створаны невядома. Але пра яго існаванне ў першыя месяцы вайны ўспамінаюць многія ваеннапалонныя. Магчыма, што ў ліпені - жніўні 1941 года ён значыўся як перасыльны лагер - дулаг, а потым быў ператвораны ў шталаг.

З пратаколу допыту Е.Л. Аўдзеева, радавога 84-га асобнага сапёрнага батальёна 98-й стралковай дывізіі:

«12 ліпеня 1941 года ў мястэчку Пліса нас затрымала група ўзброеных палякаў і перадала немцам... Пасля я быў накіраваны ў м. Глыбокае. Там я знаходзіўся ў лагеры каля 15 дзён, а потым этапам праз Гродна і Ліду ў 20-х чыслах жніўня 1941 года прыбыў у г. Сувалкі».

З пратаколу допыту С.Ф. Сесюніна, радавога 1967 асобнага сапёрнага батальёна 112 стралковай дывізіі:

«...У палон патрапіў я ля горада Невель 23 ліпеня 1941 года. Праз тыдзень нас накіравалі ў м. Глыбокае, зрабілі мне аперацыю і праз 10 дзён перавялі ў Маладзечна ў лагер ваеннапалонных, дзе знаходзіўся да 6 чэрвеня 1942 года, ляжаў у лазарэце. Потым вярнулі ў м. Глыбокае ўсіх параненых, дзе мы знаходзіліся да 19 чэрвеня 1943 года. Затым перавезлі ў горад Каўнас у лагер № 1Г...».

А вось што ўспамінае былы зняволены Петухоў А.А .:

«Лагер ваеннапалонных у Глыбокім – гэта абгароджаная ў тры рады калючым дротам адкрытая пляцоўка, якая цягнулася ад сцен манастыра да возера...»

Схема размяшчэння Беразвецкага лагера і магіл салдат, знішчаных ў гады вайны (малюнак 1944 г.)На тэрыторыі лагера не было ніякіх пабудоў, акрамя адзінай невялікай адрыны, а таксама будынка былога кляштара, у якім, у асноўным, размяшчаліся адміністрацыя і ахова лагера.

Былы ваеннапалонны Падольскі Васіль Дзмітрыевіч успамінае:

«Усе ваеннапалонныя лагера, у тым ліку і я, знаходзіліся пад адкрытым небам, нягледзячы на ​​восеньскія і зімовыя маразы, ратуючыся ад холаду ў выкапаных ямах».

Згодна з «Актам Глыбоцкай раённай камісіі па расследаванні зверстваў гітлераўскіх захопнікаў на тэрыторыі раёна ў 1941-44 гг.» шталаг № 351 з'яўляўся працоўным лагерам: «Палонных, у тым ліку хворых, параненых і знясілены ад голаду штодня ганялі на працы і, патрабуючы шпаркасці, білі іх бязлітасна палкамі, а тых, хто валіліся ад бяссілля, прыстрэльвалі» (Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, ф. 7021, воп. 92, с. 212а).

Ахову лагера і канваіраванне палонных на працу ажыццяўляла 403-я ахоўная дывізія. Упраўленне лагера ўключала кіраўніцтва лагера і пяць аддзелаў - аддзел «Абвер», арганізацыйны, прапагандысцкі, вытворчы і санітарны. Кіраўніцтва лагера ажыццяўляла агульнае кіраванне на аснове загадаў галоўнага камандавання вермахта, якія ўтрымліваліся ў вайсковых прадпісаннях для камендантаў і Упраўлення лагераў ваеннапалонных «Остланд», у чыім падпарадкаванні знаходзіўся лагер.

Восенню 1941 года ў лагеры было сканцэнтравана 24-25 тысяч савецкіх ваеннапалонных, многія з іх былі хворыя, знясіленыя ад голаду і збіцця, некаторыя былі параненыя.

