Ноч музеяў 2024

Шумна, весела і цікава прайшло музейнае свята ў нашым горадзе! 18 мая аматары і знаўцы гістарычнага мінулага прыйшлі ў...

Ноч музеяў - 2024

18 мая, у суботу, мы запрашаем жыхароў і гасцей горада прыняць удзел у акцыі "Музей у рэжыме non-stop". ...

Зберажом нашу спадчыну

18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Наш музей далучыўся да святкавання гэтай даты,...

Услед за старажытным чалавекам

У рамках музейна-педагагічнай праграмы "Музей і дзеці" для вучняў пачатковых класаў школ горада і раёна штогод...

Дзень яднання Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія памятаюць...

У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі наш музей прыняў удзел у відэаканферэнцыі "Маленькія героі вялікай краіны",...

Дзень памяці і смутку

Штогод 22 сакавіка ўся Беларусь ушаноўвае памяць загінуўшых жыхароў вёскі Хатынь і іншых населеных пунктаў на тэрыторыі...

Дню абаронцаў Айчыны прысвячаецца

Музейшчыкі не маглі абысці ўвагай такое значнае для многіх грамадзян нашай краіны свята як Дзень абаронцаў Айчыны і...

Царква Святой Тройцы ў другой палове 19 ст. Рэканструкцыя Ю. П. Калбасіча.Архіўныя матэрыялы па-ранейшаму застаюцца невычэрпнай крыніцай новых гістарычных ведаў, адкрываючы для нас невядомыя раней старонкі мінуўшчыны. Адну з такіх старонак адкрывае найцікавейшы дакумент пад назвай “Опись Глубоцкой СвятоМихайловской четверторазрядной приходской православной церкви…”, які захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.
Складальнікам гэтага дакумента, створанага 13 сакавіка 1844 года, стаў казначэй Беразвецкага Раства Багародзіцы другакласнага манастыра іераманах Пётр Міхалевіч. На 15 старонках вопісу ён змясціў падрабязны пералік усёй рухомай і нерухомай маёмасці Глыбоцкага праваслаўнага прыхода Літоўскай епархіі. Для стварэння вопісу мелася пэўная падстава – прыход перадаваўся пад кіраўніцтва прызначанага на службу ў Глыбокае святара Фелікса Хруцкага, а таму існавала неабходнасць у дакладнай інвентарызацыі царкоўнай уласнасці.
Ужо ў назве дакумента заключаны цікавыя звесткі. З гістарычных крыніц вядома, што на працягу некалькіх стагоддзяў галоўнай святыняй хрысціян усходняга абраду (праваслаўных і ўніятаў) у Глыбокім была царква Святой Тройцы, якая стаяла каля Базарнай плошчы (сучаснай Цэнтральнай плошчы). Калі і кім быў першапачаткова пабудаваны гэты храм невядома. Гісторык А. П. Сапуноў адзначае, што згодна паданню гэта царква была перанесена сялянамі ў Глыбокае з Беразвечча, і хоць першая дакументальная згадка пра яе адносіцца да 1658 года, па яго меркаванню царква павінна была існаваць у Глыбокім ужо значна раней.

