2-4 снежня 2022 года ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прайшоў V Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". «Музей. Спадчына. Памяць” – такая тэматычная скіраванасць форуму сёлета.
Падобны музейны злёт - выдатная магчымасць пазнаёміцца з калегамі з розных куткоў краіны і замежжа (на форум прыбылі дэлегацыі з гарадоў Расіі), абмяняцца вопытам працы, дамовіцца аб арганізацыі сумесных праектаў.
Калектыў нашага музея прадставіў на форуме пляцоўку «7 цудаў Глыбокага: ад страчанай спадчыны да сучаснасці», наведвальнікі якой мелі магчымасць даведацца пра багатую гістарычную і культурную спадчыну рэгіёна.За тры дні павільён нашага музея наведала вялізная колькасць гасцей і ўдзельнікаў форуму, у тым ліку міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч, першы намеснік міністра Валерый Іванавіч Грамада, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Аляксандравіч Марзалюк, дырэктары музеяў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з усёй краіны.
Пляцоўка "7 цудаў Глыбокага: ад страчанай спадчыны да сучаснасці" выклікала непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў мерапрыемства: яны цікавіліся прадстаўленымі тут музейнымі прадметамі, задавалі пытанні па гісторыі нашага краю, дзяліліся ўражаннямі. Многія паспрабавалі свае сілы ў мультымедыйнай інтэлектуальнай віктарыне "Свая гульня", пытанні якой звязаны з гісторыяй Глыбоччыны, прымерылі на сябе ролю манаха кармеліта, папрацаваўшы на старадаўнім друкарскім станку, і нават паласаваліся шакаладам, прыгатаваным па старажытным рэцэпце.
У рамках форуму праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства сярод музеяў усёй краіны. Па яго выніках Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей удастоены дыплома ІІ ступені ў намінацыі "За лепшую культурна-адукацыйную праграму".
Працягваецца рэалізацыя рэспубліканскага патрыятычнага праекта "Захаваем гісторыю", прысвечанага Году гістарычнай памяці. 19 лістапада 2022 года ля брацкай магілы ваеннапалонных у вёсцы Арэхаўна і ў мемарыяльным комплексе "Барок" прайшлі мітынгі з наступнай устаноўкай таблічкі з лічбавым QR-кодам. З экскурсам у гісторыю выступаў навуковы супрацоўнік музея Уладзімір Мірончык.
У суботу, 12 лістапада 2022 года, на Глыбоччыне адбыліся мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта "Захаваем гісторыю", прысвечанага Году гістарычнай памяці.
Каля помніка падпольшчыкам па вуліцы Савецкай сабраліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, навучэнцы сярэдняй школы №2 горада Глыбокае. З экскурсам у гісторыю выступіў старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. Музейны работнік расказаў прысутным аб дзейнасці глыбоцкіх патрыётаў і іх кіраўніках - Іване Лакотка і Юрыі Сабалеўскім.
Інфармацыяй аб стварэнні памятнага абеліска і супрацоўніцтве з прадстаўнікамі сям'і Сабалеўскіх падзяліўся старшыня Віцебскага абласнога грамадскага аб'яднання рэгіянальнага развіцця "Памяць" Міхаіл Пятровіч Чарапкоўскі.
На мерапрыемстве таксама выступілі актывісты школьнага самакіравання другой гарадской школы, прадстаўнікі БРСМ.
Фінальнай часткай патрыятычнай акцыі стала ўстаноўка інфармацыйнай таблічкі з QR-кодам, падрыхтаванай у рамках праекта грамадскага аб'яднання "Патрыёты Беларусі". Яго мэта - знайсці, аблічбаваць і сабраць усю інфармацыю аб помніках і памятных мясцінах Беларусі, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, на адным інфармацыйным рэсурсе.
У гэты ж дзень яшчэ адна інфармацыйная таблічка з QR-кодам была ўсталявана ля Кургана Славы (Псуеўскі с/с). На тым месцы, дзе вясной 1944 гада трымалі абарону партызаны брыгады імя Суворава.
28 кастрычніка 2022 года ў музеі адбылася дыялогавая пляцоўка "Гістарычная спадчына - аснова патрыятычнага выхавання", у рабоце якой прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва Глыбоцкага раёна, работнікі ваенкамата, супрацоўнікі музея, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні школ горада і раёна.
Багатая гістарычная і культурная спадчына нашых продкаў – падмурак, на якім будуецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Таму невыпадкова пралогам да мерапрыемства выступіла экскурсія па экспазіцыі музея, дзе сабраны матэрыялы аб гістарычным мінулым нашага рэгіёна.
У ходзе далейшай гутаркі прысутныя абмеркавалі праблемныя пытанні, звязаныя з патрыятычным выхаваннем дзяцей і моладзі ў нашай краіне на сучасным этапе, падзяліліся вопытам работы ў гэтым напрамку.
Таксама ўвазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прапанаваны дакументальны відэаролік “1939 год. Гісторыя ўз'яднання», створаны пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў музея.
Супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея сумесна з калегамі з Бягомльскага музея народнай славы і Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея імя А.Ф. Вангенгейма (Расійская Федэрацыя) прынялі ўдзел ва ўроку мужнасці, які прайшоў у фармаце відэаканферэнцыі. На мерапрыемстве прагучалі выступленні, звязаныя з тэмай генацыду мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама вялікая ўвага была ўдзелена канцэнтрацыйным лагерам, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. З боку Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея на мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы, якія змаглі даведацца пра катастрофу, што адбылася на беларускай зямлі. Супрацоўнік нашага музея расказаў удзельнікам урока мужнасці аб трагічнай гісторыі лагера смерці ў Беразвеччы. З іншага боку, калегамі з Расіі, былі зачытаны ўспаміны блізкіх сваякоў, чый лёс закранулі падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
У суботу, 17 верасня, у нашым горадзе прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі - 2022”, прымеркаваны сёлета да Дня народнага адзінства. Свой пасільны ўнёсак у чараду святочных мерапрыемстваў зрабіў і наш музей. На плошчы “17 Верасня” усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у інтэрактыўнай выставе “Пра час, пра Радзіму, пра нас”. Ад наведвальнікаў выставы патрабавалася правільна адказаць на прапанаваныя пытанні, у чым ім павінны былі дапамагчы музейныя прадметы. Такім чынам, глыбачане і госці горада маглі не толькі даведацца пра цікавыя факты нашай гісторыі, але і пазнаёміцца з шэрагам незвычайных экспанатаў, чым яны, дарэчы, і не прамінулі скарыстацца.
16 верасня 2022 года адбыўся міжнародны круглы стол у рэжыме відэаканферэнцыі "Беларусь адзіная", прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Удзел у мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі нашага музея, Бягомльскага музея народнай славы і Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея імя Вангенгейма (Расійская Федэрацыя).
У ходзе работы круглага стала ўдзельнікі абмеркавалі адну з найбольш значных падзей у айчыннай гісторыі – уз'яднанне Беларусі ў 1939 годзе: становішча этнічных беларусаў у Польшчы ў 1921 – 1939 гг., падпольная барацьба супраць акупантаў, легендарны паход Чырвонай Арміі, устанаўленне савецкай улады на заходне-беларускіх землях і наступныя палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні.
18 жніўня, у 79-ю гадавіну знішчэння яўрэйскага гета Глыбокага адбылася гісторыка-мемарыяльная панарама "Яны перамаглі смерць", праведзеная супрацоўнікамі музея ў памяць глыбачан-яўрэяў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. У рамках панарамы адбылася прэзентацыя на тэму «Халакост на Глыбоччыне», а сапраўдным яе аздабленнем стаў відэаролік з вершамі паэта Аляксея Ткачэнкі «Нясцёртыя сцёртыя», у выкананні вядомага акцёра Барыса Смолкіна.
Гэта знакавае мерапрыемства ў чарговы раз стала сведчаннем таго, што ў нашым горадзе не забыта гісторыя яўрэйскай абшчыны Глыбокага, як не забыты і трагічны лёс глыбачан яўрэйскай нацыянальнасці, якія прынялі пакутніцкую смерць ад рук акупантаў. Памяць гэтая для сучасных і будучых пакаленняў Глыбокага святая.
У дні юбілейнага Вішнёвага фестывалю жыхары і госці нашага горада сталі сведкамі традыцыйнага вішнёвага гарадскога квэста. Штогод супрацоўнікі музея праводзяць інтэлектуальна-прыгодніцкае спаборніцтва не толькі для аматараў гісторыі і краязнаўства, але і для ўсіх, хто хоча лепш пазнаць свой горад. У гэтым годзе правілы і ўмовы правядзення пошуку гістарычных і культурных аб'ектаў нашага горада былі істотна зменены. Галоўным новаўвядзеннем юбілейнага вішнёвага квэста стала тое, што капітаны знаходзіліся на некаторым аддаленні ад сваіх каманд на працягу ўсяго спаборніцтва. Знаходзячыся ў будынку музея, яны накіроўвалі каманды да загаданых аб'ектаў праз дадатак Viber з дапамогай асацыятыўных слоў. На гэты раз спаборнічала роўна 10 каманд, што вельмі сімвалічна для юбілейнага фестывалю. Трэба адзначыць, што падчас правядзення спаборніцтваў паміж камандамі і капітанамі было поўнае ўзаемаразуменне і сяброўская падтрымка.
Як і ў любым спаборніцтве, у вішнёвым квэсце вызначыліся пераможцы - трэцяе месца ў каманды СШ№2 "Вішнёвы крэатыў", другое месца заняла каманда "Wild Cherries" ("Дзікія вішні"). А "золата" квэста ва ўпартай барацьбе заваявала каманда "Сіняе полымя", якая прадстаўляе ВУ "Глыбокаегаз".
Вялікі дзякуй усім удзельнікам за цудоўную гульню і шчырыя эмоцыі. Жадаем поспехаў і спадзяёмся на сустрэчу ў чарговым інтэлектуальна-прыгодніцкім квэсце.
Свята-конкурс кавальскага рамяства "Зніч" прайшоў на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску-2022". Майстры кавальскага рамяства і мастацкай коўкі спаборнічалі ў вырабе сімвала фестывалю – васілька. Праходзіў конкурс на адной са шматлікіх адкрытых пляцовак фестывальнага Віцебска.
У свяце кавальскага майстэрства прынялі ўдзел і супрацоўнікі нашага музея. Не, не ў якасці майстроў мастацкага кавання. Музейшчыкі з Глыбокага прэзентавалі новы выставачны праект, прысвечаны легендарнаму кавалю Аляксандру Дубіне. Удзельнікі конкурсу, як і ўсе госці свята змаглі ўбачыць арыгінальныя каваныя работы глыбоцкага майстра, фатаздымкі з асабістага архіва каваля і фондаў нашага музея, а таксама пачуць расказ пра гэтага дзіўнага чалавека.