У мінулым месяцы ў Расійскай Федэрацыі стартавала экспедыцыя на Паўночны полюс, у якой прыняў удзел наш зямляк Томаш Пятроўскі. Томаш Валяр'янавіч - палярнік, акіянолаг, начальнік расійскай навукова-даследчай дрэйфуючай станцыі "Паўночны полюс". Тры гады таму ён звярнуўся ў наш музей з ідэяй па дастаўцы сцяга і герба горада Глыбокае на геаграфічны Паўночны полюс, і далейшым вяртаннем іх на Глыбоччыну. З-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі экспедыцыю даводзілася адкладаць. Аднак, у мінулым месяцы на электронную пошту музея прыйшоў ліст ад Томаша Валяр'янавіча аб тым, што 27 сакавіка 2023 года экспедыцыя, нарэшце, адправілася ў дарогу. Роўна праз месяц нам ізноў прыходзіць паведамленне аб поспеху экспедыцыі з фатаграфіяй, на якой палярнік трымае сцяг Глыбокага на фоне навуковай станцыі і бязмежных прастораў Поўначы. Спадзяёмся, што ў хуткім часе гэты сцяг зойме пачэснае месца сярод іншых экспанатаў нашага музея і будзе дэманстравацца на розных музейных выставах.
Закончаны палявыя пошукавыя работы паблізу населенага пункта Забор'е (Глыбоцкі р-н), якія праводзіліся ў красавіку 2023 года 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Падчас пошукавых работ былі раскапаны чатыры пахаванні, у якіх знойдзены касцяныя астанкі пятнаццаці чалавек. Па спадарожных знаходках можна меркаваць, што знойдзеныя астанкі належаць савецкім воінам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У першы дзень работ былі падняты з брацкай магілы астанкі, хутчэй за ўсё, савецкіх ваеннапалонных. У наступныя дні работы па падняцці астанкаў ваеннапалонных, расстраляных фашыстамі па дарозе да лагера ў Глыбокім, былі працягнуты. Акрамя астанкаў ваеннапалонных, падчас правядзення работ былі падняты і астанкі асобна пахаваных савецкіх салдат, на рамянях у якіх былі замацаваны дзве баявыя гранаты Ф-1. Улічваючы той факт, што боепрыпасы не маглі знаходзіцца ў ваеннапалонных, можна меркаваць, што гэтыя салдаты загінулі падчас баявых дзеянняў пры адступленні часцей Чырвонай Арміі летам 1941 года. Версія аб гібелі двух салдат летам 1944 года таксама выклікае сумненне, бо да гэтага часу ў наступаючых часцях савецкіх войскаў вёўся строгі ўлік загінуўшых або знікшых без вестак ваеннаслужачых.
Пасля праведзенай экспертызы касцяныя астанкі перапахаваюць на тэрыторыі раёна з усімі ўшанаваннямі, якіх вартыя салдаты, што загінулі пры абароне сваёй Радзімы. Спадзяёмся, што знойдзеныя падчас работ запісная кніжка і салдацкі медальён дапамогуць даведацца аб загінуўшых воінах.
(красавік 2023 года)
17 красавіка 2023 года ў наш раён прыбылі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна з мэтай вывучэння магчымага месца пахавання ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. Падставай для прыезду пашукавікоў паслужыў зварот жыхаркі вёскі Забор'е Стахаевіч Зінаіды Іосіфаўны.Зінаіда Іосіфаўна расказала супрацоўнікам нашага музея гісторыю аб тым, як летам 1941 года праз іх вёску гналі калоны палонных савецкіх салдат у лагер Беразвечча. Убачыўшы перад вёскай невялікі вадаём, палонныя з адной калоны кінуліся да вады. Немцы адкрылі па іх агонь, забілі некалькі ваеннапалонных. Пасля чаго калона працягнула шлях у напрамку горада, а трупы забітых засталіся ляжаць на дарозе. Увечары наступнага дня мясцовыя жыхары перанеслі трупы забітых салдат і пахавалі іх недалёка ад вясковых могілак.
На падставе ўспамінаў быў складзены Інфармацыйны ліст і накіраваны ва ўпраўленне па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Праверыць атрыманую ад мясцовай жыхаркі інфармацыю і трэба будзе пошукавікам 52-га батальёна. Ужо першы дзень працы даў свае вынікі - былі паднятыя з зямлі астанкі шасці воінаў савецкай арміі. Тое, што гэта вайскоўцы не выклікае сумнення. Па-першае, астанкі ў адной магіле і пры іх пахаванні не выкарыстоўваліся драўляныя труны. Па-другое, на месцы пахавання астанкаў былі знойдзены атрыбуты і асабістыя рэчы ваеннаслужачага Чырвонай Арміі: салдацкі медальён, запісная кніжка, гузікі, фрагменты салдацкага рамяня і партупеі.