Тым не менш, як бачна з назвы вопісу, гаворка ў ім ідзе менавіта пра царкву Святога Міхаіла. Гэту неадпаведнасць аўтар вопісу тлумачыць ужо ў першым сказе, паведамляючы, што “По случаю приключившагося пожара и истреблении в 1831 году Глубоцкой Св. Тройцкой приходской церкви; с того времени, всякое богослужение совершается в кладбищенской каплице возле м. Глубокаго…”.
Пра знішчэнне на той час яшчэ ўніяцкай царквы Святой Тройцы пажарам упамінае ўсё той жа А. П. Сапуноў, а пазнейшы даследчык глыбоцкай мінуўшчыны Отан Гедэман прыводзіць больш канкрэтную інфармацыю, сцвярджаючы, што гэта старажытная царква згарэла перад самай ліквідацыяй уніі ў 1838 годзе. Супярэчнасць у датаванні пажару, якая ўзнікае паміж Гедэманам і Пятром Міхалевічам, варта было б вырашыць на карысць апошняга. Справа ў тым, што звесткі, якія прыводзіць у вопісу беразвецкі казначэй, пацвярджае іншы дакумент – “Ведомость о церкви СвятоТроицкой в местечке Глубоком…”, створаны ў 1847 годзе мясцовым святаром Флорам Ражынскім. У самым пачатку азначанай ведамасці святар тлумачыць, што: “Глубокская Св. Троицкая церковь … при пожаре местечка сгорела в 1831 году. … а служение ныне совершается в кладбищенской за местечком…”.
Такім чынам, з 1831 года глыбоцкія ўніяты былі вымушаны праводзіць богаслужэнні ў капліцы Святога Міхаіла на местачковых могілках. 1839 год стаў паваротным у рэлігійным жыцці ўсёй краіны – уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква на тэрыторыі Беларусі была скасавана, духавенства і вернікі далучаны да праваслаўнай царквы. Разам з 1227 уніяцкімі прыходамі быў пераведзены ў праваслаўе і глыбоцкі прыход, які на той момант па-ранейшаму заставаўся без свайго галоўнага храма – царквы Святой Тройцы. Таму адноўленай праваслаўнай абшчыне Глыбокага не заставалася нічога іншага як працягваць набажэнствы ў капліцы.
Фрагмент плана маёнтка Глыбокае князя Вітгенштэйна, зроблены ў 1876 годзе (у крузе пазначаны могілкі на “Дуброве”)У дачыненні да капліцы Святога Міхаіла адным з найважнейшых пытанняў з’яўляецца яе лакалізацыя. Вызначыць яе дапамагае вопіс, на першай старонцы якога ўдакладняецца, што храм размяшчаўся “…возле м. Глубокаго на расстоянии за половину версты в так называемом месте Дуброва”. Супаставіўшы дадзеную інфармацыю з тым, што гэта была “кладбищенская” капліца, можна з дастатковай упэўненасцю сцвярджаць, што месцам знаходжання згаданай у царкоўных дакументах капліцы Святога Міхаіла на Дуброве былі сучасныя могілкі па вул. Чырвонаармейскай, што каля аўтастанцыі.
Згаданая мясцовасць на паўночным-захадзе сучаснага горада Глыбокае сапраўды здаўна была вядома як “Дуброва”, ці (на польскі лад) “Дамброва”. З часам назва мясцовасці перайшла ў назвы вуліц, якія пралеглі па ёй, пацвярджэннем чаго выступае дэталёвы план маёнтка Глыбокае князя Вітгенштэйна, зроблены ў 1876 годзе. На плане добра бачна, што сучасная вуліца Чырвоных Партызан на той час мела назву “Домброва”, а вуліца Палявая пазначана як “Домбровка”. Асобна адзначана ўрочышча “Домброва”, ад якога разыходзіліся гэтыя дзве вуліцы, і якое, відавочна, дало ім імёны. Выразна абазначаны на плане таксама хрысціянскія могілкі, у напрамку якіх ідзе “Домбровка”. Што датычыцца аддаленасці храма ад мястэчка на адлегласць у палову вярсты (каля 0,53 км), як значыцца ў вопісу, то трэба ўлічваць, што ў 1840-х гг. плошча Глыбокага была значна меншай за сучасную.
Асаблівую цікавасць уяўляе тая частка вопісу, дзе прыводзіцца падрабязнае апісанне знешняга выгляду капліцы і яе інтэр’еру. Ужо з першых слоў гэтага апісання становіцца зразумелым, што стан храма ў 1844 годзе пакідаў жадаць лепшага. У прыватнасці, Пётр Міхалевіч піша: “Сия каплица четвероугольная, тесная совершенно сгнившая клонящаяся к падению так, что и совершать в оной богослужение опасно…”, пазней яшчэ раз згадваючы пра яе “совершенную ветхость”. На жаль, цяжка вызначыць нават прыблізны час пабудовы гэтай святыні. Не ведаў пра гэта ў 1847 годзе і тагачасны глыбоцкі святар Флор Ражынскі, указваючы ў царкоўнай ведамасці, што капліца “когда и кем построена не известно”.
