Ноч музеяў 2025
16 мая ў музеі было шматлюдна. Глыбочане і госці горада сабраліся ў музейным дворыку, каб раздзяліць з намі прафесійнае свята!
Адкрылася вячэрняя праграма інтрыгуючым пралогам, прадстаўленым у выглядзе выпуску навін. «Спецыяльны карэспандэнт» у рэжыме прамога ўключэння правёў інтэрактыў з прысутнымі на пляцоўцы, «хэдлайнерам» стаў Лявон Якубовіч, у вобразе якога выступіў старшы навуковы супрацоўнік. Ну а якія ж навіны без рэкламнай паўзы і прагнозу надвор'я? Гэта таксама было!
Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў муз-кросе «Выпрабуй на сабе», дзе праявілі небывалы спрыт і кемлівасць. Весела было і на дзіцячай пляцоўцы. Скрыня адчуванняў, мема, шашкі, традыцыйныя беларускія забавы былі запатрабаваны нашымі маленькімі наведвальнікамі.
Спецыяльна да "Ночы музеяў" мы падрыхтавалі выставу "Лепшае з лепшых", найбольш цікавыя прадметы з фондаў былі прадстаўлены шырокай публіцы.
Госці свята ўдзельнічалі ў гістарычным экспромце "Што было далей", і дружна складалі апавяданне аб прыгодах барона Мюнхгаўзена ў Глыбокім. Гульнятэка «Тайны экспанат» - гэта пляцоўка для эрудытаў, аматараў складаных пытанняў і мудрагелістых разважанняў.
У залах музея працавала творчая лабараторыя "Паштовы ліст 19 стагоддзя", дзе кожны жадаючы з дапамогай пяра і чарнілаў змог аформіць незвычайную візітоўку і зацвердзіць яе арыгінальнай пячаткай.
Мабыць, самым незвычайным у гэтую музейную ноч стаў спірытычны сеанс "Шчасце ў жыцці прадкажа варажба". У арыгінальнай атмасферы варажбітка, у вобразе якой выступіла галоўны захавальнік фондаў, выклікала духаў продкаў, варажыла па руцэ, на картах і свечках. Шмат цікавага і незвычайнага даведаліся пра сваю будучыню нашы наведвальнікі!
У музейным дворыку працавалі фуд-зоны, дзе госці свята змаглі крыху падсілкавацца, а таксама выпіць складзенай і прыгатаванай з розных лекавых траў гарбаты.
У разгар музейнага вечара стартаваў займальны квэст "Застацца ў жывых". 10 каманд разгадвалі складаныя заданні, успаміналі гісторыю горада. Нягледзячы на ветранае надвор'е, накал страсцей панаваў на пляцоўцы ля сцен музея! З трыццаці ўдзельнікаў "у жывых" засталося толькі трое.
На працягу ўсяго вечара працавала бяспройгрышная латарэя, а завяршылася свята павольнай экскурсіяй "Прагуляемся перад сном". У вечаровым прыцемку ішла ціхая размова пра славутасці нашага горада, яго загадкі і таямніцы.
Ноч музеяў 2025 года завяршылася. Невялікай камандай музейных работнікаў мы пастараліся зрабіць гэты халаднаваты майскі вечар цёплым, вясёлым і цікавым.
(19 мая 2025 года)