Адсутнасць неабходных прадметаў асабістага ўжытку прыводзіла да таго, што палонным не ў што было атрымаць ежу. Для гэтага яны прыстасоўвалі кансервавыя банкі, старыя кацялкі. Некаторыя вымушаныя былі атрымліваць гарачую пахлёбку ў пілоткі, а то і проста ў прыгаршчы. Восенню і зімой 1941-1942 гг. сутачны рацыён ваеннапалонных у лагеры складаўся з 80-100 г хлеба і двух кубкаў баланды, зваранай з гнілой бульбы з прымешкам саломы. Часам у гэта варыва дадавалі пратухлае мяса - звычайна каніну.

Вытрымка з ліста былога палітрука запасу асобнага мінамётнага ўзвода 3-га стралковага батальёна 999-га стралковага палка Дзмітрыя Фёдаравіча Сініцына:

«Але, мабыць, самым цяжкім, страшным мне запомніўся лагер смерці “Глыбокае”. Колькі там было хворых, параненых - цяжка сказаць. Адны казалі - 7.000, іншыя - 8.000, але ён папаўняўся ...

Страшны голад, гэта жудаснае слова - "голад" - можна паўтараць сотні разоў. За што ж білі, за што ненавідзелі, марылі галоднай смерцю і расстрэльвалі? Яны, богам праклятыя сабакі, забівалі за падазроны позірк, за лішнюю лыжку бруднай (несалёнай) баланды, за брудную скурку бульбяной лупіны, за недакурак, кінуты немцам. Я памятаю, калі ў гэтым лагеры смерці асуджаныя на галодную смерць людзі паелі ўсё скураное (рамяні, падэшвы, сумкі). Аднак, людзі хацелі жыць. Некаторыя вырашаліся на самы апошні і страшны сродак: ноччу прабіраліся ў трупярню і выразалі вантробы... Немцы казалі: "Рускія - звяры, ядуць адзін аднаго!". Я памятаю, (што) за такія "аперацыі" нашых тры разы расстрэльвалі (1942-1943 гг.). Уцёкі не атрымоўваліся - сказваліся моцнае знясіленне і тэрыторыя ворага» (РГАЛИ. Ф.2528, оп.4, д.210, л.64).

Смяротнасць ад голаду, холаду, збіцця дасягала неверагодных памераў. Зіма 1941-1942 года была самым цяжкім часам для вязняў лагера. Менавіта ў гэтую зіму загінула іх асноўная маса.

Акрамя голаду ваеннапалонных даводзілі да крайняга знясілення і разнастайнымі мерамі пакарання. Іх збівалі дубінкамі, нагайкамі, бізунамі з дроту. Практыкаваліся і масавыя расстрэлы. Кухто Іван Гаўрылавіч, які працаваў на падвозе лесу для лагера, быў сведкам таго, як немцы ставілі палонных чырвонаармейцаў у калону і ў першага стралялі з вінтоўкі або аўтамата. Так яны правяралі прабіўную сілу кулі.

Голад, страшная цесната, антысанітарны стан лагера, жорсткае абыходжанне аховы даводзілі ваеннапалонных да крайняга знясілення, цяжкіх захворванняў і, як вынік, да масавай смяротнасці. Смяротнасць ваеннапалонных была настолькі вялікая, што трупы часам не паспявалі вывозіць і закопваць, - іх выкідалі на лёд возера, папярэдне зняўшы з нябожчыкаў усю вопратку. Вывозілі мёртвых да месца пахавання ў Барок спецыяльныя каманды з санітараў-ваеннапалонных. Яны складвалі целы ў ямах «паленніцамі, як дровы» і закопвалі. Пасля вызвалення Глыбоцкага раёна спецыяльнай камісіяй па расследаванні зверстваў гітлераўскіх захопнікаў было выяўлена 56 магіл, памерам кожная 5х12 м і глыбінёй у 2,5 м, у якіх знаходзіліся трупы ваеннапалонных, выкладзеных радамі.

Былы ваеннапалонны Падольскі Васіль Дзмітрыевіч успамінае:

«Ямы для закапвання трупаў забітых і памерлых прымушалі капаць ваеннапалонных з лагера. Я асабіста прымаў удзел у капанні ям і закапванні трупаў. Трупы складалі даверху, яе (яму) закопвалі зямлёй. У кожную яму закопвалі каля 400 трупаў».