Знешні выгляд Свята-Міхайлаўскай капліцы, воляю лёсу прыстасаванай пад прыхадскую царкву, быў досыць сціплы. Чатырохвугольны зруб быў пакрыты “драницами” – драўляным гонтавым дахам, над якім узвышалася невялікая вежка (“купол”) з жалезным крыжам. Яшчэ адзін такі ж крыж вянчаў дах на заднім фасадзе. У вежцы меўся адзін сярэдняй велічыні звон. Дзверы капліцы “на петлях и круках железных с внутренним замком”. Унутры храма злева ад дзвярэй знаходзілася лесвіца, што вяла на гарышча (“потолок”), на якім, як адзначана ў дакуменце “…братчики имеют церковный спрят”. Столь капліцы была змайстравана з дошак, а падлога – часткова вымашчана цэглай, а часткова – земляная. Будынак меў пяць невялікіх аконцаў, тры з якіх былі забяспечаны жалезнымі рашоткамі.
Даволі грунтоўна ў вопісу распавядаецца пра іконы, якімі былі ўпрыгожаны сцены капліцы. Усяго іх налічвалася чатыры. На правай ад увахода сцяне вісела “…икона Пресвятыя Богородицы списанная на дереве сницерской работы с шатою желтой меди отчасти побеленною”. Тэрмін “сніцэрская работа” у дадзеным выпадку ўказвае на тое, што над аздабленнем іконы працаваў высокакваліфікаваны майстар-разьбяр, а тэрмінам “шата” на беларускіх землях называлі абклад іконы.
На супрацьлеглай сцяне месціліся тры астатнія іконы. У адрозненне ад першай яны былі напісаны на палатне і мелі драўляныя рамы. Сярод іх пералічаны: яшчэ адна ікона Багародзіцы, ікона са сцэнай распяцця Ісуса Хрыста, а таксама храмавая ікона Арханёла Міхаіла.
У алтарнай частцы капліцы злева ад прастола каля сцяны быў уладкаваны ахвярнік (“жертовник”) – адмысловы стол, які выкарыстоўваецца на падрыхтоўчым этапе літургічнага цыкла (падчас праскамідыі). Завяршала інтэр’ер насценнае распяцце, што знаходзілася за прастолам насупраць каплічных дзвярэй. Як бачна з вышэйапісанага, капліца не адрознівалася багатым убраннем, і што яшчэ больш істотна, з-за абмежаваных памераў не была ў дастатковай ступені абсталявана неабходнымі для праваслаўнага абраду элементамі інтэр’еру. Зазначаючы гэты факт у сваім вопісу, іераманах Пётр Міхалевіч асабліва падкрэслівае адсутнасць Царскіх варот. Зрэшты, такі стан рэчаў цалкам зразумелы, бо пераўтварэнне простай могілкавай капліцы Святога Міхаіла ў прыхадскую царкву мела вымушаны характар і разглядалася ў якасці часовай меры.
Немалую частку вопісу займае раздзел пад назвай “Ризы церковныя и прочия материальныя вещи”, які налічвае 30 пазіцый. Сярод богаслужэбнага адзення пералічаны адзінаццаць разнастайных рыз, а таксама сем падрызнікаў. Прысутнічае ў спісе і антымінс “белаго атласа новый” – спецыяльная хуста з часцінкай святых мошчаў, якой накрываюць прастол падчас літургіі. Далейшы пералік уключае шматлікія фіранкі да ікон, палатняныя і шаўковыя хусткі, жалобнае сукно, абрусы, кужэльныя намёткі, пакрывалы, уціральнікі і г. д. Асаблівую увагу заслугоўваюць тры шырокія “старопольские” паясы шаўковай рознакаляровай матэрыі, якія, як падкрэсліваецца ў дакуменце, былі ахвяраваны царкве. У наяўнасці было таксама шэсць харугваў, з якіх вылучалася старая харугва з жоўтага адамашку (шоўку) у гонар Святой Тройцы. Акрамя таго, у царкве мелася напісаная на палатне выносная (працэсійная) ікона Прасвятой Багародзіцы “с подножием сницерской работы”.
