6 снежня 2016 года ў нашым горадзе прайшлі II Рэгіянальныя калядныя чытанні. Мерапрыемства было арганізавана і сумесна праведзена кіраўніцтвам Полацкай епархіі, Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам і Глыбоцкім раённым Саветам дэпутатаў. У ходзе мерапрыемства абмяркоўваліся многія надзённыя пытанні, якія тычацца ролі Праваслаўя ў гісторыі і сучасным развіцці нашай краіны.
Разгляд тэм, што выносіліся на парадак дня рэгіянальных Калядных чытанняў, праходзіла на пасяджэннях пяці тэматычных секцый. У працы секцыі "Гісторыка-культурная спадчына Праваслаўя як крыніца духоўнага і грамадскага развіцця Беларусі», прынялі ўдзел і супрацоўнікі музея. Праца секцыі праходзіла ў саборы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, а ўзначаліў яе архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Намі было падрыхтавана выступленне на тэму: «Праваслаўныя храмы Глыбоччыны - гісторыка-культурная спадчына рэгіёну». Удзельнікі мерапрыемства з вялікай цікавасцю азнаёміліся з сабраным музейшчыкамі матэрыялам і ўнеслі прапанову аб неабходнасці цеснага супрацоўніцтва музея і праваслаўнай царквы ў пытаннях пошуку страчаных хрысціянскіх святыняй.
10 мая 2015 года музеем была арганізавана і праведзена канферэнцыя маладых гісторыкаў, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. У ёй прынялі ўдзел настаўнікі школ горада і раёна, студэнты вышэйшых навучальных устаноў. У сваіх выступленнях маладыя гісторыкі пазнаёмілі ўдзельнікаў канферэнцыі з малавядомымі старонкамі ваеннай гісторыі і славутымі людзьмі Глыбоцкага раёна. Трынаццаць выступленняў, і за кожным крапатлівая праца юных даследчыкаў гістарычнага мінулага роднага краю.



Па ініцыятыве нашага музея была арганізавана і праведзена навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Глыбоцкая мінуўшчына”.
У ёй прынялі ўдзел як мясцовыя краязнаўцы, так і даследчыкі нашай гісторыі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Варшаўскага ўніверсітэта і, нават, з далёкай Італіі. Выступленні ўдзельнікаў канферэнцыі мелі розную тэматыку: ад біяграфічных звестак пра гістарычных асоб да гісторыі канкрэтных архітэктурных аб'ектаў і цэлых населеных пунктаў цяперашняга Глыбоцкага раёна. З асаблівым цікавасцю слухалі выступленне нашага госця з Неапаля, манаха тэатынца Аляксандра. Ён закрануў найбольш ранні этап гісторыі горада, звязаны з асобай Язэпа Корсака і дзейнасцю манахаў кармелітаў босых. Маючы магчымасць дакрануцца да арыгінальным дакументах у архівах Еўропы, Аляксандр выкарыстаў іх у сваёй працы.
Праграма святкавання 600-годдзя нашага горада пачалася з адкрыцця выставы «З чаго ўсё пачыналася». Раніцай 3 ліпеня ў музеі сабраліся жыхары і госці горада, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і кіраўніцтва раёна. Удзельнікі мерапрыемства змаглі акунуцца ў атмасферу сярэднявечнага мястэчка, пачуць цікавыя звесткі пра святыні нашага горада, убачыць унікальную калекцыю старажытных манет.
У мерапрыемствах па святкаванню 600-годдзя горада Глыбокае прынялі ўдзел нашчадкі Язэпа Корсака, заснавальніка глыбоцкіх храмаў. Госці з Варшавы падарылі касцёлу св. Тройцы копію карціны фундатара, напісаную польскімі мастакамі. Для нашага музея яны таксама падрыхтавалі падарунак - генеалагічнае дрэва роду Корсакаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы падарунак быў перададзены музею і адразу ж змешчаны ў экспазіцыю выставы «З чаго ўсё пачыналася». Дзякуючы гэтаму падарунку мы сёння маем падрабязную інфармацыю пра гэты старажытны шляхецкі род. На памяць аб знаходжанні ў нашым музеі Корсакі павезлі ў Польшчу добрыя эмоцыі і шмат цікавых гістарычных фактаў пра сваіх продкаў.
Фонды музея папоўніліся новымі экспанатамі. На днях музей наведаў наш зямляк, пісьменнік і журналіст Уладзімір Шломан. Ён падарыў нашаму музею тры свае новыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Букмастер» ў гэтым годзе. «Баявыя пальчаткі», «Спытайце ў Макса» і «Гаспадар саваны» - дзіцячыя аповесці пра таямнічыя прыгоды юных даследчыкаў. Кнігі з подпісамі аўтара стануць часткай музейнай калекцыі нашых літаратараў.
У пачатку верасня на паліцах кніжных магазінаў з’явілася новае выданне – фотаальбом “Глыбокае: повязь часоў”. Гэта сумесная праца супрацоўнікаў нашага музея і выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”. 175 ужо вядомых і яшчэ невядомых паштовак і фотаздымкаў з фондаў музея распавядуць чытачам пра тое, як на працягу стагоддзя змяняўся наш горад. Мы спадзяёмся, што гэта кніга абудзіць цікавасць не толькі ў старэйшага, але і маладога пакалення. Бо нават 20 гадоў таму назад Глыбокае выглядала зусім па-іншаму. Убачыўшы фатаграфію ў кнізе, на якой звыклае сёння месца выглядае інакш, пачынаеш задаваць пытанні: якая гісторыя гэтага месца, чаму раней яно выглядала менавіта так, якія людзі жылі ў тыя часы? Вось тут і пачынае прачынацца цікавасць да гісторыі свайго горада, сваёй роднай зямлі.
Фотаальбом "Глыбокае: повязь часоў" - гэта своеасаблівы падарунак нашаму роднаму гораду да Дня беларускага пісьменства.
Адным з асноўных напрамкаў навукова-даследчай дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага музея ў 2012 годзе з'яўляецца збор матэрыялаў аб знакамітых земляках. Супрацоўнікамі ўжо сабраны багаты матэрыял аб жыццёвым і творчым шляху многіх паэтаў і пісьменнікаў, мастакоў і грамадскіх дзеячаў, народных майстроў Глыбоччыны. У пачатку сакавіка гэтага года наш музей папоўніўся новымі цікавымі экспанатамі. Калектыў СШ № 2 вырашыў перадаць на пастаяннае захоўванне каштоўны матэрыял, які доўгі час зберагаўся ў школьным літаратурным музеі. Сярод перададзеных экспанатаў маюцца цікавыя і, у нейкай ступені, унікальныя рэчы.