Існаваў шталаг № 351, верагодна, да вясны 1942 году.

Уліковая картка ваеннапалоннага шталага 343 (Алітус)15 красавіку 1942 года нямецкім камандаваннем было падпісанае распараджэнне аб стварэнні ў Глыбокім спецыялізаванага лагера для інвалідаў. З гэтага часу ў нямецкіх дакументах шталаг у Глыбокім значыўся як «Zweiglager» або «Stalag 342/Z Glebokiе». Гэта значыць дапаможны або пабочны лагер Маладзечанскага шталага №342. У яго адпраўлялі ўсіх безнадзейна непрацаздольных ваеннапалонных: з ампутаванымі канечнасцямі, сляпых, цяжка параненых у галаву, псіхічна хворых, хворых на туберкулёз лёгкіх і з іншымі хранічнымі захворваннямі. Пераводзілі сюды хворых ваеннапалонных не толькі з шталага ў Маладзечне, але і з іншых лагераў на тэрыторыі Беларусі і Прыбалтыкі. У многіх ваеннапалонных з гэтага лагера ва ўліковай картцы значыцца запіс arbeitsunfahig "непрацаздольны", а значыць непрыдатны для выканання фізічных работ.

З успамінаў былога ваеннапалоннага Уладзіміра Кабайкіна:

«Я быў зняволеным канцлагера ў Беразвеччы з чэрвеня 1942 года па сакавік 1943 года. Да гэтага знаходзіўся ў лагеры Саласпілс. Аднойчы там з'явіліся чуткі, што інвалідаў і параненых будуць адпраўляць у інвалідны лагер, дзе маецца падсобная гаспадарка, а значыць і лепшае харчаванне. Пачуўшы пра гэта, нават здаровыя прыкідваліся інвалідамі, каб толькі вырвацца з таго пекла. А ў мяне не было правай рукі. Калі нас прывезлі ў Беразвечча, то аказалася, што і тут такія ж умовы для знішчэння палонных галоднай смерцю. Лагер знаходзіўся на тэрыторыі былога манастыра. У двары знаходзіліся будынкі кляштара з келлямі, школы для манахаў і стайні. Апошняя была падзелена на тры памяшканні, абсталяваныя двух'яруснымі нарамі. Палонныя спалі на голых нарах. Прыкладна адзін раз у месяц лагер папаўняўся новымі ваеннапалоннымі-інвалідамі...»

Ахову лагера і канваіраванне палонных ажыццяўлялі салдаты 391-й вучэбнай, а затым 391-й ахоўнай дывізіі. Прыбывалі палонныя ў лагер пешымі калонамі ад бліжэйшых чыгуначных станцый: Падсвілле, Крулеўшчына і Глыбокае. Жыхары навакольных вёсак, у асноўным жанчыны і дзеці, выстройваліся ўздоўж дарогі і кідалі ў калону хлеб і бульбу, падавалі ваду.

Уліковая картка ваеннапалоннага шталага ў МінскуМясцовы жыхар Яноўскі Іосіф Іосіфавіч успамінае:

«Вясной 1943 г. я некалькі разоў прызначаўся немцамі для падвозу хворых і параненых савецкіх ваеннапалонных з Глыбоцкага вакзалу ў лагер. Большая частка палонных настолькі былі знясіленыя ад голаду і знявечаныя ад збіцця нямецкіх патрулёў, што не магла самастойна рухацца».

Запіс у картцы ваеннапалоннага аб смерці ў лагеры ГлыбокаеПалонныя, што паступалі ў лагер, праходзілі рэгістрацыю. Яе праводзілі пісары, прызначаныя з кантынгенту лагера. Пры рэгістрацыі запісвалі прозвішча, імя і імя па бацьку палоннага, яго нацыянальнасць, адукацыю, воінскае званне, ваенную і грамадзянскую прафесіі, прозвішча, імя і імя па бацьку маці, адрас даваеннага пражывання. Часам адзначаліся знешнія прыкметы - рост, колер валасоў і вачэй. У рэгістрацыйных картках меліся адбіткі пальцаў, на некаторых з іх - фатаграфіі палонных, адзначаны рух палонных па лагерах і іх філіялах.