Царкоўнае начынне пералічваецца на трох старонках вопісу і ўключала ў сабе рэчы з серабра, жоўтай медзі (латуні), чырвонай медзі, волава, бронзы, жалеза і дрэва. Зразумела, найбольшую каштоўнасць мелі срэбраныя рэчы, тым больш, што некаторыя з іх (чашы, кубкі) былі пазалочаны. Сярод іншага ў капліцы меліся срэбраныя дыскасы, лыжыцы, кадзільніца з лодкай для захоўвання ладану, крыж-распяцце. Першачарговую цікавасць уяўляюць сабой срэбраная карона, якой быў увенчаны Ісус Хрыстос на насценным распяцці за прастолам, а таксама пяць карон, што мацаваліся ў якасці абкладу на іконах. Аўтар вопісу фіксуе велізарную колькасць (170 штук) срэбраных “табличек” рознай велічыні агульнай вагой 11,5 фунтаў (каля 4,7 кг). Пад імі відавочна трэба разумець воты – срэбраныя пласцінкі ці таблічкі, прынесеныя ў дар храму ў падзяку або па зароку. Гэта традыцыя атрымала найбольшае распаўсюджанне ў каталіцтве, але ў свой час шырока практыкавалася і ва ўніяцкай царкве.
З медных рэчаў указаны даразахавальніца, крыжы-распяцці, кадзільніцы, некалькі пасудзін. Алавянае начынне складалася з 49 рознага памеру падсвечнікаў, крыжоў-распяццяў, падносаў і рукамыйніка. Бронзавых прадметаў было няшмат: чатыры вялікіх падсвечніка, згаданы ўжо вышэй звон і тры “колокольчика употребляемых прежде во время обедни” – адзін з напамінаў пра былыя ўніяцкія літургіі. З драўляных рэчаў, што былі ва ўласнасці царквы, выдзяляюцца вялікі крыж з распяццем, які выкарыстоўваўся падчас хрэснага ходу і тры куфры, у якіх трымалі найбольш каштоўную маёмасць. Напрыканцы гэтага доўгага спісу трэба дадаць, што ў капліцы захоўваліся і два вялікія жалезныя крыжы з купалоў згарэўшай глыбоцкай царквы Святой Тройцы.
Як бачна з прыведзеных звестак, нягледзячы на свае невялікія памеры і недастатковую прыстасаванасць да правядзення літургій (найперш, адсутнічалі іканастас і Царскія вароты), капліца Святога Міхаіла была выдатна забяспечана ўсім неабходным начыннем і богаслужэбным адзеннем для паўнавартаснага функцыянавання ў якасці прыхадскога храма. Праз тры гады пасля складання вопісу ў “Ведомости о церкви” за 1847 год глыбоцкі святар Флор Ражынскі пацвердзіць гэты факт, лаканічна зазначыўшы, што капліца “утварью достаточна”.
Характэрнай асаблівасцю, якая кідаецца ў вочы пры пераліку царкоўнай маёмасці, з’яўляецца заўважная колькасць рэчаў, якія адносіліся да “уніяцкай спадчыны”. Напрыклад, сярод адзінаццаці рыз знайшлася і “риза для римских священников”, шэсць з сямі падрызнікаў названы на каталіцкі манер альбамі, а яшчэ адзін тып літургічнага адзення – стыхары – аналагічным каталіцкім тэрмінам “комжа”. Таксама ў спісе матэрыяльных рэчаў упамінаецца “бурса для больных употребляемая”, пад якой трэба разумець спецыяльную сумку, у якой хворым прыхаджанам заносяць гостыі (аплаткі) – яшчэ адзін элемент каталіцкай і ўніяцкай практыкі. Наогул, прыкладаў падобных да гэтых, сярод рэчаў, змешчаных у спісе, можна знайсці нямала, і яшчэ адным добрым адлюстраваннем тых змен, што адбываліся ў рэлігійным жыцці нядаўніх уніятаў выступае раздзел “Книги церковные”, у які ўвайшлі 14 выданняў. Пяць з іх абазначаны як новыя кнігі маскоўскага друку, чатыры – як старыя без указання месца выдання, а яшчэ чатыры маюць канкрэтную прывязку: адна кніга львоўскага друку і тры – супрасльскага.
Манастырская друкарня ўніяцкага ордэна базыліян у Супраслі, якая працавала з пачатку 1690-х гг. да 1803 года мела вялікае значэнне для асветы на беларускіх землях. У часы ВКЛ друкарня мела манапольнае права на выданне на тэрыторыі княства літургічнай уніяцкай літаратуры, якая потым распаўсюджвалася сярод уніяцкіх прыходаў краіны. Яшчэ з сярэдзіны 1830-х гадоў ва ўніяцкія прыходы пачалі паступаць праваслаўныя служэбнікі, на якія павінны былі падчас літургіі арыентавацца мясцовыя святары. У 1840-я гады, ужо пасля скасавання Уніі старыя ўніяцкія кнігі пачалі паўсюдна замяняць новымі маскоўскімі выданнямі. Гэта сітуацыя ўдала прасочваецца на прыкладзе глыбоцкага прыхода.
