Драздовіч Язэп Нарцызавіч
Беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу.
Нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі ў сям’і збяднелага шляхціца – арандатара. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям’я засталася без зямлі і дома. Вучыўся ў прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Віленскую школу малявання (1908). У 1910 – 1914 гг. служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы, у 1-ю сусветную вайну – на Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў у сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы, пасылаў у «Нашу Ніву» артыкулы пра клопаты хлебаробаў-землякоў.
У 1919 годзе працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. У 1919 – 1920 гг. у Мінску: мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры; у 1919 годзе арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар.
Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора (1921) адышла да Польшчы, у 1921 – 1924 гг. – кааператар, спрабаваў арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924 – 1926 гг. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. У 1926 – 1927 гг. супрацоўнічаў у сатырычным часопісе «Маланка». У 1927 годзе заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. У 1927 – 1929 гг. выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі, вёў работу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У 1931 – 1939 гг. – вандроўны мастак. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на настаўніцкіх курсах і ў 1940 - 1941 гг. працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. Памёр Язэп Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954 года. Пахаваны ён на могілках паміж вёскамі Ліпляны і Малыя Давыдкі. У 1982 годзе на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар А. Шатэрнік), а ў верасні 2018 года магіле мастака прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У музеі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе размешчаны яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра.
Кола інтарэсаў Язэпа Драздовіча было надзвычай шырокім: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі. У 1923 годзе ў Вільні была надрукаваная першая частка яго аповесці «Вар’ят без вар’яцтва». Большасць яго твораў, у тым ліку паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне, гістарычная аповесць «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з яго ілюстрацыямі засталіся ў рукапісах. Падзеі мінулых часоў аповесці «Гарадольская пушча» адбываюцца на роднай яму Дзісеншчыне. У Вільні пад псеўданімам Я. Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923). У Свіры, пазней у родных мясцінах праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу «Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня». Дзённікі, якія вёў мастак у 1930 – 1950-я гг., надрукаваны ў 1991 годзе ў часопісе «Маладосць». Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931).
Першыя малюнкі Язэпа Драздовіча – «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні» зробленыя ў 1907 годзе пад уплывам М. Чурлёніса. Сімвалічны сэнс мелі і зробленыя мастаком вокладкі «Беларускага календара на 1910», кнігі К. Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» А. Грыневіча (1920), і інш. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў гістарычныя рэаліі і матывы. Намаляваў у рэалістычным характары серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у карцінах гэтай серыі мастак даў паэтычны вобраз роднага краю («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Гараватка», «Пунькі», «Александрыя», «Стары вадапуск», «Над Дзісёнкай» і інш.). У канцы 1910 – пачатку 1920-х гг. графічныя серыі «Старажытны Мінск», «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Мінск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Яго графічныя малюнкі ўпрыгожылі падручнік геаграфіі А. Смоліча. На мяжы 1910 – 1920-х гг. зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, жывапісныя карціны «Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае». У другой палове 1920-х гг. стварыў вялікія графічныя серыі (па 14 - 16 лістоў) «Глыбокае», «Піншчына», «Мір», «Любча», «Шчорсы», «Навагрудак і Навагрудчына», «Ліда», «Крэва», «Гальшаны», «Баруны», «Трокі», «Меднікі», «Кушляны», «Жупраны», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням, жывапісныя партрэты Скарыны і Багушэвіча. У гэты час шмат вандраваў па Дзісеншчыне і Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». Па матывах «Слова пра паход Ігаравы» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940 – 1946 гг., натхнёны гераічнай барацьбой народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вяртаецца да матываў мінулага: карціны «Палачане выганяюць князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея». Язэп Драздовіч – пачынальнік касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940). Маляваў насценныя дываны, адметныя арыгінальнай пабудовай кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у галіне скульптуры: бюст Ф. Скарыны (1916), «Плач Гарыславы» (выява полацкай княжны Рагнеды, 1916), партрэты-барэльефы М. Машары, А. Грыневіча, Я. Пачопкі, сваёй маці.