Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч
Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.
Нарадзіўся 27 сакавіка (згодна з іншымі звесткамі 26 красавіка) 1891 года ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні ў сям'і збяднелых шляхцічаў. Бацька і дзед Клаўдзія Сцяпанавіча былі прафесійнымі будаўнікамі.
Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, а затым, пераехаўшы ў Вільню, паступіў у рэальнае вучылішча, дзе паглыблена вывучаў прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя дысцыпліны. Пасля заканчэння вучылішча ў 1912 годзе Дуж-Душэўскі працягнуў навучанне ў Пецярбургскім горным інстытуце. У час вучобы ў сталіцы Расійскай Імперыі Клаўдзій Сцяпанавіч праявіў сябе як выдатны грамадскі і культурны дзеяч. Ён з'яўляўся членам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, вывучаў пытанні аховы гістарычных помнікаў, сумесна з членамі гуртка выдаваў часопіс "Раніца". Спрабаваў сябе і ў тэатральнай дзейнасці – у студэнцкай пастаноўцы купалаўскай “Паўлінкі” бліскуча выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Клаўдзій Дуж-Душэўскі актыўна займаецца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), а з чэрвеня 1917 года ўваходзіць у яе прэзідыум. У 1918 годзе працуе загадчыкам аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята.
З красавіка 1919 года Клаўдзій Сцяпанавіч пераязджае ў Вільню, дзе ўваходзіць у склад Беларускага нацыянальнага камітэта. У маі 1919 года Дуж-Душэўскі быў абраны старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
З восені 1919 года працуе дыпламатычным паслом у краінах Прыбалтыкі. Адначасова выкладае ў Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 года быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля некалькіх месяцаў зняволення вызвалены, а ў 1921 годзе разам з сям'ёй перабраўся ў Каўнас - тагачасную сталіцу Літвы. Тут Дуж-Душэўскі працягнуў літаратурную дзейнасць. З чэрвеня 1923 года, сумесна з Вацлавам Ластоўскім, працуе ў выдавецтве часопіса «Крывіч». На старонках выдання друкуюцца і яго артыкулы. Дзякуючы веданню моў (украінская, польская, літоўская, нямецкая, французская, англійская і партугальская) Дуж-Душэўскі займаецца перакладам на беларускую мову падручнікаў па батаніцы, матэматыцы, гісторыі.
Клаўдзій Сцяпанавіч паступіў на тэхналагічны факультэт Літоўскага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў у 1927 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Разам з іншымі архітэктарамі, што працавалі ў Літве ў 1930-х гадах, стаяў ля вытокаў архітэктурнага стылю, які атрымаў назву "Ковенскі мадэрнізм". Праходзячы навучанне ў архітэктурным бюро Уладзіміра Дубінецкага, Дуж-Душэўскі спраектаваў будынак кінатэатра "Метрапалітэн", аднак пад праектам стаяў подпіс Дубінецкага. Толькі нядаўна нашаму земляку было вернута аўтарства праекта будынка, дзе сёння размяшчаецца Каўнаскі драматычны тэатр.
У 1930-х гадах Клаўдзій Дуж-Душэўскі працаваў у Міністэрстве сувязі Літвы і распрацаваў праекты шматлікіх будынкаў, звязаных з дзейнасцю гэтага міністэрства. Па яго праекце пабудаваны будынак паштовага аддзялення ў Расейняі, распрацаваны праект будынка паштовага аддзялення ў Коўне (захавалася і выкарыстоўваецца па сённяшні дзень). Потым былі праекты паштовых аддзяленняў у Нідзе і Зарасаі, Шаўляі, завода керамічнай пліткі ў Таўрагу, мясаперапрацоўчага завода ў Клайпедзе, больш за 20 жылых дамоў у Каўнасе і іншых гарадах Літвы.
Гады мірнага стварэння былі перапынены акупацыяй Літвы фашысцкай Германіяй. Даведаўшыся пра багаты палітычны вопыт Дуж-Душэўскага, фашысты прапанавалі яму супрацоўніцтва, ад якога наш зямляк адмовіўся. Неўзабаве ён аказваецца ў канцлагеры за дапамогу яўрэям.
Вызваленне Літвы ад нямецкай акупацыі прынесла асабістую свабоду і Клаўдзю Сцяпанавічу, праўда, ненадоўга. У 1946 годзе яго арыштоўваюць і прыгаворваюць да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Пасля перагляду справы тэрмін яе зняволення скарочаны да 10 гадоў. Па стане здароўя Дуж-Душэўскі датэрмінова вызвалены з турмы ў 1955 годзе.
Памёр наш зямляк 25 лютага 1959 года ў Каўнасе, дзе і быў пахаваны.