Вопіс капліцы Святога Міхаіла ўтрымлівае і цікавыя статыстычныя звесткі. Так, адпаведна яму ў 1844 годзе ў глыбоцкім праваслаўным прыходзе налічвалася 1345 чалавек (705 мужчын і 640 жанчын). Праўда праз тры гады святар Флор Ражынскі ў царкоўнай ведамасці за 1847 год падае заўважна меншыя лічбы: 1208 чалавек (680 мужчын і 528 жанчын).
Адметнасцю рэлігійнага жыцця беларускіх зямель у азначаны перыяд з’яўлялася існаванне пры многіх прыходах царкоўных брацтваў, якія складаліся з мясцовых прыхаджан. Галоўнай мэтай гэтых аб’яднанняў звычайна была апека над прыхадскім храмам, дапамога святару ў арганізацыі рэлігійнага жыцця. Глыбоцкае брацтва называлася ў гонар Святой Тройцы, мела сваю, складзеную з ахвяраванняў, казну і адыгрывала даволі значную ролю. У прыватнасці, у першую чаргу дзякуючы намаганням глыбоцкіх братчыкаў, сярод якіх асабліва выдзяляўся селянін Васіль Блышка, стала магчымым прыстасаванне старой могілкавай капліцы для правядзення рэгулярных набажэнстваў. Таксама вялікім быў уклад брацтва ў забеспячэнні храма ўсім неабходным для службы начыннем.
Нягледзячы на свой выключна часовы статус прыхадской царквы, у гэтай якасці капліца Святога Міхаіла на Дуброве выкарыстоўвалася аж да канца 1840-х гадоў. Аднаўленне царквы Святой Тройцы ішло вельмі марудна – глыбоцкі прыход, які на 2/3 складаўся з сялян навакольных вёсак не мог дазволіць сабе пабудову новага храма. У выніку грошы ўсё ж былі знойдзены: па адных звестках царква была адбудавана за сродкі ўласніка маёнтка Глыбокае князя Льва Вітгенштэйна, па іншых – дапамога прыйшла ад урада, які асігнаваў на гэтыя патрэбы некалькі тысяч рублёў серабром. Згодна вядомым гістарычным крыніцам, у 1847 годзе яе будаўніцтва ўжо вялося. У выданні “Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба”, прысвечаным Віленскай губерні, указана, што новая царква Святой Тройцы была пабудавана ў 1849 годзе. Такім чынам, можна сцвярджаць, што капліца Святога Міхаіла выкарыстоўвалася ў якасці прыхадскога храма Глыбокага (спачатку ўніяцкага, потым праваслаўнага) на працягу прыкладна 18 гадоў.
Згадкі пра капліцу на Дуброве можна знайсці таксама ў тагачасных афіцыйных даведачных выданнях – памятных кніжках Віленскай губерні 1840-1850-х гадоў. Упершыню яна ўпамінаецца ў памятнай кніжцы на 1848 год, дзе глыбоцкі благачынны Флор Ражынскі названы святаром “глыбоцкай Міхайлаўскай царквы”. Прычым (відаць па звычцы) менавіта святаром Міхайлаўскай царквы ён працягваў указвацца ў памятных кніжках аж да 1856 года ўключна, хоць на той момант ужо безумоўна аднавіў сваю дзейнасць галоўны праваслаўны храм горада – царква Святой Тройцы.
На жаль, лёс абодвух храмаў склаўся трагічна. Пасля сваёй адбудовы царква Святой Тройцы паступова пераўтварылася ў “первую в уезде по богатству и красоте”, як, прынамсі, апісвала яе газета “Літоўскія епархіяльныя ведамасці”, але ў верасні 1880 года гэты драўляны храм па нявызначаных прычынах поўнасцю згарэў. У сувязі з тым, што ў 1878 годзе ў якасці праваслаўнай царквы быў асвечаны вялікі храм былога кармеліцкага манастыра, яе аднаўленне палічылі немэтазгодным.
Што ж датычыцца капліцы Святога Міхаіла на Дуброве, то пра яе лёс мы пакуль што можам толькі меркаваць. Хутчэй за ўсё, адразу ж пасля асвячэння адноўленай царквы Святой Тройцы старая цесная могілкавая капліца на ўскрайку мястэчка перастала выкарыстоўвацца для набажэнстваў. Закінутая, яна паступова пачала разбурацца, пакуль канчаткова не знікла з гарадскога краявіду. Наўрад ці магчыма зараз знайсці на могілках па вуліцы Чырвонаармейскай хоць якія-небудзь сляды існавання былой капліцы, тым не менш, гэты храм, які на працягу многіх год служыў месцам малітвы жыхароў горада варты, каб пра яго ведалі.