Пасля заканчэння пошукавых работ, астанкі будуць перададзены для наступнага перапахавання. А наперадзе чакаецца вялікая работа па ўстанаўленні імёнаў савецкіх салдат, забітых летам 1941 года каля вёскі Забор'е Глыбоцкага раёна. Бо мы добра разумеем - не было на той вайне безыменных салдат!
Штогод 18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Наш музей таксама адзначыў гэтую знамянальную дату. Супрацоўнікамі ўстановы сумесна з краязнаўцамі рэгіёна быў арганізаваны экскурсійны марафон у анлайн-фармаце «Падарожжа ў свет культурнай спадчыны». У прамым эфіры ў сацыяльнай сетцы Instagram усе жадаючыя змаглі прагуляцца па гарадской набярэжнай і пазнаёміцца з гісторыяй горада, наведаць Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, раскрыць таямніцы старых копцеўскіх могілак і ўбачыць велічны касцёла Святой Тройцы.
Мэта мерапрыемства - прыцягнуць увагу да пытанняў аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. І ў нас атрымалася – вялікая колькасць гледачоў, каля 200 праглядаў у сацыяльных сетках, сотні лайкаў і станоўчыя водгукі.
(18 красавіка 2023 года)
11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд у 1945 годзе.
У гэты дзень у нашым горадзе прайшоў жалобны мітынг "Мы будзем шанаваць і памятаць", удзельнікі якога сабраліся ва ўрочышчы Барок, каб ушанаваць памяць ахвяр фашызму на нашай зямлі. Урочышча Барок не выпадкова абрана месцам правядзення дадзенага мерапрыемства. Менавіта тут знаходзяцца астанкі ахвяр аднаго з самых страшных лагераў смерці. І менавіта тут знаходзяцца дзве брацкія магілы глыбачан яўрэйскай нацыянальнасці, бязвінна знішчаных у 1941 - 1942 гадах. Пра лёс вязняў Беразвецкага лагера смерці і Глыбоцкага яўрэйскага гета прысутным расказаў навуковы супрацоўнік музея Уладзімір Мірончык. Падчас мітынгу ў рамках міжнароднага гістарычнага праекту "Лічбавая зорка" побач з брацкімі магіламі былі ўсталяваныя таблічкі з QR-кодамі.
(11 красавіка 2023 года)
Чарговая сустрэча з калегамі з Бягомльскага музея народнай славы і Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея ім. Вангенгейма прайшла ў анлайн фармаце 1 красавіка 2023 года і была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Тэма анлайн сустрэчы - літаратурная спадчына, як злучальная нітка паміж двума брацкімі народамі.
Супрацоўнікі нашага музея падрыхтавалі прэзентацыю “Глыбоцкі след у рускай літаратуры”, якая расказвае пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага пісьменніка, ураджэнца горада Глыбокае Лявонція Ракоўскага, які пакінуў вялікі след у рускай гістарычнай літаратуры ХХ стагоддзя.
І такая тэма выступлення была абраная зусім не выпадкова. Біяграфія і творчы шлях Лявонція Іосіфавіча можа служыць прыкладам брацкіх узаемаадносін народаў дзвюх краін: нарадзіўшыся ў невялікім беларускім яўрэйскім мястэчку, ён большую частку жыцця правёў у Ленінградзе, дзе і напісаў свае знакамітыя гістарычныя раманы. Прычым, Ракоўскі ніколі не забываўся пра сваю малую радзіму. Чытачы па ўсёй Расіі (і не толькі), узяўшы ў рукі зборнік твораў пісьменніка, нібыта пераносяцца ў дарэвалюцыйныя часы, адкрываюць для сябе непаўторны каларыт беларускіх гарадоў і мястэчак, такіх, якім было і Глыбокае.
21 сакавіка 2023 года, напярэдадні адной з самых трагічных падзей у гісторыі беларускага народа, супрацоўнікі нашага музея прынялі ўдзел у рабоце міжнароднай відэаканферэнцыі «22 сакавіка 1943 года - сумная дата ў гісторыі», прысвечанай 80-годдзю Хатынскай трагедыі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Бягомльскі музей народнай славы, які вось ужо некалькі гадоў супрацоўнічае з Дзмітрыеўскім краязнаўчым музеем ім. Вангенгейма (Расійская Федэрацыя). На гэты раз да дыялогу музейшчыкаў падключыліся вучні і выкладчыкі Бягомльскай сярэдняй школы ім. С.С. Манковіча, супрацоўнікі Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі, а таксама прадстаўнікі пракуратуры Докшыцкага раёна. Падчас дыялогу ўзнімаліся і абмяркоўваліся тэмы генацыду беларускага народа, вывучэння і захавання гістарычнай памяці, ролі помнікаў і памятных мясцін у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.