Запіс у картцы ваеннапалоннага з указаннем лагера ГлыбокаеВывучыўшы карткі ваеннапалонных, памерлых і пахаваных на лагерных могілках у Глыбокім, можна скласці спіс тых месцаў, адкуль прыбывалі палонныя: шталаг 352 (Масюкоўшчына), шталаг 344 (Вільня), шталаг 342 (Маладзечна), Слуцк, Рыга, шталаг 343 (Алітус) , шталаг 336 (Каўнас), шталаг 350, шталаг 351 (Валк, Эстонія), Дзвінск, шталаг 332 і інш.

Часам у картках ваеннапалонных пазначаўся лагер Глыбокае, але без указання яго лічбавага абазначэння.

Спецыялізаваны лагер для інвалідаў дзейнічаў у Глыбокім да восені 1943 года, і, магчыма, быў цалкам ліквідаваны.

Восенню 1943 года ў Глыбокім з'явіліся ваеннапалонныя італьянцы. Пасля выхаду Італіі з вайны, італьянскія ваенныя патрапілі ў разрад ваеннапалонных. Як вынікае з нямецкіх крыніц з 1,5 мільёнаў італьянскіх ваеннаслужачых 749 тысяч трапілі ў палон нямецкіх войскаў. Каля 10 тысяч з іх трапілі ў лагеры на тэрыторыі Беларусі. Для ўтрымання італьянскіх салдат гітлераўцы выкарыстоўвалі канцлагеры для савецкіх ваеннапалонных. Згодна матэрыялаў КДБ БССР лагер №8 знаходзіўся ў в. Беразвечча. Камендантам лагера быў Франц Бот, яго намеснікамі Вік і Вільге. У гэтым лагеры і ўтрымліваліся палонныя італьянцы.

У сваім дзённіку сувязны 4-й Беларускай партызанскай брыгады Юрый Аляксандравіч Сабалеўскі адзначаў:

“2 студзеня 1944 года. Нядзеля. У Беразвечча прыгналі тысячу, а можа, і больш раззброеных італьянцаў. Вядома гэта з выказванняў салдат. Кажуць, што іх будуць ганяць на працу.

5 студзеня. Серада. З паўночна-ўсходняга боку капаюць бункеры. На працу ганяюцца італьянцы. Кажуць, робяць супрацьтанкавыя равы і надлобы перад вёскай Станулі пры дарозе.

11 студзеня. Аўторак. Італьянцы пашыраюць палатно чыгуначнай станцыі...

3 лютага. Серада. У Беразвеччы знаходзіцца каля 500 раззброеных італьянцаў. Яны раззброеныя ў Албаніі...”

Фрагмент аэрафотаздымка тэрыторыі Беразвецкага лагера (фота зроблена ў ліпені 1944 г.)Іван Гаўрылавіч Кухто расказаў, што першы эшалон з італьянцамі прыбыў у Глыбокае ў канцы 1943 года. Італьянскія ваеннапалонныя выглядалі вельмі знясіленымі, ледзь перамяшчаліся. Гітлераўцы не змаглі нават давесці іх да лагера і вымушаны былі часова размесціць у будынку былой лодачнай станцыі. Літаральна праз некалькі дзён пасля прыбыцця італьянцаў у Беразвецкі лагер, на лёд возера сталі скідаць трупы італьянскіх салдат.

Запіс у дзённіку Юрыя Сабалеўскага за 16 лютага 1944 года:

«У 1 км ад Глыбокага маюцца два баракі. У адным, што адразу за лясніцтвам, размешчаная пякарня - 5 печаў, а таксама кухня. У самім жа лясніцтве таксама некаторая колькасць салдат, праўда, невялікая... У бараку ж насупраць размешчаны лагер раззброеных італьянцаў. Колькасць іх - 120-150 чалавек. Ахова лагера жыве тут жа, у самім бараку ... Італьянцы, што знаходзяцца ў лагеры, працуюць: частка, чалавек 40 - у бараках, дзе знаходзіцца склад у 1,5 км ад Глыбокага, яны выгружаюць і нагружаюць машыны, праводзяць на тэрыторыю лагера насцілы-дарогі з бярвення, сякуць дровы, аплятаюць склад дротам і капаюць ямы для абарончых кропак. Астатнія працуюць на земляных работах у вёсках Барыскаўшчына, Лаўрынаўка і каля іх, а таксама ў лесе каля Жабінскага могільніка».

