Дзень памяці і смутку

Штогод 22 сакавіка ўся Беларусь ушаноўвае памяць загінуўшых жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў на тэрыторыі...

У музеі прэзентавалі новую выставу

12 сакавіка 2024 года ў выставачнай зале нашага музея ўпершыню ў гісторыі ўстановы сабралася столькі творчых і...

Дню абаронцаў Айчыны прысвячаецца

Музейшчыкі не маглі абысці ўвагай такое значнае для многіх грамадзян нашай краіны свята як Дзень абаронцаў Айчыны і...

Прэзентацыя выставы адбылася ў музеі

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у выставачнай зале музея адбылася прэзентацыя выставы-рэквіема "Рэха...

На сувязі Кір'ят-Бялік (Ізраіль)

29 студзеня 2024 года адбылася міжнародная відэаканферэнцыя, прысвечаная Дню памяці ахвяр Халакосту. У канферэнцыі...

Тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду

Гліняны посуд, аплецены бяростай, стаў 24-м элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці, уключаным...

Памятаць. Нельга забыцца...

У канцы 2023 года выйшлі ў свет два навуковыя выданні, прысвечаныя вельмі важным вехам беларускай гісторыі. Кніга "Генацыд...

Паважаныя знаўцы мінулага. Мы прапануем вам паспрабаваць адказаць на пытанні, якія былі падрыхтаваныя да гістарычнага квіз-маратону "Аб той зямлі, дзе нарадзіўся ты».

Вашай увазе пытанні I-га тура:

  1. "Ты на зямлі маленькая радзімка,

          Радзімы край, адкрыты мне ў жыцці.

          Хай апынуся ў вечнасці ў абдымках –

          Застанешся валошкаю цвісці"

Аўтар гэтых радкоў не нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, але менавіта з нашым краем звязана большая частка яго жыцця і паэтычнай творчасці.

  1. Назавіце імя аўтара радкоў.
  2. Укажыце назву верша.
  3. З якім месцам работы неразрыўна звязана імя гэтага чалавека на Глыбоччыне?
  1. У сваёй аўтабіяграфіі дзеяч культуры, дзяцінства якой прайшло ў Глыбокім, так апісала сваю першую сустрэчу з гэтым чалавекам: “…Пазнаёміліся. Пачалася гутарка. Ён жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат, ці весела яны праводзяць час. Насупіўшыся, я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам гутаркі…”
  1. Назавіце імя дзеяча культуры, урывак з аўтабіяграфіі якой прыведзены ў пытанні.
  2. Назавіце імя чалавека, сустрэча з якім прыведзена вышэй.
  3. Якім чынам праз некалькі год пасля першай сустрэчы будзе звязаны лёс гэтых людзей?
  1. У наш час Глыбокае, сярод іншага, славіцца сваімі кавалямі. Вуліцы горада ўпрыгожваюць шматлікія ўзоры мастацкай коўкі і нават сапраўдныя скульптурна-дэкаратыўныя кампазіцыі. Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы нашаму земляку, былому віцэ-прэзідэнту Саюза кавалёў СССР, намаганнямі якога на Глыбоччыне была адроджана кавальская справа.
  1. Назавіце імя гэтага чалавека.
  2. У гонар каго было названа І Усебеларускае свята кавальскага майстэрства, якое праходзіла ў нашым горадзе ў ліпені 1990 года?
  3. Укажыце скульптурную кампазіцыю, створаную глыбоцкімі кавалямі, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў Глыбокім у чэрвені 2014 года.
  1. 15 студзеня 1940 года, у хуткім часе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, быў утвораны Глыбоцкі раён. Яго першапачатковая тэрыторыя складала ўсяго 592 км² і была ўтрая меней за сучасную.
  1. Укажыце ў храналагічным парадку вобласці БССР, у складзе якіх знаходзіўся раён на працягу свайго існавання.
  2. Назавіце былы раён Віцебскай вобласці, які быў далучаны да Глыбоцкага ў снежні 1962 года, пасля чаго тэрыторыя нашага раёна наблізілася да сучасных межаў.
  3. Пералічыце сучасныя сельскія Саветы Глыбоцкага раёна, якія знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння.
  1. Гэты будынак быў адноўлены праз пэўны час пасля таго, як у 1830-х гадах згарэў яго папярэднік. Але новы будынак чакаў той жа самы лёс, і зараз пра яго ранейшае існаванне ў горадзе нагадвае толькі старажытны каменны крыж, які і сёння можна знайсці па-суседству з плошчай 17 верасня.
  1. Пра які будынак ідзе гаворка?
  2. У якім годзе ён спыніў існаванне?
  3. Чаму ён на гэты раз не быў адноўлены пасля пажару?

Правільныя адказы:

  1. Вершаваныя радкі належаць таленавітаму паэту Віталю Рыгоравічу Гарановічу, імя якога неразрыўна звязана з СШ №3 г. Глыбокае, якой ён аддаў больш дваццаці гадоў жыцця. У пытанні прыведзены радкі з верша “Пад паўночнай зоркай”.
  2. Першая сустрэча Паўліны Мядзёлкі і Янкі Купалы. У 1913 годзе Паўліна Мядзёлка выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры вядомай п’есы Янкі Купалы.
  3. Імя чалавека, намаганнямі якога на Глыбоччыне было адроджана кавальскае рамяство – Аляксандр Сяргеевіч Дубіна. Першае Усебеларускае свята кавальскага майстэрства было названа ў гонар паэта-каваля Паўлюка Багрыма. Яскравай скульптурнай кампазіцыяй, урачыстае адкрыццё якой прайшло ў чэрвені 2014 года стаў помнік барону Мюнхгаўзену, а таксама каваныя кампазіцыі сквера Маладажонаў, адкрыццё якіх адбылося ў тым жа месяцы.
  4. У гады БССР Глыбоцкі раён па чарзе ўваходзіў у склад Вілейскай, Полацкай, Маладзечанскай і Віцебскай абласцей. Найбольшы ўнёсак у фарміраванне сучасных межаў Глыбоччыны мела далучэнне ў снежні 1962 года тэрыторыі скасаванага Пліскага раёна. Што датычыцца сельскіх Саветаў, то варта было ўказаць толькі тыя з іх, што нязменна знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння ў 1940 годзе, а такіх на гэты час засталося толькі тры: Абрубскі, Залескі і Узрэцкі. Залічваюцца таксама і тыя адказы, у якіх узгадваюцца толькі Залескі і Узрэцкі сельсаветы, бо як вядома з архіўных крыніц, у многіх дакументах 1940-х гадоў Абрубскі с/с называецца Ластавіцкім.
  5. Гаворка ідзе пра глыбоцкую царкву Святой Троіцы, якая канчаткова спыніла сваё існаванне пасля пажару 1880 года. У сувязі з тым, што ў верасні 1878 года ў якасці праваслаўнай царквы быў асвечаны вялікі храм былога кармеліцкага манастыра, аднаўленне згарэўшай царквы Святой Троіцы палічылі немэтазгодным.