Супрацоўнікі нашага музея падрыхтавалі прэзентацыю “Генацыд беларускага народа. Трагедыя і боль», у якой расказалі пра спаленыя падчас карных аперацый нацыстаў вёскі Глыбоцкага раёна, пра масавыя знішчэнні мірных грамадзян у гады вайны.
На наступны дзень, 22 сакавіка, у раёне адбыўся мітынг-рэквіем "Трагедыя спаленых вёсак". Удзельнікі мітынгу сабраліся ў гэты дзень ля брацкай магілы ахвяр фашызму ва ўрочышчы Жвіроўня, каб аддаць даніну памяці бязвінным ахвярам вайны. Аб падзеях, якія адбываліся ў гэтым месцы ў гады акупацыі, распавёў прысутным навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў. Ён яшчэ раз нагадаў усім аб тым, якім коштам дасталася нам свабода.
Скончыўся мітынг малітвай у памяць аб бязвінна забітых земляках, а да манумента былі ўскладзены кветкі. Памяць народа і сёння захоўвае трагедыю тых далёкіх гадоў, з болем адклікаючыся ў сэрцы кожнага з нас. Агонь запаленых у гэты дзень лампадак - светлая памяць аб бязвінна загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Паважаныя гісторыкі, краязнаўцы, мецэнаты. Запрашаем Вас да супрацоўніцтва.
Наш музей зацікаўлены ў папаўненні музейных фондаў новымі цікавымі экспанатамі. Унікальная прапанова нядаўна паступіла музейшчыкам Глыбокага аб магчымасці набыцця графічнай работы нашага земляка - Язэпа Драздовіча. На малюнку, выкананым алоўкам і тушшу на альбомным лісце паперы, адлюстраваны момант суда над членамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Гэты малюнак быў зроблены вядомым мастаком у 1928 годзе і перададзены ў Беларускі музей Івана Луцкевіча. Магчыма, пасля закрыцця музея, малюнак аказаўся ў прыватнай калекцыі.
Сёння мы маем магчымасць вярнуць гэты прадмет гісторыка-культурнай спадчыны ў музейны фонд нашай краіны. Жадаючых далучыцца да вяртання каштоўнасці мы чакаем у Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі (г. Глыбокае, вул. Энгельса, 24) ці проста званіце нам па тэлефоне 23370.
Чарговую гадавіну прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь музей адзначыў правядзеннем для навучэнцаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Глыбокае імя П.В. Сухога” асаблівага мерапрыемства – гістарычнага ўрока-гутаркі “Канстытуцыя скрозь гады”.
Гэты своеасаблівы музейны занятак, паўдзельнічаць у якім у актавую залу школы сабраліся вучні 10-11 класаў, прайшоў у два этапы. Спачатку навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў распавёў прысутным гісторыю развіцця канстытуцыйнай думкі на беларускіх землях, пачынаючы са Статутаў ВКЛ і заканчваючы сучаснай рэдакцыяй Канстытуцыі нашай краіны.
Другая ж частка мерапрыемства адбылася ў фармаце спаборніцтва, а менавіта, у выглядзе мультымедыйнай гульні, адказваючы на складаныя і не вельмі пытанні якой, школьнікі змаглі лепш засвоіць пачуты матэрыял.
(сакавік 2023 года)
Выстава карцін Мікалая Канстанцінавіча Рэрыха "Прыстанак святла" праходзіць ў нашым музеі. Рэпрадукцыі твораў выдатнага мастака прадставілі для экспанавання супрацоўнікі РГА "Беларускі фонд Рэрыхаў".
Творчасць Мікалай Рэрыха - выключная з'ява ў гісторыі сусветнага мастацтва. Яго мастацкія палотны прывабныя своеасаблівасцю тэм і сюжэтаў, іх паэтычнасцю і таемнасцю, свабодай мыслення і глыбокай сімволікай. Арыгінальныя творы мастака, а іх звыш сямі тысяч палотнаў, разляцеліся па ўсім свеце і знаходзяцца як ў шматлікіх дзяржаўных музеях, так і ў прыватных калекцыях. Самая вялікая калекцыя карцін знаходзіцца ў Маскве ў Міжнародным цэнтры Рэрыхаў.
Сёння жыхары і госці нашага горада атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю таленавітага мастака Мікалая Рэрыха. Мы запрашаем вас наведаць выставу, якая будзе працаваць да 10 красавіка 2023 года.