"Старая паштоўка з навагоднім настроем"
Гэта зараз Інтэрнэт злучае краіны і кантыненты: за кароткі прамежак часу мы можам звязацца з блізкім нам чалавекам, які жыве за тысячы кіламетраў. А зусім нядаўна павіншаваць са святамі і падзяліцца цёплымі пажаданнямі людзям дапамагалі паштоўкі, якія яны адпраўлялі адзін аднаму.
У савецкі час было папулярным радаваць родных і сяброў віншаваннямі на святочнай паштовай картачцы. Менавіта такія экспанаты мы вырашылі прадставіць у рамках віртуальнай выставы «Старая паштоўка з навагоднім настроем».
Традыцыя адпраўляць навагоднія паштоўкі бярэ свой пачатак у ХІХ ст. Гэты звычай прыйшоў да нас з Англіі. У 1843 годзе англічанін Генры Коўл адправіў сваім сябрам першую калядную паштоўку. Паступова гэтая ідэя стала папулярнай па ўсёй Еўропе, а ў далейшым змагла заваяваць увесь свет. У Расійскай імперыі першая падобная картка была надрукаваная ў 1901 годзе, яе аўтарам лічыцца мастак Мікалай Каразіна. На віншавальных паштоўках пачатку ХХ стагоддзя малявалі заснежаныя яловыя лясы, цэрквы, навагодні сямейны побыт, катанне на каньках і санках.
У першыя гады існавання СССР, на нядоўгі перыяд з сярэдзіны 1920-х гг. да сярэдзіны 1930-х гг., святкаванне Калядаў і Новага года было забаронена, у сувязі з чым, спынілася і традыцыя абмену паштоўкамі. Другое жыццё гэты звычай атрымаў ужо падчас Вялікай Айчыннай вайны: ў 1942 годзе быў пачаты выпуск віншавальных картак гераічнай тэматыкі.
Масавы выпуск навагодніх паштовак аднавіўся ў 1953 годзе, а сапраўдны росквіт прыйшоўся на 1960-1970-я гады. Сюжэты для іх выбіраліся, як правіла, простыя: Дзед Мароз са Снягуркай, казачныя персанажы, дзеці катаюцца на санках, лепяць снежную бабу, водзяць карагод вакол елкі. Адлюстроўваліся і поспехі савецкай краіны: пакарэне космасу, асваенне паўночных рэгіёнаў, развіццё навукі і тэхнікі…
З суседняй Польшчы, дзе былі ў савецкі час моцныя рэлігійныя традыцыі, глыбачане атрымлівалі віншаванні не толькі з Новым годам, але і з Калядамі.
Такім чынам, навагоднія паштоўкі давалі магчымасць павіншаваць блізкіх і родных не толькі ў сваім родным горадзе, але і ў любым кутку СССР, а таксама бліжняга замежжа.
Цікавыя экзэмпляры навагодніх паштовак савецкай эпохі захоўваюць фонды нашага музея. Гэта маляўнічыя паштовыя карткі з пажаданнямі, адпраўленыя з Польшчы, ГДР, розных гарадоў і вёсачак СССР.
Што жадалі людзі адзін аднаму ў тыя часы? Можна сказаць, што з таго часу нічога не змянілася. Як і зараз, так і раней, людзі жадалі сваім блізкім асабістага шчасця, здароўя і поспехаў у працы.
Аднак ёсць паштоўкі, з вельмі кранальнымі тэкстамі і пажаданнямі. Унікальным з'яўляецца экспанат 1944 года, у якім адлюстраваны ўвесь боль з нагоды расстання з роднымі і велізарнае жаданне сабрацца ўсёй сям'ёй. Паштоўка была дасланая з Польшчы, і мы прапануем поўны пераклад яе зместу:
З першых слоў, напісаных мною, віншую Вас Дарагая Сям'я з Новым годам. Жадаю Вам шчасця, поспехаў, каб гэты новы год быў канцом вайны, і ў гэтым годзе сабрацца нам усім разам дома. Таму што, сапраўды, ужо наездзіўся па свеце, нагледзеўся на дрэннае і добрае, і самому даводзілася жыць па-рознаму. Але радасна ад таго, што ведаю, як жыве мая сям'я. Быў бы бліжэй, то мог бы да вас прыехаць, але, на жаль, вельмі далёка. Але нічога не зробіш, трэба мірыцца з лёсам, таму што вайна яшчэ не скончылася. 14.12.1944
Рафал Грукоўскі.
Па-асабліваму ўспрымаюцца лісты і пажаданні для чалавека, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну. Так, ветэрана Іосіфа Ігнатавіча Лотыша, жыхара вёскі Латышы з надыходзячым 1984 годам віншавалі з далёкага горада Волжска (цяпер у Рэспубліцы Марый-Эл). У паштоўцы не толькі звыклыя нам пажаданні здароўя і шчасця, але і просьба падняць бакал за тых, каго няма з намі, за мір на зямлі.
Колькі цяпла і ўспамінаў захоўвае ў сабе падобная прыгажосць! Кожны раз яе прыемна пераглядаць, асабліва напярэдадні святаў. Пранікніцеся гэтай цеплынёй і Вы!