Глыбачане на работах па рамонце дарогі (фота 1944 г.)Інфармацыю аб выкарыстанні італьянскіх ваеннапалонных на будаўнічых і земляных работах пацвярджае былая жыхарка вёскі Арэхаўна Яніна Іосіфаўна Савіцкая:

«Неўзабаве побач з маім домам былі пабудаваны два дашчаных баракі, іх абнеслі калючым дротам. У гэтых бараках палонныя італьянцы жылі да вызвалення Глыбокага, да канца чэрвеня 1944 года. Выкарыстоўвалі іх на цяжкіх земляных работах у лесе каля вёскі Русакі, дзе размяшчаліся нейкія нямецкія ваенныя склады, прымушалі выконваць цяжкую працу і на тэрыторыі лагера. Я бачыла, як гітлераўцы запрагалі чалавек шэсць італьянцаў у падводу з вялікай бочкай. Яны адпраўляліся па ваду да калодзежа, які знаходзіўся не менш чым у кіламетры ад лагера».

У той час у раёне Глыбокага фашысты вялі інтэнсіўнае будаўніцтва лініі абароны. Выкарыстоўваючы натуральныя перашкоды, гітлераўцы ўзводзілі на подступах да горада супрацьтанкавыя ўмацаванні, умацаваныя апорныя пункты, рознага роду наземныя і падземныя збудаванні. Да лета ў Лаўрынаўскім лесе пачалі ўзводзіць вайсковыя склады. На будаўніцтве гэтых аб'ектаў і працавалі італьянскія ваеннапалонныя. Прычым, згадка аб выкарыстанні ў якасці працоўнай сілы савецкіх ваеннапалонных, у дакументах і ўспамінах мясцовых жыхароў не сустракаецца. А гэты факт з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што да гэтага часу «Stalag 342/Z Glebokiе» перастаў існаваць, а замест яго з'явіўся лагер №8 для італьянскіх ваеннапалонных.

Помнік на месцы пахавання ваеннапалонных (фота 1966 г.)У канцы чэрвеня 1944 года пачалася маштабная наступальная аперацыя савецкай арміі на тэрыторыі Беларусі. Не паспяваючы эвакуіраваць ваеннапалонных, немцы ўзяліся за іх масавае знішчэнне. Напрыклад, за некалькі дзён да вызвалення Глыбокага, мясцовы жыхар Козел В.Б. бачыў, як фашысты на грузавіку вывезлі ў лес у накірунку вёскі Лаўрынаўка каля 20 ваеннапалонных італьянцаў. Праз некалькі хвілін там раздаліся стрэлы. Шасцярых італьянцаў яны расстралялі ў капліцы каля царквы ў Глыбокім, і, каб схаваць сляды злачынства, падпалілі капліцу. Некаторых жыхароў, што жылі ў ваколіцах Беразвечча, немцы прымушалі прыбіраць і звазіць у Барок трупы расстраляных італьянскіх салдат.

«Пасля вызвалення Глыбокага, - распавядае Іван Гаўрылавіч Кухто, - я ўдзельнічаў у раскопцы магіл расстраляных ваеннапалонных у лесе Барок. У адной з магіл былі трупы ў абмундзіраванні салдат італьянскай арміі».

3 ліпеня 1944 года Глыбокае было вызвалена. Ні ў адным з журналаў баявых дзеянняў тых вайсковых часцей, што вызвалялі горад Глыбокае не значацца ўспаміны аб вызваленні ваеннапалонных з лагера. Выснова тут відавочная - усе ваеннапалонныя былі ліквідаваныя.